Лідзія Кандыбовіч: “Панарама” – газета нумар адзін”

Сёння мы зазірнулі да чарговай пераможцы рэдакцыйнага розыгрышу Лідзіі Кандыбовіч.

— Дзякуй, што зазірнулі да мяне, — зазначае Лідзія Кандыбовіч. — Я прыемна ўражана і здзіўлена. Жадаю газеце і надалей развіцця і росквіту, а калектыву рэдакцыі – творчага настрою, здароўя і аптымізму.

Матуля, бабуля і прабабуля

Нарадзілася Лідзія Арсеньеўна ў Нараўлянскім раёне ў вёсцы Лінаў. А затым з сям’ёй у 1974 годзе пераехала на Бярэзіншчыну.

— Нягледзячы на тое, што родам не з Беразіно, Бярэзіншчына – самы мілы сэрцу куточак на зямлі. Тут мой дом. Тут нарадзіліся дзеткі. Іх у мяне чацвёра! – заўважае Лідзія Арсеньеўна. – Ведаеце, у выхаванні дзетак было галоўным, каб выраслі добрымі, спагадлівымі, міласэрнымі людзьмі. Так і сталася. Ірына працуе настаўніцай пачатковых класаў у другой гарадской школе. Валянціна жыве зараз у Цюмені і таксама настаўнічае – выкладае рускую мову і літаратуру. Святлана працуе загадчыцай ва ўніверсаме ў Мінску. А сын Сяргей скончыў машына-будаўнічы тэхнікум. Працуе газазваршчыкам на заводзе ў Мінску. А яшчэ я шчаслівая бабуля – 6 унукаў і прабабуля – 4 праўнукі. Шчыра прызнаюся, ганаруся сваімі роднымі. Яны – маё шчасце і багацце. Ніколі не забываюць, прыязджаюць, дапамагаюць з хатнімі справамі.

Заўважаю, што ў Лідзіі Арсеньеўны даволі вялікі, але дагледжаны прысядзібны ўчастак. Падрыхтаваны да пасадкі агарод. А дома, на падаконніках, шмат расады.

— Па стане здароўя ўжо не магу сама даглядаць за агародам. Але і не цярплю, калі каля дома непрыбрана, але забруджана А ў агародзе замест садавіны і гародніны – расце трава, — заўважае жанчына. – Было б сорамна за сваю “негаспадарлівасць”. Таму дзеці дапамагаюць з агародам.

“Ударник коммунистического труда”

Лідзія Арсеньеўна адпрацавала шмат гадоў пекарам на харчовым камбінаце. Затым шчыравала швачкай на та-гачаснай швейнай фабрыцы. У жанчыны ёсць і пасведчанне “Ударник коммунистического труда”.

— Я ніколі не баялася працы. Наадварот, работа заўсёды была ў радасць. Таму хацелася быць заўсёды наперадзе. Імкнулася выконваць сваю справу на выдатна, — дадае жанчына. – За працоўнае жыццё нямала грамат, дыпломаў. Але яны не галоўнае. Куды больш значна – павага людзей. Заўсёды хацелася працаваць так, каб не было сорамна перад землякамі.

Сумна – чытаю газету

— Зараз жыву адна. Але, паверце, мне ніколі не бывае сумна. Тэлефануюць дзеці, унукі, праўнукі. З задавальненнем гляджу фільмы па тэлевізары. А самы любімы занятак – знаёмства з чарговым нумарам газеты, — працягвае Лідзія Арсеньеўна. — Выпісваю раёнку даўно. Яшчэ памятаю яе пад назвай “Сцяг Леніна”. Перш-наперш знаёмлюся з матэрыяламі пра адукацыю. Дачушкі ж працуюць настаўнікамі – таму для мяне гэта тэма нумар адзін. Цікавіць і сельскагаспадарчая тэматыка. Як працуюць нашы хлебаробы, жывёлаводы, колькі ўзаралі, на якой тэхніцы, колькі малака надаілі…

Увогуле, выпісваю газет даволі шмат, часта мяняю выданні. Але “Бярэзінскай панараме” ніколі не здраджвала. Бо раёнка – любімая газета. Дзе ж яшчэ прачытаць пра землякоў. Дзякуючы газеце “бываю” на раённых мерапрыемствах, ведаю, як ідуць справы ў раёне. Аддаю перавагу замалёўкам да юбілею працоўных калектываў, да дзён нараджэння бярэзінцаў. Цікаўлюся і хто каго віншуе, што прадае ці купляе…

Радуюся, калі знаходжу матэрыялы пра знаёмых, калег. Вось нядаўна з такой асалодай прачытала і некалькі разоў перачытала артыкул пра Таццяну Уласаву. Мы з ёй разам працавалі на швейнай фабрыцы, таму я добра ведаю гэту жанчыну. І так прыемна, што пра яе “расказала” раёнка. Дзякуй журналістам за такі шыкоўны матэрыял.

З нецярпеннем чакаю артыкулы і пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Добра ведаю Сафію Стасевіч. І заўсёды радуюся, калі пра яе піша раёнка.

Новы колер прыемны

— Заўважаю, як раёнка змяняецца. І гэта радуе! Асабіста мне вельмі спадабаўся новы колер выдання, насычана зялёны, — дадае жанчына. – Ён “прыемны” для вока. Стала больш матэрыялаў у раёнцы пра людзей. І большасць з іх я ведаю. Удвайне прыемна чытаць пра знаёмых. У цэлым усё падабаецца: бо ў газеце закранаюцца актуальныя тэмы.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *