На Бярэзіншчыне працягваецца нарыхтоўка соку

Ва Ушанскім лясніцтве Руслан Пянкрат – галоўны спецыяліст па нарыхтоўцы бярозавага соку. Тут менавіта ён разам з двума памочнікамі штогод займаецца вясновай сезоннай справай.

– Сёлета збор бярозавіку мы пачалі з 1 красавіка, – гаворыць Руслан Сяргеевіч. – Згодна з планавым заданнем патрэбна нарыхтаваць 100 тон экалагічна чыстай прадукцыі.

Ведае сваю справу Віктар Залан

Тут, на ўшанскіх дзялянках, усё робіцца з захаваннем неабходных тонкасцей тэхналагічнага працэсу. Бо трэба ведаць, якія бярозы лічацца спелымі, каб даваць сок, на якой адлегласці ад каранёў трэба рабіць насечкі і ставіць жа-лабкі… Таму забаронена самастойна збіраць сок жадаючым яго набыць. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясніцтва, атрымаць дазвол, ці, наогул, купіць ужо сабраны – балазе, кошт танны, кожнаму па кішэні.

Каб было зручней працаваць, з гэтай нагоды ляснік прыдбаў мотаблок. На ім (са спецыяльнай бочкай для збору соку) сярод дрэў, па лясных дзялянках, значна лепш рухацца, бо, на жаль, няма ўжо таго белагрывага каня, які на працягу многіх гадоў спраўна служыў лясной гаспадарцы.

Яўгеній Пянкрат з каштоўнай вясновай ношай

У лясную галіну Руслан Пянкрат прыйшоў па волі лёсу. Тут ужо чвэрць стагоддзя працуе яго бацька – Сяргей Рыгоравіч, ён – вадзіцель першага класа; тут шчыруе і родны дзядзька — Яўгеній Рыгоравіч, дачка якога (Юлія) таксама абрала лясную справу.

– Паралельна са зборам бярозавага соку займаемся і пасадкай саджанцаў, – гаворыць майстар лесу Ушанскага лясніцтва Аляксандр Хадаронак.

Рады вясновым клопатам майстар лесу Ушанскага лясніц-тва Аляксандр Хадаронак, бо рух соку, як і наогул рух — гэта ў жыцці галоўнае

Дарэчы, на яго плячах – клопат аб двух майстарскіх участках. Некалі ён сам гадоў 5 займаўся зборам бярозавіку, працаваў вальшчыкам і лесніком, і вось ужо 9 гадоў – на пасадзе майстра лесу, больш адказнасці, больш патрабаванняў.

– Дарэчы, сёлета нам трэба пасадзіць саджанцы на плошчы ў 35 гектараў, – дадае Аляксандр Сяргеевіч. – А нарыхтоўкай соку будзем займацца, напэўна, яшчэ не адзін тыдзень. Бо кожнаму спецыялісту вядома, што калі сярэднясутачная тэмпература не перавысіць 10 градусаў цяпла, а ўначы абыдзецца без замаразкаў, рух соку захаваецца яшчэ надоўга.

Сок з цукеркамі (рэцэпт бярозавага соку ад памочніка ляснічага Ушанскага лясніцтва Крысціны САВІЧ) На 3 літры бярозавага соку бяром 100 грамаў цукру, 5-6 цукерак (ледзянцы “барбарыскі” ці “дзюшэс”), 0,5 чайнай лыжкі лімоннай кіслаты. Сок не патрэбна даводзіць да кіпення, досыць да з’яўлення пены. У гэтым выпадку вы зможаце захаваць карысныя ўласцівасці бярозавіку. Пену належыць зняць, а ў нагрэты сок дабавіць цукар і крышачку лімоннай кіслаты.

У падрыхтаваныя стэрылізаваныя слоікі пакласці цукеркі-ледзянцы. Вадкасць разліць па слоіках, закатаць, перавярнуць уніз крышкай ці, дакладней, горлачкам, укрыць і пакінуць да астывання.

Алена ГРОМАВА. Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *