Лепшая падзяка — маскі і вакцынацыя

Урач агульнай практыкі Вольга Елоева і памочнік урача Настасся Собаль працуюць у “чырвонай зоне”

Лета. Спёка. Адпачынак. Многія забыліся пра захаванне нормаў прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Але… COVID-19 нікуды не знік. А наадварот, у цэлым па Беларусі, у тым ліку і ў Бярэзінскім раёне, значна вырасла колькасць хворых…

Дзякуй медыкам!

Калі мы падыходзілі да райбальніцы, тэмпература на вуліцы была каля 35 градусаў па Цэльсію. Нават у цені — спёка і духата. А ўявіце, як адчуваюць сябе медыцынскія работнікі ў спецыяльных касцюмах…

— Пацыентаў значна прыбавілася, — заўважаюць урач агульнай практыкі Вольга Елоева і памочнік урача Настасся Собаль. — Прыём вядзецца ў дзве змены. Складана і фізічна, і маральна. Мы пастаянна працуем у спецыяльных касцюмах. У іх, як у лазні. Таму звяртаемся да бярэзінцаў з просьбай: захоўвайце нормы прафілактыкі і праходзьце вакцынацыю. Для нас гэта — лепшая ўзнагарода!

7-10

— Столькі пацыентаў з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі штодзень да нас паступае, — заўважае галоўны ўрач райбальніцы Крысціна Крук. – Шпіталізуем у медыцынскія ўстановы Мінскай вобласці. Найбольшая колькасць пацыентаў з тэрыторыі Пагосцкага сельвыканкама, вёсак Любушаны, Дулебы, Казлоў Бераг. Статыстыка пужае: назіраецца значны ўздым захворвання… Але, на жаль, многія бярэзінцы не думаюць пра наступствы.

І маладыя

— Калі падчас першай хвалі летась хвароба ў асноўным “біла” па людзях старэйшага ўзросту, то зараз у рэанімацыйнае аддзяленне трапляюць маладыя. Ды і наступствы каранавіруса яшчэ страшней, чым сама хвароба.

Масачны рэжым + вакцынацыя

Каб спыніць пандэмію, нам усім неабходна абавязкова захоўваць масачны рэжым і прайсці вакцынацыю. Вакцынуем на бясплатнай аснове ў працэдурным кабінеце. Папярэдне патрабуецца прайсці агляд урача агульнай практыкі, тэрапеўта. Вакцын дастаткова. Папярэдні запіс не вядзецца. На жаль, не існуе пакуль медыкаментаў, якія ўздзейнічалі б на сам вірус. Вакцынацыя з’яўляецца адзіным эфектыўным спосабам барацьбы з цяжкімі формамі інфекцыі.

Куды звяртацца?

— Як і раней, у райбальніцы раздзелены паток пацыентаў. Для тых, хто звяртаецца на прыём з тэмпературай і прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, арганізаваны асобны ўваход. Прыём пацыентаў з тэмпературай ідзе ў дзве змены (з 8.00 да 18.00, а іншы раз і да 19.00). Ажыццяўляюць яго чатыры ўрачы агульнай практыкі. Тут жа можна здаць аналізы, прайсці флюараграфічнае абследаванне.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *