Лепшыя бярэзінскія галоўныя інжынеры

Хто задае тэмпы жніву?

Гэта пытанне рытарычнае. Вядома ж, механізатары! Але яны з гэтым не пагаджаюцца і дзеляць пачэсныя лаўры з інжынернай службай. Без добрага рамонту і запчастак шмат на жніўным полі не папрацуеш!

Ігар Тарабонда: “Камбайны, як і людзі, клопат пра сябе цэняць”

Дакладна ведае гэта галоўны інжынер УП “АграМАЗ” Ігар Тарабонда. Гэту пасаду ён займае ўжо пятнаццаты год і хвалюецца перад кожным жнівом.
— Сёлета шэсць камбайнаў выехала ў поле даволі позна, як паспелі збожжавыя, дзесьці 1 жніўня, — расказвае Ігар Мікалаевіч. — Трэба было як
мага хутчэй абмалаціць амаль 1791 гектар палеткаў. Задача была з няпростых, але мы справіліся. Не дапусцілі ніводнага дня простою і не пакінулі ў полі ні зярняці. А ўсё таму, што механізатары ў нас — людзі адказныя і вопытныя, ніколі не пакінуць машынны двор, пакуль камбайны не падрамантуюць. Ім нават практычна не спатрэбілася дапамога рабочых мехмайстэрні.
Ды і не забываецца спецыяліст адзначыць мудрасць кіраўніцтва філіяла, якое штогод бярэ на выпрабаванне тэхніку.
— Машыны на адвозцы збожжа — беларускія МАЗы, якія не падвялі нас у адказны час і добра зарэкамендавалі сябе ў беражлівых руках нашых вадзіцеляў, — дадае Ігар Тарабонда.

Мікалай Крук: “Ёсць і мой уклад у брадзецкім караваі!”

Цяжка давялося ў гарачы час і інжынеру ААТ “Брадзец” Мікалаю Круку. Аднак вопыту і сіл хапіла, каб не дапусціць прастояў камбайнаў і машын.
— Нашых людзей падганяць не трэба, яны працаваць умеюць не горш за іншых, — гаворыць Мікалай Міхайлавіч. — Ім толькі і патрабавалася дапамога ў набыцці запчастак. Таму прызнанне заслуг для мяне прыемна, значыць, не дарэмна хваляваўся, матаўся па палях! Ёсць мой уклад у брадзецкім караваі!

Мікалай Трубянок: “Цяжка паверыць, але мы трэцімі ў раёне завяршылі жніво: абмалацілі 1480 гектараў палеткаў!”

Кіраўнік ААТ “Першамайскі” Віктар Аўтухоў загадзя паспеў задаволіць усе заяўкі на набыццё патрэбных запчастак для зернеўборачнай тэхнікі і нават стварыць іх пэўны запас. Галоўны інжынер Мікалай Трубянок і механізатары гэты клопат ацанілі і сталі трэцімі ў раёне па тэмпах жніва.
— Я працую ў гаспадарцы чацвёрты год, — удакладняе Мікалай Мікалаевіч. — Але такога энтузіязму і адказнасці за тэхніку сярод механізатараў не бачыў!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *