Марафон пахудзення Святланы Віннік

– Знайсці свой 1% лёгка, а вось утрымаць – больш складана! – пачала размову чарговая гераіня праекта Святлана Віннік. – Я ж спачатку скінула свае 60 кілаграмаў, а потым снежнай зімой ізноў вярнула 20! Зараз у мяне 52-і памер адзення.

З жанчынай я знаёма даўно, але ў час нашай сустрэчы яна канчаткова ўзяла мяне ў палон сваёй неўміручай энергіяй, адкрытасцю, шчырасцю. Сама гераіня лічыць сябе самай звычайнай, але ці можна назваць звыклым яе падыход да жыццёвых праблем і метады барацьбы з нягодамі?

Як я стала важыць 129 кілаграмаў

– Колькі сябе памятаю, змагаюся з лішняй вагой, – гаворыць Святлана. – У нашай сям’і худых спрадвеку не было і панаваў культ ежы. Як жа інакш? Няўжо дзяўчына не павінна смачна гатаваць і ўмець выпякаць прысмакі. Я і сёння, калі актыўна худзею, сваім любімым мужчынам – мужу і двум сынам – гатую самыя розныя стравы і нават “чарую” над тартамі.

У маладосці жанчыне ўдавалася кантраляваць сваю вагу. Аднак потым яна выйшла замуж і адзін за адным нарадзіла двух сыноў.

– З нараджэннем першынца рэзка набрала дваццаць кілаграмаў, а пасля другога – яшчэ дваццаць, – расказвае Святлана. – Так мая вага дасягнула ўжо 109 кілаграмаў. Па першым часе ў віхуры бацькоўскіх і сямейных клопатаў яны амаль не адчуваліся. Аднак дзесяць гадоў таму на фоне лячэння анкалагічнай хваробы “прыйшлі” яшчэ дваццаць кілаграмаў. Так я стала важыць 129 кілаграмаў!

Сёння аб гэтым жанчына гаворыць спакойна і ўзважана, але тады яна рэальна адчувала ўвесь цяжар лішніх кілаграмаў. Прыйшла аддышка, якая не дазваляла лёгка рухацца і ўздымацца на высокі паверх, замест аблягаючых і яркіх сукенак давялося насіць “балахоны” і чорнае адзенне.

Усё пачалося са “Свадебного размера”

– Усё ў мяне змянілася і літаральна перавярнулася, калі аднойчы паглядзела расійскую тэлеперадачу “Свадебный размер”, дзе жаніх і нявеста да вяселля змяншалі сваю вагу да сарака кілаграмаў кожны, – дзеліцца жанчына. – Сёння я ўжо разумею, што гэта практычна рэкламны трук і нерэальна, тым больш, што вага зноў вернецца да герояў перадачы. А тады мае вочы загарэліся: а чаму і мне не аб’явіць вайну атлусценню?!

А такой Святлана была яшчэ тры гады таму, на выпускным балі старэйшага сына Міхаіла

Цалкам пераканала мяне ў гэтым і кніга дыетолага Маргарыты Каралёвай “Лёгкий путь к стройности”, у якой аўтар даступна і наглядна данесла свае прынцыпы пахудзення чытачу, дзе арганічна мяжуюцца ўмеранасць у ежы і пасільныя фізічныя нагрузкі. З яе парад у доме Віннік надзейна пасяліліся на кухні вагі і табліца каларыйнасці ежы, а ў паўсядзённыя планы гаспадыні прыйшлі разгрузачныя дні і пешыя прагулкі.

– Першыя вынікі з’явіліся ўжо праз паўгода, а праз год я апранала сукенку 48 памеру, бо скінула амаль 60 кілаграмаў! – прызнаецца Святлана. – Разам з гэтым нешта змянілася ў маім характары, – дабавіліся новыя фарбы і я адчула смак жыцця.

Праўда, не ўсе на “ўра” ўспрынялі новы воблік Святланы. Так, сяброўкі пэўны час даймалі жанчыну, яны ніяк не хацелі верыць, што тая пахудзела без прадуктаў ад замежных вытворцаў. Ды і матуля была сур’ёзна занепакоена станам здароўя дачкі і не раз прасіла спыніцца на вазе ў 100 кілаграмаў, каб не дапусціць рэцыдыву хваробы.

– Я таксама крыху перажывала, пакуль не прыйшла да высновы, што злаякасныя клеткі харчуюцца цукрам, – лічыць Святлана.

– Ды і лечачы ўрач станоўча ўспрыняў маё захапленне. Прадукты звычайныя, прагулкі – двойчы на дзень Цяпер жанчына харчуецца па пяць-шэсць разоў невялікімі порцыямі штодзень, а яе «разумны» гадзіннік паказвае часта звыш пятнаццаці тысяч крокаў.

Спорт яшчэ трывала не ўвайшоў у лад жыцця Святланы. Але яна можа пры жаданні і на трэнажорах пазаймацца

– Здараецца, што і болей, – гаворыць жанчына, – за дзень у мяне бывае і па тры прагулкі. Я ж цяпер не працую і магу да дзесяці гадзін раніцы інтэнсіўнай хадой ужо і 8 тысяч крокаў зрабіць. Маршрут у мяне звычайны: возера – будынак міліцыі — Дом гандлю – царква – аптэка — вакзал. І так па некалькі разоў. Вядома ж, прасторы не хапае, ды і людзі глядзяць на мяне з пэўным здзіўленнем. Можа пасля вашага артыкула яно знікне?!

Таксама ўвайшоў у звычку сям’і Віннік вячэрні праменад. Цяпер Святлана з мужам Сяргеем пасля вячэры кожны дзень гуляюць па горадзе.

– Муж у мяне надзейны і верны ва ўсім, — гаворыць Святлана. – З ім разам мы ўжо не адзін пуд солі з’елі, не адну праблему вырашылі і сваіх пачуццяў адзін да аднаго ў віхуры жыцця не страцілі. Ён, дарэчы, ніколі мяне лішняй вагой не папракаў. Таму загадзя папярэджваю жанчын, што жадаюць пахудзець для сваіх каханых. Гэта дрэнная матывацыя, бо нас любяць не за стройнасць, а за прыгажосць душы.

Дзе чэрпаць матывацыю?

Сама жанчына адкрыта свету і людзям, не стамляецца шукаць у сабе новае і заўсёды ідзе наперад у любой справе.

– Я займаюся вышываннем і ўжо дасягнула ў гэтым відзе дзейнасці пэўных вышынь – асвоіла вышыўку па чорнай канве, — гаворыць Святлана, — а гэта лічыцца вышэйшым пілатажам сярод вышывальшчыц. А нядаўна ў мяне з’явілася новае захапленне — рыбалка. Разам з мужам вудзім рыбу на ўчастку ракі па вуліцы Юбілейнай горада. Улоў у нас пакуль сціплы – катам на вячэру хопіць, але задавальненне атрымліваем каласальнае!

Святлана пераканана — наперадзе ў яе шмат цікавага і яркага ў жыцці. Аднак перад важнай сустрэчай абавязкова трэба вярнуцца ў свой 48 памер адзення, каб яшчэ набрацца сіл, моцы і ўпэўненасці ва ўласных сілах.

ПРАВІЛЫ ПАХУДЗЕННЯ АД СВЯТЛАНЫ ВІННІК

  1. Ніколі не бойцеся пачынаць. Нават калі першая спроба няўдалая. Можа вам пашанцуе скінуць лішнюю вагу ў другі, трэці альбо пяты раз!
  2. Бясконца кожны дзень не станавіцеся на вагі, каб лішні раз не засмучацца альбо не спакушацца на лішні кавалак салодкага, і замест скінутага кілаграма не набраць яшчэ пяць! Кантраляваць вагу трэба адзін раз на тыдзень, лепш — пасля разгрузачных дзён і абавязкова нашча.
  3. Не чакайце хуткіх вынікаў! Вы ж лішнюю вагу набіралі не адзін дзень і не адзін тыдзень. Таму не спадзявайцеся, што яна лёгка вас пакіне.
  4. Каб не сапсаваць сабе настрой і не згубіць матывацыю, стаўце рэальныя задачы. Скінуць за тыдзень можна 1 кілаграм.
  5. Калі вельмі хочацца з’есці лішні кавалак – на здароўе. Але на наступны дзень павялічце фізічную нагрузку і замест звычайных дзесяці тысяч крокаў зрабіце дванаццаць альбо трынаццаць.
  6. Лепшы старт для пахудзення — правільна складзены план. А таксама — вагі на кухні і табліца каларыйнасці ежы.
  7. Худзець трэба з задавальненнем! Нельга, каб працэс навяваў смутак і прымушаў нервавацца. Таму будзьце адкрытыя ўсяму новаму, каб услед за зменай знешнасці ў ваша жыццё прыйшлі станоўчыя перамены! Распрацоўвайце новыя пешыя і веласіпедныя маршруты, пачніце займацца творчасцю альбо больш часу праводзьце ў кампаніі сяброў і сям’і.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ і з уласнага архіва Святланы Віннік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *