Бярэзінскі майстар сырных спраў

Шкада, што не існуе такога тытула, бо менавіта яго, а не званне майстра-сырароба, заслужыла сваёй працай Раіса Міхайлаўна Аўтуховіч. Мяркуйце самі: вытворчасцю гэтай прадукцыі жанчына пачала займацца роўна 40 гадоў таму назад на старым яшчэ маслазаводзе, які размяшчаўся на Пралетарскай вуліцы. Колькі разоў за гэты час памянялася назва прадпрыемства, колькі тут змянілася кіраўнікоў, адбылося мадэрнізацый – усё гэта адбывалася на яе вачах. Сыры, якія варыла Р.М. Аўтуховіч, без перабольшвання, былі на стале кожнай бярэзінскай сям’і, а колькі жыхароў іншых краін і рэспублік ласаваліся прадукцыяй, вырабленай яе рукамі – і не пералічыць! Нават цяжка сабе ўявіць той аб’ём сыру, які за ўсе 33 гады (!) работы ў якасці майстра-сырароба выпусціла Раіса Міхайлаўна.
Вопыт, веданне справы, трапяткія адносіны да яе (ну, не зварыш сыр без дабаўлення часцінкі сваёй душы!) сталі асновай аўтарытэту Р.М. Аўтуховіч як спецыяліста і чалавека. Такім аўтарытэтам карыстаецца жанчына і сёння, пасля таго, як крыху памяняла свой занятак. Зараз яна – спецыяліст па якасці, прычым адзіны ў Бярэзінскім участку ААТ “Здравушка-мілк”. Так, калі Раіса Міхайлаўна раней працавала з гатовай прадукцыяй гаспадарак – малаком, то цяпер яна кантралюе і сочыць за яго якасцю і клапоціцца аб тым, каб сыравіна паступала на прадпрыемства больш высокім сортам і не ўтрымлівала ў сабе рэчывы, з-за якіх малако становіцца несырапрыдатным. Аўтарытэт яе сярод кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў і работнікаў жывёлагадоўчай галіны неаспрэчваемы.
Шмат станоўчага, цікавага і захапляльнага з жыцця Р.М. Аўтуховіч можна расказаць – яно вельмі насычанае і разнастайнае. Толькі ў адным Раіса Міхайлаўна аказалася чалавекам пастаянным – у сваёй працы. Адзінай на ўсё жыццё.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *