На Бярэзіншчыне рэалізуецца Міжнародны праект “YES”

На Бярэзіншчыне рэалізоўваецца Міжнародны праект “Yes” рэлігійнай місіі “Карытас” Мінска-Магілёўскай архіепархіі. Што ён сабой уяўляе, якія яго галоўныя мэты, хто можа далучыцца, куды звяртацца, калі ёсць жаданне прыняць удзел у праекце? Аб гэтым мы пагутарылі менеджарам праекта “Yes” Людмілай Гур.
— Людміла, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой праект “YES”?
— Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас-Беларусь” сумесна з партнёрамі з Германіі і Аўстрыі ў 2020 годзе пачало рэалізацыю Міжнароднага гуманітарнага дабрачыннага праекта “YES”. Яго асноўная задача — павышэнне ўзроўню жыцця маладых людзей Беларусі ва ўзросце 18-35 гадоў. Адным словам, мы хочам падтрымаць моладзь, даць ёй шанц на развіццё ўласнай справы.
Асновай праекта стаў шырокі вопыт аўстрыйскай арганізацыі “Карытас” у галіне прадастаўлення паслуг для людзей, якія шукаюць працу з аднаго боку, і вопыт мясцовых партнёраў праекта “YES” — з другога. У Мінскай вобласці праект будзе рэалізаваны на тэрыторыі Крупскага і Бярэзінскага раёнаў.
Мы лічым, што будучыня — за ініцыятыўнымі маладымі людзьмі. Самае простае — скончыць універсітэт, уладкавацца на працу, але было б цікава стварыць нешта для сябе.
І для гэтага не трэба ехаць кудысьці далёка. Неабходна агледзецца і вырашыць, што можна зрабіць карыснага там, дзе жывеш: у гэтай краіне, у гэтым горадзе, у роднай вёсцы.
Пагадзіцеся, часта тое, што ты проста даеш чалавеку ў рукі, не заўсёды ратуе сітуацыю. Тут вельмі дарэчная прымаўка: «Часам трэба даць не рыбу, а вуду». Каб дапамагчы — неабходна даць магчымасць. Адной з такіх магчымасцей на еўрапейскай прасторы і стаў праект “YES”. Любая справа пачынаецца з пытання: «Чым я магу быць карысным тут?» З гэтага зараджаюцца не толькі ідэі, але і цэлыя пласты эканомікі … Наша задача — навучыць людзей, як зарабляць на жыццё.
— На вырашэнне якіх пытанняў накіраваны праект?
— Праект у той ці іншай ступені закранае тры ўзаемазвязаныя праблемныя пытанні. Першае, праблема беспрацоўя ў маладзёжным асяроддзі з-за адсутнасці дастойнай працы, асабліва ў сельскіх населеных пунтах. Як вырашыць? Аказаць падтрымку маладым людзям у прафарыентацыі і працаўладкаванні, самазанятасці і прадпрымальніцтве. Другое, скарачэнне істотнай розніцы паміж сацыяльна-эканамічным узроўнем жыцця ў сталіцы і сельскіх рэгіёнах. Заўважым, што рэгіёнамі рэалізацыі праекта сталі чатыры з шасці абласцей Беларусі: Віцебская, Мінская, Гродзенская і Гомельская, у якіх сярэдняя заработная плата насельніцтва прыкладна на 25-30% ніжэй, чым у сталіцы. І трэцяе, рэалізацыя мэт у галіне ўстойлівага развіцця ў Беларусі: недахоп канкрэтных мясцовых ініцыятыў, у тым ліку па стварэнні рабочых месцаў.
— Хто можа прымаць удзел у праекце?
— У праекце будуць удзельнічаць 350 маладых людзей ва ўзросце 18-35 гадоў, якія пражываюць на тэрыторыі Крупскага і Бярэзінскага раёнаў. Але гэта не азначае, што калі вы крыху старэй або маладзей пазначанага ўзросту, вы не зможаце прыняць удзел у праекце. Больш за тое, будзе створана пілотная група з ліку школьнікаў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю і жадаюць набыць базавыя веды аб бізнесе, бізнес-планаванні, напісанні і прасоўванні ўласных бізнес-ідэй і стартапаў. Гэта будзе 60 чалавек з абодвух раёнаў.
— Калі будзе адкрыты Рэгіянальны цэнтр сацыяльна-арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва ў Беразіно і Крупках?
— Адкрыццё такога цэнтра ў Крупках і філіяла ў Беразіно запланавана на першую палову лістапада. Ён стане кансультацыйнай пляцоўкай, месцам дапамогі маладым людзям у афармленні неабходнай для адкрыцця бізнесу дакументацыі, месцам правядзення трэнінгаў, работы з бізнес-ідэямі.
У цэнтры жадаючыя змогуць атрымаць неабходную падтрымку. Мы ўжо знайшлі трэнераў. Гэта спецыялісты з педагагічнай, эканамічнай, юрыдычнай адукацыяй, якія маюць досвед адкрыцця і паспяховай працы ў бізнесе. Яны гатовыя кансультаваць юных прадпрымальнікаў. Наладжа-на ўзаемадзеянне з выканаўчымі камітэтамі Крупскага і Бярэзінскага раёнаў, якія зацікаўлены ў гэтым праекце і адкрыты для супрацоўніцтва.
— Хто з’яўляецца партнёрамі праекта ў Беларусі?
— Складана пералічыць усе партнёрскія арганізацыі, але ас-ноўным для нас з’яўляецца ААТ «Белаграпрамбанк», які прадаставіў пляцоўкі для рэалізацыі праекта і распрацаваў праграму банкаўскіх паслуг для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу (Цэнтры Прыцягненне).
— Да прыкладу, я хачу пачаць свой бізнес, але не ведаю як, у мяне ёсць бізнес-ідэі, але я не ведаю, як іх сфармуляваць, рэалізаваць і знайсці падтрымку ў іх прасоўванні… Які план дзеянняў?
— Пачнем з таго, што не трэба баяцца, трэба дзейнічаць. Асноўныя заняткі з моладдзю пачнуцца пасля Новага года. Таму ўжо зараз вы можаце пракансультавацца па гэтым праекце ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Крупскага і Бярэзінскага райвыканкамаў па тэлефонах
(01796) 27-2-55 — г. Крупкі, (01715) 54-6-20 — г. Беразіно.
Мабільная сувязь — 8029 2406078. Адрас электроннай пошты — yes.caritas-minsk@gmail.com.
Не бойцеся, звяртайцеся, дружная каманда праекта “YES” запрашае да супрацоўніцтва і ўдзелу ў мерапрыемствах праекта!

Гутарыла Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *