Наш зямляк занесены на Дошку гонару ўпраўлення

Загадам Упраўлення па Мінскай вобласці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў па выніках работы ў 2019 годзе занесены на Дошку гонару ўпраўлення начальнік сектара судовамедыцынскіх экспертыз дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Дзмітрый Ачыновіч.

Малады чалавек у 2017 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, пасля чаго прайшоў курс перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “судовая медыцынская экспертыза”. Яшчэ будучы студэнтам Дзмітрый працаваў санітарам выязной брыгады на падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі, а затым — санітарам у моргу. Такая студэнцкая загартоўка аказалася нялішняй у працы эксперта і дапамагла яму хутка асвоіцца ў калектыве Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
— Дзмітрыя вызначаюць вялікая адказнасць і патрабавальнасць да сябе, якія стымулююць яго пастаянна ўдасканальваць свае веды і навыкі, — гавораць пра маладога чалавека калегі, — ды і падабаецца яму ў нашай нялёгкай экспертнай справе, як кажуць, ва ўсім дакладна разабрацца і ўсё раскласці акуратна па паліцах.
Сам Дзмітрый пра сябе гаворыць неахвотна, бо ў жыцці ён надзвычай сціплы, нешматслоўны і разважлівы малады чалавек.
— Вядома ж, прыемна, што маю працу заўважылі і адзначылі, — прызнаецца Дзмітрый Сяргеевіч, — лічу высокую ўзнагароду пэўным авансам для будучых працоўных дасягненняў. Таму, як і раней, буду працягваць набірацца вопыту і вучыцца ў старэйшых таварышаў, удасканальвацца і пашыраць кола ведаў і ўменняў. Яны абавязкова спатрэбяцца і зробяць мяне прафесіяналам сваёй справы.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *