На Бярэзіншчыне стартавала акцыя “Чысты вадаём”

Штогод, калі толькі сыходзіць снег, становіцца зразумелым, наколькі наша прырода патрабуе падтрымкі і беражлівых, разумных адносін да сябе. Гэта тычыцца ўсяго навакольнага асяроддзя, і берагоў рэк, і вадаёмаў, бо пасля зімы месцы ля вады, дзе звычайна адпачываюць людзі, маляўнічымі назваць цяжка.

Таму таварыства паляўнічых і рыбаловаў напярэдадні адкрыцця масавага сезона актыўнага адпачынку штогод заклікае неабыякавых бярэзінцаў на ўборку прыбярэжных палос.

— Хочацца спадзявацца, што берагі нашых вадаёмаў будуць яшчэ доўга чыстымі, — адзначыў егер Віктар Чаган

— Матываваць грамадскасць заўсёды гатовы ўласным прыкладам, — гаворыць старшыня раённай арганізацыі Генадзій Стральцоў. – А красавік – найлепшы час для правядзення масавай уборкі рыбалоўных угоддзяў.

Гарачай гарбатай частаваў удзельнікаў акцыі егер Міхаіл Яблонскі

Тон акцыі “Чысты вадаём” задалі вучні і настаўнікі Гарэніцкай сярэдняй школы, а працягнулі дабрачынную эстафету вучні і настаўнікі Любушанскай школы. Акрамя іх і егераў, да акцыі далучыліся таксама спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Мы заўсёды ўдзельнічаем у мерапрыемствах экалагічнага накірунку, — гаворыць настаўніца працоўнага навучання Гарэніцкай школы Аксана Аканеева

— Я не ўпершыню прымаю ўдзел у акцыі, — гаворыць сямікласніца Гарэніцкай школы Вікторыя Букатая. – І заўсёды здзіўляюць маштабы засмечанасці. Наогул, я не разумею, як можна адпачыць на прыродзе і не прыбраць пасля сябе смецце. Я не дазваляю сабе нават паперку ад цукеркі кінуць абыдзе. Напэўна, уся справа ў выхаванні з дзяцінства.

— Я не разумею, як можна адпачыць на прыродзе і не прыбраць пасля сябе смецце?! – зазначае сямікласніца Вікторыя Букатая

— Дзеці ў нас актыўныя і з задавальненнем удзельнічаюць у падобных мерапрыемствах, — гаворыць педагог-арганізатар і настаўніца геаграфіі Гарэніцкай школы Анжэла Шынкарэвіч. — Наш дэвіз – “Хто, калі не мы?!”

Дзякуючы экалагічнаму дэсанту добраахвотнікаў, тэрыторыя каля вадасховішчаў у Гарэнічах і Любушанах ачысцілася. Вывезлі не адзін прычэп смецця, а таксама ўсталявалі папераджальны аншлаг “Оставил мусор ты и грязь, не клюнет больше у тебя язь».

— Днямі навялі парадак каля вадаёмаў у Гарэнічах і Любушанах. У планах — уборка тэрыторыі кар’ера і гарадскога пляжа, — дадаў Генадзій Стральцоў. – Дарэчы, акцыя працягваецца да 26 красавіка. Таму жадаючым паўдзельнічаць у ёй можна звярнуцца ў Бярэзінскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў па адрасе: вул. Савецкая, 14А, тэл. – 5-54-89. Наогул, неабыякавыя людзі штодзень могуць самастойна прыехаць у любімыя месцы адпачынку і прыбраць смецце з берагавых ліній.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *