Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2021» запрашае!

Сёлетняя фестываль будзе радаваць жахароў і гасцей горада насычанай святочнай праграмай 11 і 12 чэрвеня. Тэма юбілейнай даты знойдзе сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах розных жанраў і накірункаў, цікавых і захапляльных пляцоўках. 

Першы фестывальны дзень пачнецца з падарожжа па старонках фестывальнай гісторыі, якое адбудзецца ў 10 гадзін у выставачным фае Палаца культуры падчас адкрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура”. Праз паўгадзіны у канцэртнай зале пройдзе ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які працягнецца і пасля абеду ўжо у суправаджэнні Нацыянальнаго акадэмічнага канцэртнага аркестру Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Маленькіх гасцей у 12.00 запросіць у цудоўнае падарожжа па матывах беларускіх народных казак Мінскі областны тэатр лялек “Батлейка”, а аматараў мемарыальная скульптуры будуць чакаць у гэты час у Мінскім абласным  краязнаўчым  музеі на персанальнай выставе “Спявак  культуры края” скульптара, уражэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага.

Душэўны і цікавы праект “Асоба эпохі” арганізуе ў гэтым годзе творчую сустрэчу з народнай артысткай Беларусі Анастасіяй Масквіной. Мерапрыемства  адбудзецца ў 15.00 у малой зале Палаца культуры. А ў 17 гадзін на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра пройдзе жартоўны спектакль “На другі дзень сёмухі”.

Урачыстае адкрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі  “Маладзечна – 2021” традыцыйна пройдзе на сцэне летняга Амфітэатра ў 21.30. Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а ў фінале — яркі феерверк у гонар 20-га юбілею праекта.

Другі дзень фестывалю пачнецца з канцэрта акадэмічнай музыкі “У гонар беларускай музычнай будучыні”. Музычная сустрэча пройдзе ў 10.30 у канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ. А ў 11.00 Мінскі абласны драматычны тэатр запросіць ўсіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Проста Мяфа”.

Працягне насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў ІX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”, які пачнецца ў 11.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.

У 14.00 заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры ў аўтарскім праекце “Суразмоўцы” тэлеканала “Беларусь 3”. Мерапрыемства адбудзецца ў зале ўрачыстасцяў Палаца культуры.

Канцэртная зала музычнага каледжа імя М.К.Агінскага у 15 гадзін запросіць гасцей на творчы праект “Сімфанічная рапсодыя”, дзе прагучыць беларуская музыка розных эпох. А для аматараў літаратурнага і музычнага мастацтва ў Малой зале Палаца культуры у 16.00 адкрые дзверы музычна-паэтычная гасцёўня “Святло Радзімы. Радасць Перамогі” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. А ў канцэртнай зале ў 17.00 пачнецца спектакль “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

На канцэрт-закрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” гасцей будуць чакаць у 21.30 у летнім Амфітэатры, дзе яны змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Маладзечна – насустрач шлягерам” з удзелам зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў.

Асаблівым  падарункам трэцяга дня фестывалю стане канцэрт “Прысвячэнне песняру” Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” ў зале Палаца культуры. Праграма будзе прысвечана 80-годдзю заснавальніка ансамбля народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. Пачатак мерапрыемства ў 18.00.


Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:

  • Аўтарскі праект кампазітара Дзмітрыя Лыбіна “Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох”. (Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 13.00);
  • Канцэртная праграма “Музыка беларускіх кампазітараў” народнага духавога аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. (Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 16.00);
  • тэлеперадача “У аб’ектыве” з удзелам творчых асоб Беларусі. (Тэлепраграма “МКТБ” – 11 чэрвеня, 17.00);
  • канцэрт беларускай духоўнай музыкі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя” ў выкананні харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў. (Касцёл Святога Юзафа – 11 чэрвеня, 18.00) ;
  • новая канцэртная праграма ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны       артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. (Чысцінскі сельскі дом культуры – 12 чэрвеня, 17.00).

Напярэдадні фестывалю жыхары і госці Маладзечна змогуць прасачыць гісторыю культурнага мерапрыемства (з 1993 года), успомніць, як усё пачыналася. Уздоўж парка па вуліцы Вялікі Гасцінец будзе прадстаўлены арт-праект “Фестывальны шлях”,  дзе адлюстраваны яскравыя моманты і падзеі творчага фэсту. З мэтай папулярызацыі беларускага слова, знаёмства насельніцтва з роднай мовай, з паэзіяй паэтаў-класікаў і сучасных творцаў разгарнецца праект “Роднае слова”.

На працягу фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра “Радзіма”. Багатая на культурныя мерапремствы праграма зможа задаволіць густы кожнага госця фестывалю.

Больш падрабязная праграма фестывалю — http://www.festyval.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *