На Бярэзіншчыне стартавала акцыя «Нашы дзеці»

У чацвер на Бярэзіншчыне стартавала навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. З падарункамі, шчырымі словамі віншаванняў завітала да дзетак з карэкцыйна-развіваючага цэнтра старшыня Мінскай абласной арганізацыі прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Апраніч.

Таццяна Валянцінаўна разам са Снягуркай раздала дзеткам салодкія пачастункі, пагутарыла з імі. А яны ў сваю чаргу ўручылі ёй невялікія падарункі, зробленыя сваімі рукамі.

— Сёння вельмі прыемна знаходзіцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання, дзе выхоўваюцца асаблівыя дзеткі, якія кожны раз нам, дарослым, паказваюць, што ў свеце няма нічога немагчымага! Хлопчыкі і дзяўчынкі, пераадольваючы жыццёвыя цяжкасці, робяць незвычайнае. Яны — яскравы прыклад таго, што, нават маючы праблемы са здароўем, можна быць творчымі людзьмі, — гаварыла Таццяна Валянцінаўна.

Невыпадкова, што ў юбілейны, 25 год, акцыі “Нашы дзеці” мы, дарослыя, сёння тут, дзелімся з дзеткамі часцінкай свайго сэрца, свайго цяпла! Я з нецярпеннем чакала сустрэчы! Бо з году ў год уцягваешся ў гэты марафон дабра. І хочацца дарыць цяпло, зараджаць дзетак на тое, каб на працягу года яны дасягалі лепшага, большага, верылі ў казку, прыход Дзядулі Мароза і Снягуркі, спаўненне самых неверагодных жаданняў!

— Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх жыхароў Бярэзіншчыны з надыходзячымі святамі, — дадала падчас інтэрв’ю Таццяна Валянцінаўна. — Жадаю моцнага здароўя! Няхай тое, што было складаным сёлета, знікне пад бой курантаў. Няхай у кожнай сям’і паселяцца дабро, павага, узаемапаразуменне! На Бярэзіншчыне жывуць і працуюць цудоўныя людзі, патрыёты сваёй краіны, любімай Міншчыны! Вы дастойны таго, каб быць шчаслівымі.

Таксама Таццяна Валянцінаўна падзякавала педагогам карэкцыйна-развіваючага цэнтра за міласэрнасць, чуллівасць, дабрыню. І ўручыла падзякі прафсаюзным лідарам, прафесіяналам сваёй справы — Ліліі Гоман і Тамары Несцяровіч (50 гадоў шчыруе ў адной установе!), дырэктару карэкцыйна-развіваючага цэнтра Людміле Чакрыжовай.

Павіншавалі з надыходзячымі святамі дзетак, падзякавалі калектыву цэнтра за працу начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Цітова і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі, спорту і турызму Людміла Толкач.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *