На ўсе рукі бярэзінскія майстрыхі

Бывае, што ў спадчыну перадаецца маёмасць, і тады дзеці карыстаюцца набыткам бацькоў. Бывае, што перадаецца схільнасць да прафесіі, і тады ўтвараюцца працоўныя дынастыі. А ў гэтай сям’і ад бабулі да дачкі і ўнучак перадалася любоў да рукадзелля. Аляксандра Пянкрат з вёскі Падваложка ўсё жыццё любіла вышываць. Яе рукамі ўпрыгожана мноства кашуль і рушнікоў у народным стылі, створаны рознакаляровыя посцілкі на сталы і ложкі. Яна гаворыць, што ў свой час заседжвалася за стварэннем новых работ ад раніцы да позняй ночы.

На фота (злева направа): Таццяна Пянкрат, Анастасія Пянкрат, Аляксандра Пянкрат, Вольга Верына, Наталля Верына

Цяпер Аляксандра Трафімаўна рэдка вышывае, бо ад карпатлівай працы падымаецца ціск і баліць галава. Але яе дачка Вольга Верына пераняла эстафету і вяжа на прутках. Стварае яна рэчы, патрэбныя ў паўсядзённым жыцці. Цёплыя шкарпэткі і рукавіцы можа звязаць за адзін вечар, а світар ці камізэльку — за тыдзень. Работы яе не толькі якасныя, але і прыгожыя.
Дачка Вольгі Адамаўны — Наталля, настаўніца біялогіі ў Паплаўскай школе, вышывае бісерам і вяжа кручком. Ёй захацелася ствараць штосьці самой у 12 гадоў, калі яна разглядала часопісы, што выпісвала маці. А некалькі гадоў таму, услед за стрыечнай сястрой, бісерам пачала вышываць мінчанка Анастасія Пянкрат. Але прызванне знайшла ў алмазнай вышыўцы. Гэтым спосабам можна вырабляць прыгожыя і яркія карціны: трэба ўсяго толькі прыклейваць пэўнага колеру стразы на адпаведнага ўзору кальку. Вядома, у нялёгкай справе патрабуецца ўседлівасць, але Анастасіі справа падабаецца. Яна інвалід другой групы, а такі занятак дапамог знайсці аднадумцаў як у рэальным жыцці, так і віртуальнай прасторы, дзе дзяўчына дзеліцца фотаздымкамі сваіх шэдэўраў. У бліжэйшы час сям’я Анастасіі мяркуе стварыць сайт, дзе можна было б выстаўляць вырабы на продаж. Дарэчы, сям’я ўжо прэзентавала работы на нядаўнім свяце майстроў у Марціянаўцы. Акрамя гэтага, Вольга Адамаўна і яе нявестка Таццяна Віктараўна, маці Анастасіі, добра гатуюць. Аднойчы Вольгу Верыну папрасілі нават спячы вясельны каравай. Сям’я прызналася, што любіць спяваць свабоднымі вечарамі. А бабуля Аляксандра Трафімаўна і ўвогуле ўдзельнічала ў сельскай самадзейнасці, калі была маладой. Цяпер падрастае малодшая дачка Вольгі Адамаўны – Люба. Значыць, захапленне народнымі рамёствамі будзе працягвацца ў гэтай сям’і.

Павел САЛАЎЁЎ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *