Міжрэгіянальны семінар па ахове працы прайшоў у Беразіно

Аналіз вынікаў работы па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу паказвае, што нягледзячы на дасягнутыя станоўчыя вынікі ў цэлым па галіне, для многіх наймальнікаў пытанні аховы працы не сталі прыярытэтнымі на аднолькавых правах з паказчыкамі вытворчай дзейнасці. У выніку, даводзіцца адзначаць дапускаемыя парушэнні патрабаванняў правіл і норм аховы працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны на ўсіх этапах сельскагаспадарчых работ, у тым ліку ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення масавых палявых работ.

Летась у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 12 і атрымалі цяжкія траўмы 32 працаўнікі сельскай гаспадаркі (у 2019-м – адпаведна 9 і 25 чалавек).

Таму з мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама сумесна з зацікаўленымі службамі напярэдадні масавых сельскагаспадарчых работ для кіраўнікоў (галоўных інжынераў), спецыялістаў па ахове працы арганізацый сістэмы АПК і райаграсэрвісаў, упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні арганізуе і праводзіць міжрэгіянальныя семінары па пытаннях захавання патрабаванняў па ахове працы, транспартнай, пажарнай і прамысловай бяспецы ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці.

 

Сёлета ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” ў Мінскай вобласці на 2021-2023 гады, зацверджанага рашэннем абласнога выканаўчага камітэта, правядзенне міжрэгіянальных семінараў на тэму “Бяспека працы пры правядзенні сельскагаспадарчых работ” арганізавана ў гарадах Капыль, Слуцк і Вілейка. А другога сакавіка падобнае мерапрыемства з запрашэннем на яго прадстаўнікоў Барысаўскага, Крупскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў прайшло ў Бярэзінскім раённым цэнтры культуры.

Адкрываючы семінар, начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў і аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Аксана Кавалёва адзначыла, што, нягледзячы на прымаемыя меры, сельская гаспадарка застаецца абсалютным лідарам па траўматызме сярод іншых галін вытворчасці. Але нельга дапусціць гібель людзей. Падобныя мерапрыемствы, падкрэсліла Аксана Мікалаеўна, накіраваны на тое, каб у чарговы раз абмеркаваць пытанні захавання бяспечных умоў працы і атрымаць неабходную кансультацыю па тым ці іншым пытанні.

Напачатку выконваючая абавязкі першага намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта –начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Карына Аруцюнян пазнаёміла прысутных з работай прадпрыемстваў АПК Бярэзіншчыны і дасягнутымі за мінулы год вынікамі ў галіне.

Тэмы выступленняў былі разнапланавымі і датычыліся важных аспектаў захавання бяспечных умоў працы. Так аб безаварыйнай рабоце пры абслугоўванні электрыфікаваных механізмаў і перасоўных электрычных машын расказаў намеснік начальніка энергагазінспекцыі філіяла Дзяржэнерганагляду па г. Мінску і Мінскай вобласці Андрэй Ільясевіч. Пра арганізацыю бяспечнай эксплуатацыі сельскагаспадарчых машын паведаміў загадчык сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама.

Да ўвагі ўдзельнікаў семінара былі таксама прадстаўлены даклады спецыялістаў адпаведных абласных службаў па пытаннях адказнасці наймальнікаў за неправядзенне атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы, абавязковых медыцынскіх аглядаў, ігнараванне пажарнай і транспартнай бяспекі Імі ж была даведзена інфармацыя аб стане вытворчага траўматызму ў арганізацыях вобласці і агляд змяненняў у заканадаўстве аб ахове працы.

Прысутныя мелі магчымасць абмяняцца вопытам сваёй работы, а таксама пазнаёміцца з выставай сучасных сродкаў індывідуальнай аховы, якая была наладжана ў фае РЦК.

У тэму

Днямі ў ААТ “Бярэзінскі” ў рамках Адзінага дня бяспекі прайшоў семінар, прысвечаны пачатку ў гаспадарках раёна палявых
работ і забеспячэнню патрабаванняў па ахове працы. Перад спецыялістамі гаспадаркі выступілі начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Барауля і галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ірына Бурая.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *