Мясцовая ўлада ў дзеянні. Бярэзінцы звярталіся: што зроблена

Так сёння выглядае вуліца Камуністычная ў горадзе Беразіно

Жыхар горада выказаў незадавальненне станам вуліцы Камуністычнай, дзе ён пражывае. Пенсіянер Іосіф Вішнеўскі паскардзіўся, што раней, асабліва пасля дажджу, па дарозе немагчыма было праехаць. У сухое надвор’е жыхары задыхаліся ад пылу, што ляцеў з праезнай часткі, пасля ападкаў – патаналі ў гразі. А ўсё таму, што дарога была не заасфальтавана. Праблемнае пытанне неаднойчы гучала і раней. І спробы выправіць сітуацыю рабіліся. Летась на Камуністычнай была праведзена падсыпка гравіем, а сёлета вуліца ўвогуле змяніла знешні выгляд за кошт асфальтавага пакрыцця.
Дарэчы, Камуністычная першай прэтэндавала на бягучы рамонт сярод вуліц горада Беразіно і Бярэзінскага раёна згодна з пералікам чарговасці работ па будаўніцтве, рамонце жылога фонду, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, дарог, добраўпарадкаванні населеных пунктаў горада Беразіно і Бярэзінскага раёна, апублікаваным на старонках нашай газеты за 8 лютага 2020 года. А вызначаюцца чарговасць і тэрміны рамонту зыходзячы са зваротаў грамадзян і аналізу існуючай сітуацыі.
— Радуюць утульнасць і камфорт, якія прыносіць з сабой добраўпарадкаванне, — падзяліўся жыхар вуліцы Камуністычнай Мікалай Букаты. – Жывём тут з жонкай Зінаідай ужо больш за сорак гадоў. Столькі ж наводзім парадак, каб кожны лапік зямлі быў дагледжаным.
Прычым даводзяць да ладу гаспадары не толькі ўласны падворак, а і прысядзібную тэрыторыю, і прылеглыя да домаўладання ўчасткі.
— Вось зараз якраз збіраюся ехаць за бетоннымі слупамі. Планую з дапамогай іх адгарадзіць знадворную тэрыторыю ад праезнай часткі. Пасля ўласнаручна з жонкай упрыгожым яе кветкавымі кампазіцыямі і малымі архітэктурнымі формамі. І самім прыемна будзе, і прахожыя будуць атрымліваць асалоду.
Бясспрэчна, радуе Букатых і новае дарожнае пакрыццё праезнай часткі вуліцы Камуністычнай. Якасць і зручнасць яго яны ўжо адчулі. А хутка, дзякуючы клопату мясцовай улады, усе выгоды камфортнай язды ацэняць жыхары і іншых вуліц.

Алена МУРАЧ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *