Ксенія Бухарава – дзяўчына, якая іграе на саксафоне!

Герой, а дакладней гераіня нашага сакавіцкага праекта, – уладальніца даволі рэдкай прафесіі — педагог па класе саксафона Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў. Ігры на гэтым даволі арыгінальным і рамантычным духавым інструменце дзяўчына навучае бярэзінскіх дзяцей ужо сёмы месяц.

— Родам я Гомельскай вобласці, з горада Жлобіна. Там скончыла школу і атрымала музычную адукацыю па класе скрыпкі. А вось Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М.А. Рымскага–Корсакава скончыла па спецыльнасці інструментальнае выканальніцтва “аркестровыя духавыя і ўдарныя інструменты”. Я ўдзячна гэтай установе, бо тут за чатыры гады навучылася іграць на саксафоне і адкрыла для сябе цэлы свет дагэтуль нязведанага музычнага мастацтва.
— Саксафон гэта мужчынскі музычны інструмент?
— Так нельга гаварыць. У сучаснай музыцы няма інструментаў асобна для жанчын альбо мужчын. Кожны з нас бачыў жанчыну-піяністку альбо мужчыну за арфай. Ды і хто з маладых дзяўчат не марыў біць барабаннымі палачкамі па барабане? Праўда, авалодаць духавымі інструментамі куды лягчэй прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва: у іх з нараджэння пастаўлена патрэбнае дыханне.
— Значыць, хлапчукам асвоіць саксафон прасцей, чым дзяўчынкам?
— І тут вы памыляецеся, бо для саксафона мала толькі прыродных дадзеных і ідэальнага слыху, патрэбна яшчэ пакарпець над гармоніяй і чысцінёй гуку. А тут, як не дзіўна, выйграюць дзяўчаты, якія бяруць сваёй уседлівасцю і паслухмянасцю. Дарэчы, у нашай групе ў каледжы навучаліся ўсяго дзве дзяўчыны, столькі ж і ў мяне цяпер.
— Але чаму ўсё ж саксафон?
— Віной усяму стаў яго вялікасць выпадак, і я не стала спрачацца з выкладчыкамі каледжа і працягваць справу вялікага скрыпача Паганіні. А палюбіла духавы музычны інструмент. Вы ведаеце, саксафон сканструяваў бельгійскі майстар Адольф Сакс у 1842 годзе для выканання джаза і сучаснай музыкі. Але я веру, што моцнае і поўнае гучанне і пявучы тэмбр інструмента падыходзіць да самых розных жанраў музыкі.
— А ці значыць гэта, што ты хочаш быць падобнай на кагосьці са славутых саксафаністаў?
— Ніяк не, мне куды больш па душы сказаць сваё яркае слова ў валоданні гэтым музычным інструментам, паказаць свету новую манеру ігры і гучання саксафона. Але я пакуль канчаткова не разабралася з планамі на будучае жыццё!
— А работа ў музычнай школе табе падабаецца? Не шкадуеш, што так далёка паехала з роднага дома?
— Вы ведаеце, у мяне была дзіўная сітуацыя. Пасля размеркавання ў Беразіно пачалі паступаць званкі са Жлобіна, запрашалі туды, але я ўжо нічога мяняць не стала. Мне падабаецца камандны, творчы дух нашага калектыву, бясконцая энергія дырэктара Наталлі Сляпцовай, творчае гарэнне вопытных педагогаў і энергетыка маладых спецыялістаў. З імі ніколі не бывае сумна. Ды і мандраж ад выступлення на сцэне хутка заканчваецца, бо нашы канцэрты праходзяць у цёплай і душэўнай абстаноўцы.
— А ці вядомы табе скаргі маладых на сумнае жыццё, адсутнасць рэальных перспектыў развіцця ў малым горадзе і распаўсюджванне розных шкодных звычак?
— Як ні дзіўна, мне гэта зусім невядома. Мне цікава сярод маіх сяброўмузыкантаў, якія здольныя кожнаму падарыць свята. Ды і ў свае 19 гадоў лічу дарэмным на нешта скардзіцца і наракаць. У мяне ж усё яшчэ наперадзе. Упустую гэты шчаслівы час не выкарыстоўваю, вучуся іграць на гітары, збіраюся завочна вучыцца ва ўніверсітэце культуры. Праўда, далейшых канкрэтных планаў па рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу не маю, а усё больш у гэтым спадзяюся на яго вялікасць выпадак.
— Ці запомніцца табе наш гарадок?
— Вядома ж, запомніцца. Я ж тут пачала свой працоўны стаж, знайшла калег і аднадумцаў, паспрабавала сябе ў ролі педагога. Беразіно ў разы меней за мой родны Жлобін, але такі ж размераны і ціхі. У Беразіно мне надзвычай спакойна і я магу да позняй ночы без прыгод гуляць з сябрамі. Не пераборлівая я ў плане ўмоў жыцця: жыву ў арэнднай кватэры з сяброўкай. Адпачываць люблю з сябрамі ў сталіцы.
— Дык прызямліцца ці ўзляцець?
— Вядома, толькі ўзляцець. Зведаць і спазнаць як мага больш, каб сэрца перапаўнялі эмоцыі і каб хапала часу на цікавыя справы. І няхай мяне тата папракае тым, што я не даводжу пачатую справу да канца, мне хочацца як мага больш умець і ведаць, каб пасля выбраць сваё адзінае па душы. Сваім равеснікам раю ў жаданні самаўдасканалення не здавацца, не спрачацца з лёсам, навучыцца ва ўсім радавацца малому і верыць у свае сілы. Тады лёс сам выведзе вас на правільны шлях.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *