“Мандарын” — сямейны бізнес для сямейнага адпачынку

На свяце працы ўладальніка грыль–бара “Мандарын” Антона Нехая ўзнагародзілі за плённую, добрасумленную працу. Самы час пазнаёміцца бліжэй з маладым прадпрымальнікам і даведацца, ці складана адкрыць сваю справу і паспяхова развівацца.

Тры гады

Зазірнём у “Мандарын”! Грыль–бар – упадабанае месца многіх бярэзінцаў. Тут можна смачна падсілкавацца, камфортна адпачыць усёй сям’ёй. Аформлена памяшканне ў яркім аранжавым колеры. На ўваходзе сустракае і само дрэва – мандарын. Заўважаю, што ў грыль-бары даволі шмат наведвальнікаў. У асноўным – падлеткі, моладзь, бацькі з дзецьмі.

– Мы адразу вырашылі, што “Мандарын” будзе месцам сямейнага адпачынку, – расказвае Антон Няхай. – Таму тут пануе цёплая і ўтульная атмасфера, як дома. Мы не абслугоўваем кліентаў у нецвярозым стане. У нас не рэалізуюцца і не будзе ў далейшым спіртных напояў. Таму бацькі без асцярогі адпускаюць да нас дзетак. Ведаюць, што ў “Мандарыне” камфортна і ўтульна. Дарэчы, у пачатку мая нам будзе тры гады.

Што ж прывяло ў бізнес? Я – мясцовы, з Беразіно. Тут жывуць бацькі. І мне падабаецца наш прыгожы горад. Таму хацелася працаваць толькі на радзіме. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі была служба ў арміі. Вярнуўся і паўстала пытанне, дзе працаваць. Па адукацыі я эканаміст. Вырашыў, чаму б не адкрыць штосьц і сваё. Складана. Боязна. Але мяне падтрымалі бацькі. Мы разам прааналізавалі, чаго не хапае ў горадзе. Падалося, што мала месцаў, дзе можна адпачыць з задавальненнем па прымальным кошце. Так узнікла ідэя грыль–бара “Мандарын”.

Назву прыдумалі літаральна перад адкрыццём. Сцены пафарбавалі ў аранжавы колер, падобны да фрукта. Так і ўзнік “Мандарын”.

Разам з бацькамі

Работнікаў Антону шукаць не давялося. Увасаблялі ідэю ў жыццё разам з матуляй Аленай і татам Міхаілам. І так атрымалася, што “Мандарын”, сапраўды, стаў сямейным бізнесам.

– Калі Антон вярнуўся з арміі, быў крыху разгублены, не ведаў дакладна, чым заняцца. Таму мы і падтрымалі яго пачынанне, – расказвае Алена. – Узялі крэдыт на закупку абсталявання. Самае складанае было знайсці памяшканне. На гэта спатрэбілася дзесьці чатыры месяцы. І нарэшце ўдача ўсміхнулася на другім паверсе ў аўтавакзале.

“Мандарын” – сямейная справа. Побач з Антонам працуюць бацькі – Міхаіл і Алена

Першапачаткова разлічвалі на сціплую бургерную, а сёння здзіўляюць разнапланавым меню адпаведна з павевамі часу.

– Я да гэтага шмат гадоў працавала поварам у сістэме адукацыі. Як кажуць, “кухню» ведала. Але ў грыль-бары ж іншае меню: піцы, бургеры, шаўрма… Таму і прыйшлося асвойваць новае. Спачатку было няпроста. А сёння ўжо працуем хутка і зладжана. Кожны ведае адказны ўчастак. Я, да прыкладу, адказваю за шаўрму, “картофель фри”, выпечку, – працягвае Алена.

– А я рыхтую піцы, – дадае Міхаіл. – Яны ў нас смачныя, духмяныя. Для прыгатавання набылі спецыяльныя печы.

– Я ж прымаю заказы, абслугоўваю наведвальнікаў, працую на дастаўцы, – заўважае Антон.
Не так даўно ў “Мандарыне” пачалі рыхтаваць сушы.

Можна ў “Мандарыне” заказаць і дастаўку на дом

– Спачатку сумняваліся, ці будуць запатрабаваны сярод бярэзінцаў. Па першым часе рабілі няшмат, – заўважае Антон. – А затым справа пайшла: і сушы таксама хутка “разлятаюцца”.

Рыхтуе сушы Андрэй Дарожка.

– У чым сакрэт? – пытаемся ў Андрэя. – Неабходна дакладна і бездакорна захоўваць тэхналогію прыгатавання. А яшчэ – выкарыстоўваць толькі свежыя прадукты. Да “Мандарына” працаваў у Мінску, там і асвоіў азы прыгатавання стравы.

Смачныя сушы ад Андрэя Дарожкі

Усё з натуральных прадуктаў

– Чым прывабліваем навед–вальнікаў? Вядома ж, смачнымі стравамі. Наш прынцып: не эканоміць на прадуктах. Таму да нас з задавальненнем прыходзяць і бацькі з дзеткамі, наладжваюць дні нараджэння. Падчас пандэміі наведвальнікаў стала крыху менш! Але на піку папулярнасці – дастаўка, – расказвае Антон.

Марафон дабра

– Удзельнічаем і ў дабрачынных мерапрыемствах. Перад Новым годам далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, – працягвае Антон. – З піцамі завіталі ў шматдзетную сям’ю Белацаркоўскіх з аграгарадка Мікулічы. Дастаўлялі піцы на рэпетыцыі навагодніх дзіцячых прадстаўленняў у раённы цэнтр культуры. Плануем і далей займацца дабрачыннасцю. Кожнае дзіця мае права на свята. А да марафону дабра можаце далучыцца і вы.

Што ў планах?

– Сямейны бізнес плануем развіваць і дарыць людзям яшчэ больш радасці, – заўважае Антон. – У перспектыве – фудтрак – смачнае свята на колах з анімацыяй.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *