Мамачка – галоўнае слова ў жыцці. Так лічаць у сям’і Путрык-Ермаловіч з Беразіно

У нашай краіне шмат дынастый урачоў, педагогаў, журналістаў… Але, пагадзіцеся, самая велізарная – дынастыя матуль. Напэўна, кожная дзяўчына марыць, што і ў яе праз пэўны час з’явіцца прыгажуня-дачушка, якой яна будзе спяваць калыханку, заплятаць косы, разам рабіць манікюр, хадзіць на шопінг…
У сям’і Путрык-Ермаловіч з Беразіно ёсць вялікая дынастыя матуль. Ніна Пятроўна Путрык і Ганна Васільеўна Ермаловіч – шчаслівыя жонкі, матулі і бабулі. А Дзіна Васільеўна Ермаловіч – любячая і любімая дачушка, жонка і, вядома ж, матуля.

А.П. Царык, Г.В. Ермаловіч, Н.П. Путрык, Д.В. Ермаловіч, П. Ермаловіч.

Мама, мамачка, матуля – для нас гэта самыя дарагія, “цёплыя словы”, — пачынаюць гутарку жанчыны. — Быць матуляй – сапраўднае жаночае шчасце. Усмешкі дзяцей, іх шчаслівыя вочкі — што можа быць даражэй за гэта?!
А гісторыя гэтай сям’і пачыналася амаль 48 гатаму. Тады ў вёсцы Падваложка шчыравала прадаўцом маладзенькая, прыгожанькая Ніна. Жыў у гэтай жа вёсцы статны, мужны Васілій. Лёс-чараўнік звёў іх сцежкі-дарожкі. Сустрэліся. Хутка, праз тры месяцы, і вяселле згулялі! У іх нарадзіліся тры дачушкі – Дзіна, Наталля і Людміла. Усе ўжо “вылецелі” з бацькоўскага гняздзечка, стварылі свае сем’і, нарадзілі дзяцей. Усе шчаслівыя жонкі і матулі!

— Ведаеце, я шматдзетная матуля і бабуля – у нас тры дачушкі і шасцёра ўнукаў, -зазначае Ніна Пятроўна. — Самай старэйшай унучцы ўжо 26 гадоў! Мы з мужам ганарымся нашымі дачушкамі і ўнукамі. Дзяцей імкнуліся выхаваць шчырымі, пра-цавітымі, міласэрнымі людзь-мі. Здаецца, атрымалася! Зараз дапамагаем дачушкам выхоўваць унукаў. Наталля і Людміла жывуць і працуюць у Мінску, а Дзіна – у Беразіно.
Дзіна — галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адказная, складаная праца… Але гэта не замінае, не перашкаджае ёй быць гаспадыняй, любячай і любімай жонкай і адказнай матуляй трэцякласніцы Паліны і гарэзы Алёны, якая ходзіць у дзіцячы садок і не дае сумаваць ні бацькам, ні бабулям з дзядулямі.
— Ці ёсць свае сакрэты ў выхаванні дзяцей?! – перапытвае Дзіна. — Калі дзеці адчуваюць, што бацькі іх любяць, калі яны бачаць, што ў бацькоў паважлівыя адносіны адзін да аднаго, калі дарослыя імкнуцца быць адказнымі, сумленнымі адзін перад адным і перад іншымі людзьмі, міласэрнымі, паказваюць свой станоўчы прыклад, як неабходна дзейнічаць у той альбо іншай сітуацыі — гэта хіба сакрэты? Для мяне сям’я, муж, дзеці заўсёды на першым месцы. Яны маё шчасце, галоўны скарб у жыцці. Муж Яўгеній, з якім мы разам 9 гадоў, надзейная апора!
— А вось, паглядзіце, колькі ўзнагарод, медалёў у майго таты Яўгенія, — дадае маленькая Алёнка. – Ён у нас выратавальнік, а яшчэ спартсмен – гуляе ў валейбол. Я таксама, калі вырасту, буду выратавальнікам, як тата! А яшчэ такой жа прыгожай і стыльнай, як матуля. І, ведаеце, бабулі ў нас таксама прыгажуні!


— Мы бясконца рады, што ў нас такія цудоўныя бабулі і дзядулі! – дадае Дзіна. – Без іх дапамогі, складана было б выхоўваць нашых гарэз. Яны заўсёды гатовы забраць унучак з садка, школы, пазабаўляць іх … Шчаслівая, што ў мяне ёсць такая падтрымка – мая матуля, а яшчэ цудоўная свякроў – Ганна Васільеўна.
— А мы з мужам разам ужо 37 гадоў, — расказвае Г.В. Ермаловіч. – Выхавалі дваіх сыночкаў, а зараз усе разам выхоўваем любімых унукаў. На мой погляд, у гэтым – выхаванні дзетак – і ёсць галоўнае прызванне жанчыны.
У гэтай вялікай сям’і ёсць добрая, сямейная традыцыя — усе святы адзначаць дружна і весела. Збіраецца ўся вялікая сям’я. Абавязкова прыходзіць любімая бабуля, цётка Алена Пятроўна Царык. — Алена – мая родная сястра, — расказвае Ніна Пятроўна. – Ёй ужо 74 гады, але такая актыўная, жвавая, пазітыўная.
— А як жа тут не быць жвавай, калі такія ўнукі-гарэзы?! – дадае Алена Пятроўна. – Яны не даюць нам расслабляцца. Наша Алёнка – дзяўчынка з моцным характарам, і патрэбна вельмі пастарацца, каб ёй дагадзіць.
Усе жанчыны ў сям’і Путрык-Ермаловіч-Царык – выдатныя гаспадыні. З задавальненнем “чаруюць” на кухні, каб парадаваць родных смачнасцямі.
— А самыя смачныя блінчыкі, катлеты, салаты атрымліваюцца ў бабулі Ганны, — гавораць з усмешкай унучкі. – Яна ў нас выдатны повар! Напэўна, ужо штосьці незвычайнае прыгатуе і на Дзень маці.
Так, зараз усе з нецярпеннем чакаюць 14 кастрычніка. Па сакрэце Алёна і Паліна расказалі, што яны ўжо падрыхтавалі матулі і бабулям сюрпрызы. У Дзень маці ўся вялікая сям’я зноў збярэцца разам. Віншаванні, падарункі, ад мужчын — шчырыя словы ўдзячнасці за цудоўных дзяцей, за тое, што іх родныя — сапраўдныя жанчыны, матулі з вялікай літары!
— Напярэдадні свята жадаем усім жанчынам адчуць асалоду мацярынства, — гавораць гаспадыні. — Моцнага здароўя, цудоўнага настрою, шчасця і ўсмешак!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *