Наша гісторыя. Праект-экскурс пра друкароў, якія выдавалі і выдаюць «Бярэзінскую панараму»

5 мая – Дзень друку. А значыць, ёсць нагода ўзгадаць пра тых, хто стварае газету, выпускае яе ў свет і імкнецца, каб выданне своечасова даходзіла да падпісчыка, было цікавым і радавала чытача.

Безумоўна, галоўная роля ў гэтым працэсе належыць журналістам, бо менавіта ад іх вострага пяра, разнастайнасці тэм, умення данесці інфармацыю залежыць наколькі змястоўным будзе нумар. Але не менш важным з’яўляецца і паліграфічнае выкананне выдання. Ды і сама назва прафесійнага свята – Дзень друку – указвае, што без друкароў не можа існаваць прэса. Таму, сённяшні наш праект-экскурс пра друкарню, а дакладней друкарні, у якіх выдавалася і выдаецца “Бярэзінская панарама”.

Пад адным дахам

Свая друкарня ў Беразіно з’явілася яшчэ ў 30-ыя гады і была састаўной часткай рэдакцыі. Не без удзелу мясцовых паліграфістаў газета выдавалася і ў падполлі, у час акупацыі раёна. Пасля выгнання фашыстаў, ужо ў 1944, друкарня аднавіла сваю работу і газета па-ранейшаму паступала да падпісчыкаў. З-за недахопу друкарскага абсталявання і паперы “Сцяг Леніна” ў той перыяд выходзіла абмежаваным тыражом у тысячу экзэмпляраў і на адной старонцы.
Дзейнасць друкароў была не з лёгкіх: кожны тэкст неабходна набіраць уручную па літарах, якія ляжалі ў спецыяльных скрынях. Набраныя гранкі ў любы момант маглі рассыпацца – і тады справа пачыналася спачатку. Замацаваныя і перавязаныя гатовыя формы пераносіліся на друкарскі станок, рабіліся першыя адбіткі, наладка, уносілася карэктура і толькі затым пачыналася тыражыраванне чарговага нумара газеты.
Дарэчы, значны час рэдакцыя і друкарня знаходзіліся пад адным дахам і размяшчаліся на Кастрычніцкай вуліцы ў доме, што затым належыў музычнай школе (амаль насупраць былога інтэрната медработнікаў).

Журналістаў раёнкі і друкароў звязвалі не толькі рабочыя будні, а і агульныя святы. Разам на Дні друку

 

На новы адрас

З увядзеннем лінатыпаў – машын, што адлівалі тэкст цэлымі радкамі, работа друкароў аблегчылася. Уручную набіраліся толькі загалоўкі матэрыялаў. З’явіліся і больш сучасныя станкі. Праз які час (у шасцідзясятыя гады) рэдакцыя атрымала новае памяшканне па вуліцы Камсамольскай, 27. У надворным будынку гэтага дома (цяпер тут размешчаны магазін “Клён”) больш сучасная база з’явілася ў паліграфістаў. Гэта невялікі пакой для кіраўніка друкарні, цэхі для машыннага і ручнога набору, друкарскі цэх (у ім жа знаходзіўся і пераплётны станок), цэх па рэзцы і захаванні паперы. Побач з друкарняй знаходзілася гардаплаўка, дзе раней набраныя на лінатыпе радкі тэксту атрымлівалі новае жыццё.
Па сваёй вытворчасці друкарня была ўнікальным прадпрыемствам. Калектыў тут заўсёды быў зладжаны, дружны і стабільны. Уявіце сабе: з пасляваеннага часу і да моманту закрыцця друкарні было толькі тры кіраўнікі – Іван Ермаковіч (наш “Харытонавіч”), Мая Ждановіч і Ала Мірановіч.

Работнікі друкарні (1959 год, злева направа): Роза Іодка, Рэня Тоўсцік, Іван Ермаковіч, Марыя Комар, Ніна Конаш і Ніна Буліч

Супрацоўнік рэдакцыі Міхаіл Сакаў і загадчык друкарні Іван Ермаковіч

Асноўны заказчык — рэдакцыя

Сяброўскія адносіны паміж журналістамі раёнкі і друкарамі працягваліся і пасля таго, як мясцовая друкарня стала ўчасткам Чэрвеньскай. Тут выпускалася не толькі газета, а і шмат іншай прадукцыі – бланкі, лістоўкі, буклеты, брашуры… Калі яшчэ не існавала камп’ютараў, ксераксаў, друкарскі станок быў адзіным размнажальным апаратам. Таму з заказамі праблем не існавала.
Асноўным жа заказчыкам па-ранейшаму заставалася рэдакцыя, якая да пачатку 90-х гадоў тройчы на тыдзень выпускала газету аб’ёмам у чатыры старонкі.

Пасля закрыцця

Неўзабаве тэхнічны прагрэс унёс свае карэктывы ў выпуск газеты. У пачатку 90-х гадоў Чэрвеньская ўзбуйненая друкарня набывае станкі для афсетнага друку. Патрэба ў бярэзінскім участку адпадае і яго зачыняюць. Толькі адзін са спецыялістаў былога калектыву, лінатыпістка Лілія Кацегава, трапляе ў рэдакцыйны калектыў і становіцца спачатку аператарам мантажу, а затым – камп’ютарнай вёрсткі газеты. Набор раёнкі адбываецца прама ў рэдакцыі на электронным апараце пад назвай “Тыпатайпер”. Гэта амаль тая ж друкарская машынка, у якую ўстаўляюцца спецыяльныя дыскеты з друкарскімі шрыфтамі таго ці іншага памеру.
Надрукаваныя матэрыялы выводзяцца на плёнку, а потым манціруюцца на паласе. Калі надараюцца памылкі, то пасля карэктуры з плёнкі выдаляюцца асобныя радкі і на іх месца клеяцца новыя. Для загалоўкаў пакідаецца адпаведнае месца, бо ў “Тыпатайпера” такіх шрыфтоў няма. Новаўвядзенне, на жаль, адмоўна адбіваецца на якасці (знешнім выглядзе) газеты.

Былая лінатыпістка і ветэран рэдакцыі Лілія Кацегава

“Ланцужок”

Складанасці гэтым не абмяжоўваліся. Гатовы нумар неабходна ж даставіць у друкарню, у Чэрвень. Была распрацавана наступная схема. Гатовыя формы дзяжурны па нумары прыносіў на аўтавакзал да адпраўлення 7-гадзіннага аўтобуса на Мінск. У Чэрвені яго сустракаў супрацоўнік друкарні і прымаў груз для далейшай работы. Раздрукаваны нумар дастаўляўся ў той жа вечар на пошту (зноў жа ў Чэрвені), адкуль назаўтра раніцай яго мінская паштовая машына разам з іншымі выданнямі дастаўляла ў Беразіно. Вось такім няпростым быў шлях да чытача, які нават і не здагадваўся, праз колькі рук праходзіла газета, перш чым папасці ў яго паштовую скрыню.

Камп’ютарызацыя

Істотныя перамены да лепшага адбыліся з увядзеннем камп’ютараў. Яны адкрылі шмат новых, невядомых раней, магчымасцей. Зноў работнікі тэхнічнага аддзела рэдакцыі аказаліся на вышыні і ў самыя кароткія тэрміны асвоілі новую тэхніку. Цяпер усе тэксты адразу выводзіліся на кальку, з якой затым і раздрукоўваліся палосы чарговага нумара. Ранейшай заставалася толькі схема дастаўкі газеты ў друкарню і да падпісчыкаў.

Поплеч з барысаўчанамі

Праз які час рэдакцыя выбірае Барысаўскую друкарню. Тут, па-першае, больш сучасная друкарская тэхніка, а значыць, і лепшая якасць. Па-другое, у рэдакцыі адпала неабходнасць у забеспячэнні друкарні ўласнай паперай і пласцінамі для афсетнага друку (гэта мелася ў барысаўчан). І па-трэцяе, знікла патрэба ў ланцугу па дастаўцы арыгінал-макетаў. Іх сталі вазіць на рэдакцыйнай машыне, на ёй жа прывозілі на пошту гатовы тыраж.
Сёння мы – і журналісты, і друкары – па-ранейшаму не стаім на месцы, наладжваем узаемаадносіны, разам імкнёмся да таго, каб якасць як саміх матэрыялаў, так і друку газеты была на высокім узроўні. Зараз арыгінал-макеты перадаюцца па электронцы. Якім будзе наступны крок, гадаць не будзем. Ці маглі мы падумаць раней, што надыдзе такі час, калі газета будзе мець свой сайт, а яе матэрыялы – выкладвацца ў сацыяльных сетках… Так, змены адбываюцца. Але нішто не заменіць радасці, калі ў рукі трапляе свежы, яшчэ з пахам друкарскай фарбы, нумар газеты – люстэрка і плён агульных намаганняў журналістаў і друкароў.

Аўтар праекта Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены Громавай
і з архіва рэдакцыі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *