Марыя Цэдрык: “Каб пандэмія скончылася, неабходна кожнаму прыкласці максімум намаганняў”

У Бярэзінскай ЦРБ ужо амаль месяц працуе шпіталь. Тут праходзяць лячэнне хворыя, у якіх пацверджана каранавірусная інфекцыя, з сімптомамі COVID-19. Пацыентаў прымаюць тры інфекцыйныя аддзяленні. У чым спецыфіка работы інфекцыйнага аддзялення, з якімі сімптомамі туды паступаюць пацыенты, якога ўзросту, ды і ўвогуле, пра прафілактыку каранавіруснай інфекцыі мы пагутарылі з урачом-інфекцыяністам аднаго з інфекцыйных аддзяленняў Марыяй Цэдрык.

— Так хочацца, каб “карона” як мага хутчэй прайшла! Каб мы зноў вярнуліся да звычайнага, нармальнага ладу жыцця! А для гэтага кожны з нас павінен прыкласці максімум намаганняў: насіць маскі, старанна мыць рукі, захоўваць сацыяльнае дыстанцыянаванне

— Марыя Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, як наладжана работа інфекцыйнага аддзялення?

— Увогуле, у нас ЦРБ зараз падзелена на “зялёную” і “чырвоную” зоны. “Чырвоныя” зоны аддзяляюць спецыяльныя шлюзы. Я працую ў “чырвонай” зоне – гэта трэцяе інфекцыйнае аддзяленне. Туды могуць уваходзіць толькі медыцынскія работнікі ў спецыяльнай уніформе (камбінезоны, маскі, шапачкі, рэспіратары, бахілы, пальчаткі, нарукаўнікі, фартухі). Выходзім з “чырвонай” зоны праз асобны выхад, дзе распранаем “уніформу”, апрацоўваем сябе дэзынфіцыруючымі сродкамі. Кожныя тры-чатыры гадзіны мяняем сродкі індывідуальнай аховы. Нагадаю, што ўваходы ў “чырвоныя” зоны пазначаны чырвонай лініяй. І там могуць працаваць медыцынскія работнікі толькі ў сродках індывідуальнай аховы. Наша аддзяленне разлічана на 20 коек. Зараз адзначаецца рост захворвання.

— А з якімі сімптомамі паступаюць да вас пацыенты?

— Павышаная тэмпература цела, сухі кашаль, аддышка, патлівасць, адсутнасць нюху, смаку, галаўны боль…

— А якога, у асноўным, узросту пацыенты?

— Стацыянарнае лячэнне ад каранавіруснай інфекцыі ў маім аддзяленні, у асноўным, праходзяць людзі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Узрост — ад 50 да 80. Але гэта не значыць, што больш маладыя людзі не хварэюць. Многа хто лечыцца на даму, амбулаторна. Калі, да прыкладу, “карона” праходзіць як звычайная прастуда і няма ўскладненняў (пнеўманіі, альбо яна ў лёгкай форме). Людзі хварэюць і звычайнымі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Часам адзін вірус наслойваецца на іншы, і мы фіксуем мікст, або змешванне інфекцый.

— Як працякае хвароба?

— У кожнага па –рознаму. Калі ў чалавека ёсць спадарожныя захворванні: той жа цукровы дыябет ці праблемы з сэрцам — хвароба можа працякаць некалькі складаней. На жаль, фіксуюцца і паўторныя выпадкі захворвання на «карону»: магчыма, у першую хвалю чалавек перахварэў лёгка, і ў яго не сфарміраваўся досыць устойлівы імунітэт. Адпаведна, ён па-ранейшаму ў групе рызыкі і можа падхапіць вірус у другі раз. У асноўным, у пацыентаў, якія праходзяць лячэнне ў нашым аддзяленні, – лёгкая альбо сярэдняя ступень цяжкасці захворвання.

— Як падбіраеце лячэнне?

— Зыходзячы з сімптаматыкі, аналіза крыві, флюараграфічнага абследавання, камп’ютарнай тамаграфіі (калі была неабходнасць яе рабіць).

— Колькі праходзіць лячэнне?

— Усё залежыць ад ступені цяжкасці захворвання, на які дзень хваробы паступаюць да нас. Стацыянарнае лячэнне ў асноўным доўжыцца 8-12 дзён. Затым – альбо праходзяць далечванне дома (калі неабходна), альбо напраўляем на рэабілітацыю ў рэабілітацыйны цэнтр “Загор’е”. Магчыма, што чалавек поўнасцю вылечыўся, тады закрываем бальнічны лісток. Паўтаруся, усё індывідуальна.

— Графік работы зараз напружаны?

— Даволі напружаны! Я працую кожны дзень, з панядзелка па пятніцу, у дадатак ёсць яшчэ і дзяжурствы. Але да такога рытму жыцця я ўжо прывыкла. Не люблю сядзець на адным месцы.

— Што б вы параілі ўсім бярэзінцам, якія меры прафілактыкі “кароны” найбольш эфектыўныя на ваш погляд?

— У залежнасці ад таго, які працэнт лёгкіх быў заражаны, у чалавека можа сфарміравацца фіброз лёгкіх. Гэта значыць, лёгачная тканіна разрастаецца ў злучальную структуру і ўжо не можа выконваць сваю асноўную функцыю. Калі прасцей сказаць, лёгкія будуць працаваць не на 100%. Мы прыкладаем усе намаганні, каб рэабілітаваць пацыента, каб працэнт фіброзу быў мінімальны. Але хацелася б, каб чалавек такога выніку пазбег. А для гэтага ён павінен паклапаціцца пра сябе, сваіх блізкіх. А гэта значыць — не ігнараваць масачны рэжым. Так, маска – гэта не 100-працэнтная ахова ад “кароны”. Але дзякуючы ёй, вы не атрымаеце велізарную “дозу” хваробы. Таму, калі ласка, паважаныя бярэзінцы, насіце маскі, дасканала мыйце рукі, апрацоўвайце іх антысептычнымі сродкамі. Звядзіце да мінімуму кантакты. Калі магчыма, не наведвайце пажылых родзічаў. Лепш тэлефануйце ім. Памятайце, што вы можаце быць бессімптомым пераносчыкам “кароны”. У вас будзе добрае самаадчуванне, але вы можаце заразіць кагосьці з блізкіх, родных. Не будзьце  абыякавымі да свайго здароўя, блізкіх, родных, калег.

— Шмат работы, напружаны графік, складаная эпідэміялагіяная сітуацыя… Марыя Уладзіміраўна, вы не расчараваліся, што абралі медыцыну?

— Не! Я з сям’і медыкаў. Тата – хірург, матуля – інфекцыяніст. Таму з дзяцінства я была ўпэўнена, што таксама буду медыкам. У 2015 годзе я скончыла ВНУ. У 2017 годзе я прыступіла да працы ў райбальніцы ўрачом-хірургам. Быў перыяд, калі працавала ўрачом-хірургам ў паліклініцы МУС у Мінску. Але зараз зноў вярнулася ў райбальніцу. Я не расчаравалася, што звязала жыццё з медыцынай, люблю справу, якой займаюся. Так, зараз, падчас пандэміі складаней працаваць. Увесь дзень у сродках індывідуальнай аховы… Але і да супрацьчумных касцюмаў, масак, рэспіратараў…мы ўжо прывыклі. Ды так хочацца, каб “карона” як мага хутчэй прайшла, каб мы зноў вярнуліся да звычайнага, нармальнага ладу жыцця! А для гэтага кожны з нас павінен прыкласці максімум намаганняў.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Марыя Цэдрык: “Каб пандэмія скончылася, неабходна кожнаму прыкласці максімум намаганняў”: 1 комментарий

  • 04.12.2020 в 19:35
    Permalink

    Молодец! Спасибо, доктор!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *