На такіх працаўніках трымаецца зямля брадзецкая

На календары — сярэдзіна лістапада, аднак надвор’е стаіць лагоднае і нічым не нагадвае нам аб будучай зіме. Ды і не спяшаюцца на зімовы спакой работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Брадзец”. Тут і сёння не заціхае гул трактароў на палетках: ідзе ворыва зябліва і вывозіцца салома да фермаў, а на жывёлагадоўчых аб’ектах турбот заўсёды хапае.

— Мы не чакаем першых маразоў і “белых мух”, — расказвае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Крук, — працуем на апярэджанне. Так, сёлета справіліся на выдатна на жніве, ды і корманарыхтоўчую кампанію завяршылі першымі ў раёне. Да кастрычніка заклалі ўсе траншэі кукурузным сіласам, назапасілі больш неабходнага сена і сенажу. У выніку на ўмоўную галаву жывёлы на будучую зімоўку маем па 35 цэнтнераў кармавых адзінак. Галадаць наш статак не будзе, аднак хочацца нам і збожжа намалаціць больш, каб мець сродкі на развіццё гаспадаркі. Таму гэтай восенню пасеяна больш, чым планавалася, азімых культур — 1350 гектараў. Сяўба прайшла ў аптымальныя тэрміны на прадуманых папярэдніках, добрым насеннем і з вялікім механізатарскім стараннем.

Спадзяецца кіраўнік, што ўдача не пакіне ў будучым годзе на збожжавай і кармавой ніве трактарыстаў–машыністаў Віталія Філіповіча, Аляксандра Кнігу, Аляксандра Собаля, Рыгора Кірыновіча, Юрыя Крата і братоў Віталія і Сяргея Аўсянскіх, вадзіцеляў Мікалая Собаля і Сяргея Каханоўскага.

— Прафесіяналізму, адказнасці за даручаную справу, руплівасці і ашчадных адносін да тэхнікі гэтым работнікам не пазычаць, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Працаваць яны гатовы з ранку да змяркання, цяжкай працы не цураюцца і палёгкі сабе не просяць. Не проста бывае з імі ў гарачы час спецыялістам — загадчыцы склада гаруча-змазачных матэрыялаў Ірыне Ермаловіч, галоўнаму інжынеру Мікалаю Круку, галоўнаму энергетыку Уладзіславу Казюку, але разам яны — самыя надзейныя і прафесійныя работнікі, патрабавальнасці і прынцыповасці ў якіх яшчэ трэба павучыцца.

Не падводзяць свайго дырэктара і жывёлаводы. Па выніках работы за студзень – верасень пагалоўе на фермах павялічылася да 1604 галоў, вытворчасць малака памножылася на 11%, а рэалізацыя — больш як на 20%. Надой малака на карову падскочыў з 2548 кілаграмаў у 2019 годзе да 3057 кілаграмаў сёлета. Радуе вяскоўцаў і сярэднядзённы надой, які налічвае зараз звыш 10 кілаграмаў. Штодзень дзяржаве рэалізуецца 6165 кілаграмаў малака. Ды і гэта не мяжа! Так лічаць у гаспадарцы аператары машыннага даення Наталля Гарошка, Вольга Кароль, Алена Алексютовіч.

— Каб мець вялікае малако, адных якасных кармоў і старання даярак недастаткова, — тлумачыць кіраўнік. — Трэба яшчэ вырасціць добрую цялушку і не дапусціць паморку цялят. А ў нас з гэтым поўны парадак — сярэднясутачныя прыбаўленні буйной рагатай жывёлы выйшлі на паказчык у 683 грамы! Ды і цялушкі ў суткі набіраюць вагу амаль у 900 грамаў.

За гэта Аляксандр Мікалаевіч шчыра ўдзячны брыгадзіру вытворчай брыгады ў жывёла-гадоўлі “Гара” Галіне Патапёнак. Цяжка паверыць, але гэта прывабная і абаяльная жанчына ў жывёлагадоўлі ААТ “Брадзец “ амаль 43 гады, дакладна ведае сакрэты вялікага малака і вырошчвання мяса, ды і людзей падабрала ў брыгаду старанных і руплівых — Наталлю Сас, Галіну Кнігу, Анатолія Максімава. Працуюць яны без выхадных і нараканняў на цяжкі сялянскі лёс, а радасць знаходзяць у добрых справах роднай гаспадаркі.

— Паважаныя працаўнікі і ветэраны ААТ “Брадзец”! — гаворыць свайму калектыву Аляксандр Мікалаевіч. — Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці! Праца селяніна заўсёды была нялёгкай, таму і ставяцца да яе з асаблівай павагай і пашанай. Прыродная мудрасць, руплівая праца, стойкасць, цярпенне і, галоўнае, працавітасць – тыя рысы, якія вызначаюць кожнага з працаўнікоў вёскі. Дзякуй вам за любоў да зямлі, адданасць справе, сялянскую мудрасць і працавітыя рукі. Разам з сардэчнымі словамі віншавання прыміце шчырыя пажаданні дастатку ў вашых дамах, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям і словы глыбокай удзячнасці за працу. Здароўя, невычарпальнага натхнення, поспехаў і, вядома, больш багатага і шчодрага наступнага сельскагаспадарчага года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *