Дабрачынная “Ёлка жаданняў” упершыню запаліла агні ў пачатковай школе №1 горада Беразіно

Дабрачынная “Ёлка жаданняў” упершыню запаліла свае агні ў пачатковай школе №1 горада. Тут, як высветлілася, навучаецца і выхоўваецца самая вялікая колькасць дзяцей з мнагадзетных, няпоўных і прыёмных сем’яў у раёне.

Вучні пачатковай школы №1 разам з Ірынай Дубовік каля “Ёлкі жаданняў”

— Для дзяцей Новы год — час цудаў, калі збываюцца самыя патаемныя мары, і дапамагла ў гэтым дабрачынная акцыя “Ёлка жаданняў”, — расказвае спе-цыяліст раённага аддзела Беларускага аб’яднання Чырвонага крыжа Ірына Дубовік, — бо за кожным дзіцячым лістом — няпросты дзіцячы лёс. Таму іх лісты з асаблівай акуратнасцю былі разабраны актывістамі валанцёрскай групы “Ад сэрца да сэрца” — і ўсе пажаданні выкананы.


Так, навагоднія падарункі атрымалі шматдзетныя сем’і Зіневіч, Рыбкіных і Благародных, а ахвяравалі ім цацкі, прысмакі і кніжкі добрыя людзі Анжэла Зяньковіч і Алена Кабозева.

Навагоднія падарункі атрымлівае ад казачных персанажаў і Ірыны Дубовік дзяўчынка Вікторыя

Актывісты–валанцёры Іна і Настасся Чорныя пераапранутыя ў касцюмы Дзядоў Марозаў напярэдадні Ражства ўручылі падарункі хворай дзяўчынцы Вікторыі, якая знаходзіцца на апецы. Яна атрымала вопратку, мяккую цацку і шакалад, але больш за ўсё Вікторыя дзякавала казачным персанажам за размалёўку. Дзяўчынка вельмі любіць маляваць.
У захапленні ад падарункаў была не толькі дзяўчынка, але і яе бабуля, якая шчыра дзякавала валанцёрам за святочную атмасферу і сапраўдную навагоднюю казку.
Не забыліся валанцёры перад Калядамі павіншаваць адзінокіх састарэлых людзей, якія знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы. Так, не засталася без іх увагі просьба Ніны Сушчэўскай, якая прасіла дапамагчы з цёплымі рэчамі. Жанчына хварэе і знаходзіцца ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дулебы.
— Дарэчы, валанцёры ўручылі 78 чалавекам падарункі да Новага года і Каляд, — расказвае Ірына Леанідаўна, — і пастараліся дапамагчы ўсім, хто меў у гэтым патрэбу. А завяршылася наша дабрачынная “Ёлка жаданняў” 15 студзеня. У гэты дзень мы віншавалі з днём нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Паліну Шаўцову. Няхай гэтак жа, з нашымі шчырымі словамі пажаданняў ён адзначыць і стагадовы юбілей.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *