Свята для ветэранаў арганізавалі на Бярэзіншчыне

Сапраўднае свята арганізавалі спецыялісты ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр культуры” сумесна з калектывам мастацкай самадзейнасці аўтаклуба напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі для ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Сафіі Стасевіч, работніцы тылу Ганны Собаль, вязняў Паліны Шаўцовай і Галіны Шмэрка.

Гучаць песні ваенных гадоў у выкананні М. Хаметшынай, Г. Гоцмана, Л. Пінчук, М. Папругі

Песні ваенных гадоў гучалі пад іх вокнамі, абуджаючы ўспаміны.
— Вельмі прыемна, што нас не забылі, — гаварыла Ганна Собаль. — Як жа добра вы гэта прыдумалі!


Разам з дачкой Валянцінай, якая дапамагла матулі падрыхтавацца на падворку да канцэрта, з радасцю і хваляваннем яна слухала песні сваёй маладосці.
На лавачцы каля сваёй хаты, што па вуліцы Першамайскай горада, прымала гасцей і Паліна Шаўцова. Да яе, таксама ў гэты ж дзень, наведаліся з віншаваннямі і падарункамі актывісты раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа на чале з Ірынай Дубовік.

Спецыяліст раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа Ірына Дубовік з кветкамі і падарункамі віншуе Паліну Шаўцову

Са слязамі на вачах сустракала артыстаў і Галіна Шмэрка, якая жыве на трэцім паверсе дома па вуліцы Перамогі (і гэта таксама сімвалічна!). Галіна Ягораўна, напэўна, доўга не магла паверыць, што канцэрт арганізаваны менавіта ў яе гонар. Канечне, радасць разам з ёй раздзялілі і сваякі, і суседзі, і проста праходзячыя міма гараджане, якія на гэтыя імгненні далучыліся да канцэртнай праграмы, забыўшыся пра свае справы.


Доўга не хацела адпускаць ад сябе артыстаў і ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Сафія Стасевіч. Яна і сама падпявала, і нават расказвала вершы на ваенную тэматыку. Для яе таксама спявалі Любоў Пінчук, Маргарыта Хаметшына, Генадзь Гоцман і знакаміты гарманіст Міхась Папруга. Яго гармонік не стамляўся акампанаваць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *