«Наша галоўная задача — каб “сэрца” Бярэзіншчыны працавала, як гадзіннік»

У Бярэзінскім вузле электрасувязі побач з вопытнымі прафесіяналамі сваёй справы працуе шмат і маладых перспектыўных супрацоўнікаў, якія «гараць» на працы, нястомна займаюцца павышэннем кваліфікацыі, самаадукацыяй, валодаюць велізарным «багажом» ведаў. Сярод такіх і інжынер вузла электрасувязі Сяргей Шаўцоў

У жніўні ў Сяргея Анатольевіча “сваё” свята: 11 гадоў, як ён працуе ў Бярэзінскім вузле электрасувязі. У свой час хлопец скончыў Мінскі дзяржаўны вышэйшы каледж сувязі. І па размеркаванні трапіў у Бярэзінскі раён. Сам жа не мясцовы – са Случчыны.
— Чаму абраў менавіта такую спецыяльнасць? Адказ відавочны — перспектыўная, заўсёды запатрабаваная, — дадае інжынер. — І не сумная! Спачатку Сяргей Анатольевіч працаваў механікам і завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю.
— Каледж сувязі дае аснову, фундаментальныя веды. Але іх жа неабходна ўмець прымяніць на практыцы. І тут мне пашчасціла з вопытнымі калегамі,
прафесіяналамі, якія заўсёды гатовы дапамагчы, падказаць, — гаворыць Сяргей Анатольевіч. – У нас, як мы называем, “пад зямлёй” працуе кожны дзень 4 чалавекі. Інжынер Сяргей Запрудскі, дзяжурная Алена Красоўская, электрамеханік Аляксандр Лапыцька. Акрамя таго, працуюць два механікі, якія ездзяць па раёне, ліквідуюць непаладкі. Але, нягледзячы на розныя спецыяльнасці, мы ўсе ўніверсальныя спецыялісты, павінны разбірацца ў многім.
Таму неабходна пастаянна вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Інакш — не зможаш працаваць. Да прыкладу, за час, які я тут працую, змянілася ўжо тры сістэмы перадачы. Згадайце, які раней у нас быў інтэрнэт – марудны, ледзьледзь працаваў. А зараз высокахуткасны інтэрнэт bуflу. Зараз усе шматпавярховыя дамы пераведзены на сістэму GРОN-тэхналогіі. І большасць дамоў прыватнага сектара працуе на оптавалакне ў Беразіно, Святліцы, Слабадзе… Дарэчы цяпер настолькі моцнае сучаснае абсталяванне, што калі нават здараецца надзвычайная сітуацыя і, да прыкладу, няма святла ў горадзе, то ўсё роўна вы застанецеся на сувязі.

У Сяргея Шаўцова ненармаваны рабочы дзень. Звычайна ён шчыруе з 8.00 гадзін да 17.00. Але бывае, што і затрымліваецца, і ёсць неабходнасць
выйсці на працу ў выхадны дзень. Гутару з Сяргеем і разумею, што каб працаваць інжынерам электрасувязі, неабходна быць вельмі ўважлівым, як кажуць, гатовым да любой надзвычайнай сітуацыі, аператыўным.
— Многім можа падацца, што ў нас даволі сумная справа – назіранне, маніторынг. Але гэта толькі на першы погляд. Мы павінны ведаць свае абавязкі дасканала. У нас надзвычайныя сітуацыі здараюцца нячаста, — дадае С. Шаўцоў. — Але ёсць строгі інструктаж, дзе прапісана, якую аварыю і за колькі хвілін павінны ліквідаваць. На некаторыя адводзіцца толькі да 10 хвілін! Калі ў мяне пытаюцца, што дакладна ўваходзіць у мае абавязкі, прыгадваю дзейнасць механікаў у Генры Форда, якія  адказвалі за бесперабойную работу канвеера па зборы аўтамабіляў. Яны сядзелі ў абсталяваным пакоі адпачынку, а гадзіннік на дзвярах «налічваў ім зарплату».
А вось калі канвеер па выпуску машын спыняўся, гадзіннік таксама пераставаў весці адлік. Таму работнікі імкнуліся выконваць рамонт якасна і хутка. Вось і наша работа – сачыць за тым, каб “сэрца”Бярэзіншчыны (абсталяванне вузла электрасувязі) працавала дакладна, без перабояў, як гадзіннік.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *