На сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў падвялі вынікі 2020-га і вызначылі задачы на 2021 год

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця, выкананне бюджэту Бярэзінскага раёна летась і задачы на 2021 абмеркавалі на сумесным пасяджэнні райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло пад кіраўніцтвам Дзяніса Дзішука і Віктара Лашкоўскага.

Са справаздачамі па акрэсленых пытаннях выступілі намеснік старшыні райвыканкама і начальнік фінансавага аддзела.

Аб сацыяльна-эканамічных напрамках развіцця на 2021 год

Павел Сугака, намеснік старшыні райвыканкама:

— Сёлета, як і раней, развіццё эканомікі раёна будзе звязана з забеспячэннем сацыяльнай стабільнасці і росту даходаў насельніцтва. Дзеля гэтага неабходна нарасціць інвестыцыі і павысіць іх эфектыўнасць, а таксама павялічыць даходы ў мясцовы бюджэт.

Павышэнне ўзроўню заработнай платы ў рэальным сектары эканомікі плануецца за кошт росту прадукцыйнасці працы. Рост заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый прадугледжваецца за кошт павышэння памеру базавай стаўкі, правядзення аптымізацыі і развіцця пазабюджэтнай дзейнасці. Прымаемыя меры дазволяць павялічыць даходы бярэзінцаў на 9,2% да мінулагодняга ўзроўню.

Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал прагназуецца на ўзроўні 102%. Паўплываць на гэта павінны развіццё і мадэрнізацыя арганізацый, жыллёвае будаўніцтва, рэалізацыя праграм і праектаў за кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і абласнога бюджэту.

Асноўнымі ж індыкатыўнымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна з’яўляюцца вытворчасць валавой прадукцыі сельскагаспадарчымі арганізацыямі, аб’ём будаўніча-мантажных работ і рознічны тавараабарот. Так, тэмп росту валавой прадукцыі сёлета чакаецца на ўзроўні 103,6%, аб’ёму будаўніча-мантажных работ — 102%. Выкананне апошняга плануецца за кошт будаўніцтва двух шматкватэрных жылых дамоў, зернесушыльнага комплексу ў аграгарадку Любушаны, станцый абезжалезьвання ў сельскай мясцовасці, узвядзення індывідуальнага жылля і яго інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Аб’ём рознічнага тавараабароту прагназуецца на ўзроўні 104,5% за кошт пашырэння гандлёвай сеткі, у тым ліку крам крокавай даступнасці, прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці, пашырэння прадпрымальніцкай ініцыятывы. Выкананне намечанага дапаможа дамагчыся эканамічнага росту і павышэння ўзроўню жыцця бярэзінцаў.

Аб раённым бюджэце на 2021 год

Рыгор Зяневіч, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама:

— Як і ў папярэднія гады, бюджэт раёна захавае сацыяльную накіраванасць. У частцы расходаў першачарговымі застануцца выдаткі на выплату заработнай платы, трансферты насельніцтву, аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, што аказваюцца насельніцтву.

Акрамя таго, абласнымі ўпраўленнямі будуць выдзелены і перададзены ў бюджэт рэгіёна сродкі для пакрыцця расходаў грамадзян на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду, на набыццё абсталявання для ўстаноў культуры, правядзенне капітальнага рамонту ва ўстановах адукацыі, а таксама на мерапрыемствы па прадухіленні інфекцый ва ўстановах аховы здароўя.

Пры фарміраванні бюджэту раёна ўлічаны і выдаткі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў: вулічнае асвятленне, абслугоўванне і рамонт вулічнай дарожнай сеткі, падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый. Усё гэта дазволіць зрабіць жыццё бярэзінцаў яшчэ больш утульным і камфортным.

Завяршылася сумеснае пасяджэнне прыняццем адпаведных рашэнняў па разгледжаных пытаннях.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *