Леанід з Ляжына — воін-інтэрнацыяналіст

Сёлета, як і штогод, з асаблівым хваляваннем сустракаў Дзень абаронцаў Айчыны ляснік Бярэзінскага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса Леанід Ванкевіч.

Ён – воін-інтэрнацыяналіст, якому давялося служыць на афганскай зямлі.

Жыве Леанід Іванавіч у вёсцы Ляжына, абслугоўвае абход №4, агульная плошча якога складае 1500 гектараў.

— Мая служба пачыналася ў Паўлаўскай вучэбцы, у Ленінградскай вобласці, — прыгадвае Леанід Іванавіч, — там прайшоў
ваенную падрыхтоўку, потым трапіў у Афганістан. Служыў пад Кундузам, у 149-ым гвардзейскім мотастралковым палку. Тэрмін службы – 2 гады, з 1984 па 1986-ы. У 1986 годзе, менавіта ў гэты дзень – 23 лютага — вярнуўся дадому.

Адразу ж пасля вяртання ў родныя мясціны Леанід Іванавіч уладкаваўся ў мясцовы калгас “Баравіно”, працаваў трактарыстам, а з 1994 года (калі калгас быў расфарміраваны) сцяжынка лёсу прывяла ў Бярэзінскае лясніцтва. Справа лесніка прыйшлася па душы… Гады чатыры таму назад за адказнае служэнне лесу, лясной гаспадарцы Леанід Ванкевіч быў адзначаны ганаровым знакам “20 гадоў бездакорнай службы”.

Усё ў яго жыцці склалася належным чынам. Ёсць любімая справа, сям’я, дзеці, дом. Аднак і з гадамі не забываюцца апаленыя вайной гады маладосці. Асабліва вярэдзяць душу ўспаміны напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прыгадваюцца мінулае, аднапалчане, але дзяліцца перажытымі ваеннымі падзеямі жадання не ўзнікае.

Радуе мірнае цяперашняе жыццё, радуюць дзеці і ўнукі, да якіх наведваюцца разам з жонкай Марынай Генадзьеўнай у госці па некалькі разоў на тыдзень. Добра, што жывуць недалёка, адлегласці зараз – не перашкода, калі ёсць тэхніка.

— Успамінаць перажытае ў Афганістане няпроста, — дадае Леанід Іванавіч. – Аднак я з павагай стаўлюся да гісторыі, часткай якой мы з’яўляемся, таму з задавальненнем прымаю ўдзел у наладжваемых мерапрыемствах, патрыятычным выхаванні моладзі, памятных мітынгах з нагоды вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *