На парадку дня — азімая сяўба

Вопытны механізатар ведае, што ход палявых работ напрамую залежыць ад надвор’я. Ніхто не рызыкне выгнаць трактар у поле, калі ідзе праліўны дождж! Вось і ў гэтым сезоне надвор’е не адзін раз папсавала аграрыям настрой і зблытала ім планы і вясной, і падчас жніва. Надвор‘е ж змясціла і і спрадвечныя тэрміны восеньскіх работ.

Але ж марудзіць з сяўбой азімых нельга. Задачай нумар адзін назваў яе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нядаўняга даклада міністра сельскай гаспадаркі і харчавання і даў даручэнне работнікам сельскай гаспадаркі пасеяць азімыя культуры да 1 кастрычніка. Ці ўправяцца механізатары з вызначанымі тэрмінамі?

У лідарах — «Ома»

У сельгасфіліяле «Ома» плошча пад азімыя культуры займае 587 гектараў. Менш мяркуюць пасеяць толькі ў СУП “Арэшкавічы” – 409 гектараў. А ўсяго ж у раёне азімы збожжавы клін налічвае 13 283 гектары. Нягледзячы на капрызную восень, гаспадаркі Бярэзіншчыны не збаўляюць тэмпаў: на раніцу 29 верасня азімыя зерневыя культуры пасеяны на 46% плошчаў.

У ліку тых, хто мае рэальны намер першымі ў раёне засеяць азімыя палеткі, і механізатары СУП “ОМА”. Тут ужо пасеяны 72 працэнты азімага кліну. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Шагойка, засталося пасеяць культуры менш чым на 30% плошчаў. Тут ужо ўправіліся з палеткамі жыта, пшаніцы, трыцікале і ячменю. Поўным ходам ідзе сяўба кармавых культур разам з жытам.

Галоўны аграном СУП “ОМА” Уладзімір Шагойка

Азімы клін – самы шчодры

– Азімы клін для нашай гаспадаркі, традыцыйна, самы шчодры, – дадае Уладзімір Рыгоравіч, – людзі стараюцца – і работа кіпіць. Зусім крыху засталося да заканчэння азімай сяўбы. Калі ізноў не пачнуцца дажджы, плануем справіцца да 1 кастрычніка.

Сёння на азімай сяўбе ў гаспадарцы задзейнічаны адзін пасяўны агрэгат АППП – 6. За светлавы дзень ён засявае ад 20 і болей гектараў. Шчыруе на ім адзін з вопытных сейбітаў раёна – Валерый Кунавіч. У гаспадарцы ён рупіцца ўсяго другі месяц, а вядомы ўсім па стараннай працы на палетках СУП “Здравушка-агра”.

Увесь азімы клін гаспадаркі пасеяў Валерый Кунавіч

Культура земляробства на вышыні

– У поле мы выехалі яшчэ 25 жніўня, — гаворыць механізатар, – але што зробіш – зачасцілі дажджы? Мы нават праз іх цэлы тыдзень прастаялі без працы.

Працаваць на палетках “Ома” Валерыю Кунавічу – сапраўднае задавальненне.

– Палі тут малаконтурныя і акуратныя, — гаворыць сейбіт, – ды і культура земляробства –адмысловая. Усе палеткі засяваюцца элітай і насеннем першай рэпрадукцыі, выкарыстоўваецца гібрыднае насенне, пад поўную патрэбу ўносяцца мінеральныя тукі і аратыя шчыруюць без агрэхаў. Таму засеяным клінам з яго раўнюткімі барознамі можна не толькі доўга любавацца, але і небеспадстаўна чакаць добрага ўраджаю.

З пастаўленымі задачамі справяцца

Дапамагае Валерыю Кунавічу ў правядзенні пасяўных работ Аляксандр Валасевіч. Ён спраўны механізатар — сёмы сезон працуе ў полі. Цяпер адказвае  за бесперабойную дастаўку пасяўнога матэрыялу..

Мы з Валерыем будзем задзейнічаны яшчэ на самых розных работах, але, бадай, самым адказным этапам з’яўляецца менавіта пасяўная кампанія, – гаворыць механізатар. – Мы разумеем, што ад таго, наколькі эфектыўна напрацуем зараз, залежаць намалоты на жніве-2022.

Як расказвае галоўны аграном, цяпер у сельгасгаспадарцы ідзе нарыхтоўка сіласу, а таксама хімапрацоўка азімага рапсу рэгулятарамі росту. Хутка плануюць убіраць «царыцу палёў» на зерне. Уладзімір Шагойка упэўнены: задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам, будуць выкананы.

За бесперабойную дастаўку насеннага матэрыялу адказвае Аляксандр Валасевіч

 

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *