Мнагавектарнасць як лад жыцця

 

Менавіта такой пазіцыі сёння прытрымліваюцца ў калектыве прадпрыемства меліярацыйных сістэм і застаюцца ў выйграшы.

Сапраўды, шмат што памянялася ў ПМС за апошнія пару гадоў. Тут нарэшце выйшлі з фінансавага “мінуса”, з прыбыткам завяршылі 2020 год, пашырылі круг выконваемых работ, паднялі да годнага ўзроўню заработную плату, займаюцца аднаўленнем адпрацаваўшай тэхнікі і набыццём новых тэхнічных сродкаў. Сёння дзейнасць прадпрыемства падзяляецца на тры асноўныя напрамкі – меліярацыя, будаўніцтва і добраўапарадкаванне, сельская гаспадарка.

Меліярацыя

Па-ранейшаму ПМС з’яўляецца адзіным у раёне калектывам, які займаецца гэтым відам работ. Аб’ёмы іх апошнім часам скарачаюцца, што прымушае меліяратараў шукаць аб’екты па-за межамі Бярэзіншчыны. Так, зараз вядуцца работы на трох аб’ектах Крупскага раёна, акрамя таго, завяршаюцца работы па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Сцяг Кастрычніка” Бярэзінскага райаграсэрвіса (яго здача запланавана на чэрвень) і распачынаецца рэканструкцыя фермы “Манча”. Аб’ёмы работ тут значныя, іх выкананне разлічана на паўтара года. Не здымаюцца з парадку дня калектыву і традыцыйныя эксплуатацыя, абслугорўванне і тэхнічны догляд меліярацыйных сістэм і асобных гідратэхнічных збудаванняў, размешчаных на тэрыторыі раёна.

Будаўніцтва і добраўпарадкаванне

Яно не з’яўляецца новым відам дзейнасці для меліяратараў. Колькі іх намаганнямі ў 80-ыя гады было ўзведзена ў горадзе шматпавярховікаў, утульных сядзібных дамоў па вуліцы М. Рамановіч для сваіх работнікаў – цэлы мікрараён! Сёння будаўніцтва з незаслужана забытага майстэрства становіцца яшчэ адным напрамкам прыкладання сіл і магчымасцю папоўніць сваю скарбонку дадатковымі сродкамі. Аб’ёмы выконваемых работ пакуль нязначныя – мінулагодняе добраўпарадкаванне аднаго з новых жылых мікрараёнаў г. Барысава, рамонт кабінетаў у будынку райвыканкама, які вядзецца зараз. А вось наступны аб’ект ужо больш важкі: галаўное прадпрыемства ПМС, аб’яднанне “Мінскмеліяводгас”, выйграла тэндар на рамонт будынка раённай бібліятэкі і даручыла выканаць яго нашым спецыялістам.

Сельская гаспадарка Гэта зноў жа не новы фронт прыкладання намаганняў, бо і раней ПМС аказваў аграрыям немалую дапамогу. Але на гэты раз меліяратары вырашылі самі займацца вырошчваннем збажыны і гадоўляй буйной рагатай жывёлы і ўтварылі дачэрняе прадпрыемства “Мацевічы-агра”. Што ж увайшло ў яго? Гэта, па-першае, два надзелы зямлі ў межах вёсак Васільеўка і Аўгустова агульнай плошчай да тысячы гектараў. Чатырыста з іх занялі азімыя і яравыя збожжавыя, на астатняй плошчы пасеяны проса і травы, да першага ўкосу якіх тут неўзабаве прыступяць.

Такім чынам будзе стварацца і закладвацца кармавая база для жывёлы. А яе па першым часе плануюць утрымліваць 150 галоў. Бычкоў будуць закупляць у гаспадарках раёна і дарошчваць да выхаду ў памяшканні былой Мацевіцкай малочнатаварнай фермы. Тут пачаты рамонтныя работы, кармацэх пераабсталёўваецца не толькі пад утрыманне БРЖ, але і з разлікам на тое, каб мінімізаваць выкарыстанне ручной працы. Пакуль што аб расстаноўцы тут жывёлы гаворка не ідзе, гэта справа недалёкай перспектывы і не аднаго дня. Але калі ёсць мэта і канкрэтная задача, працоўны запал, вырашыць іх рэальна.

Быць на плаву

— Займацца толькі адной вытворчасцю і не ствараць сабе перспектыў для развіцця сёння не модна і не рэальна: можна патануць у фінансавых стратах і адсутнасці аб’ёмаў работы. Мы самі павінны шукаць рынак працы і прапаноўваць свае паслугі ў тых галінах, дзе гэта рэальна, зарабляць грошы не толькі ад асноўнай вытворчасці. Так, гэта зусім няпроста, бо патрабуюцца дадатковыя веды, ліцэнзіі на выкананне тых ці іншых работ, падлік сваіх магчымасцей, перш чым падаць заяўку на ўдзел у тэндары. Ды і сам рынак трэба заваёўваць, без бою яго ніхто не аддае, — расказвае галоўны інжынер ПМС Андрэй Мурашка.

Мы пайшлі на гэты крок, ступілі на гэтую сцяжынку. Штосьці ўжо ажыццёўлена, штосьці яшчэ ў стадыі распрацоўкі і вырашэння. Дарэчы, будаўнічыя работы і рамонт фермы мы выконваем не ва ўрон асноўнай дзейнасці і без павелічэння штатнай колькасці работнікаў. Яны, дарэчы, да новаўвядзенняў ставяцца станоўча, бо бачаць не нейкую аддаленую перспектыву, а ўжо сёння адчуваюць канкрэтны вынік: прадпрыемства працуе з прыбыткам, стабілізавалася, расце заработная плата, адчуваецца запатрабаванасць кожнага на сваім рабочым месцы, што ў канчатковым выніку і стварае агульны поспех калектыву.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *