“Наша матуля – доктар!”

Таццяна Ермакова з сынамі Іванам і Мішам

Так з гонарам гавораць дзевяцігадовы Іван і Міша, якому няма і трох годзікаў, пра сваю любімую матулю Таццяну Ермакову. І дадаюць:

– Матуля амаль увесь час зараз на працы, таму што шмат хворых! Хварэе шмат дарослых і дзяцей.

І, шчыра прызнаюся, наколькі было маё здзіўленне, што нават дзеці ведаюць, чаму зараз столькі хворых:

– Каранавірус! Не хочуць рабіць укол ад хваробы, не носяць маскі, – расказвае Ваня.- Хутчэй бы закончылася хвароба і матуля часцей была з намі дома!

… І сапраўды, зараз Таццяна Мікалаеўна – намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, ды і, увогуле, усе медработнікі працуюць, не шкадуючы сіл. Нават у выхадныя дні!

Каласальная нагрузка!

– Я адказваю за работу амбулаторна-паліклінічнай службы сельскіх устаноў аховы здароўя, – расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Работы падчас пандэміі, асабліва яе чацвёртай хвалі, прыбавілася ў разы! Шмат пацыентаў, у якіх сімптомы вострых распіраторных захворванняў. І яны прыходзяць на прыём да ўрача ў так званую “чырвоную зону”. Там з раніцы вядуць прыём тры ўрачы, пасля абеду – таксама тры. Паток пацыентаў павяліваецца з кожным днём. Нагрузка на ўрачоў каласальная.

Шмат кантактаў

– Да таго ж, шмат «кантактаў» першага ўзроўню, пацыентаў, якія праходзяць лячэнне на даму, – працягвае гутарку Таццяна Мікалаеўна. – У нас працуе кол-цэнтр. Спецыялісты кантралююць стан “кантактаў”, пацыентаў па тэлефоне. А таксама праводзяць абследаванне іх на даму. Таксама медыцынскія работнікі выязджаюць і на забор мазкоў, уручэнне дакументаў аб самаізаляцыі. А гэта да 40 выездаў на дом у дзень у сельскай мясцовасці, і столькі ж прыблізна – у горадзе. Усе медработнікі ў спецыяльных касцюмах. Таму працаваць нават фізічна вельмі і вельмі складана.

“Чырвоная зона”

– Спецыяльны шлюз аддзяляе чырвоную зону ад “чыстай”. Туды медыцынскія работнікі ідуць у спецыяльных касцюмах, апрануўшы якія, апынаешся быццам у лазні… Складана ўявіць! А патрэбна не толькі знаходзіцца ў такіх касцюмах, але і працаваць, аказваць дапамогу! – заўважае Таццяна Мікалаеўна. – А калі яшчэ і ў акулярах, якія пастаянна пацеюць…

Пацыентаў шмат – кожнаму неабходна ўдзяліць увагу. І тут працуюць усе: і ўрачы, і медыцынскія сёстры, і нават санітарачка, якая прыйшла памыць падлогу, пытаецца ў пацыентаў, колькі яны выпілі вады! Многія не хочуць ляжаць на жываце. Не разумеюць, што такая пазіцыя дазваляе лягчэй дыхаць… Як толькі кладуцца на спіну – падае сатурацыя, пачынаецца задышка. Асноўнае патрабаванне – пітны рэжым. Пацыентам неабходна шмат піць. Таму кожны медыцынскі работнік нагадвае пра пітны рэжым, кантралюе яго. Шчыра прызнаюся, кавідныя пацыенты вельмі капрызныя: усё-такі хвароба дае аб сабе знаць. З пацыентамі працуюць псіхолагі і псіхатэрапеўты. Іначай – не справіліся б.

Кавід не праходзіць бясследна

– І пасля выздараўлення кавід не праходзіць бясследна! Дае аб сабе знаць: у многіх развіваецца бяссонніца, трывожны стан. Таму звяртаюцца за дапамогай да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, – расказвае Таццяна Мікалаеўна. – І гэта толькі адно з пабочных дзеянняў хваробы.

Кожныя тры гадзіны – адпачынак

– У медыцынскіх работнікаў, якія працуюць у чырвонай зоне, праз кожныя тры гадзіны – адпачынак. Для іх абсталяваны спецыяльны пакой для адпачынку. Мы ў дастатковай ступені забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, на здароўі медыкаў ні ў якім разе не эканомім. У нас, бывае, пытаюцца, ці баімся заразіцца кавідам у чырвонай зоне. Не! Бо ў нас надзейная ахова. Тым больш – прайшлі вакцынацыю.

Складаныя дзяжурствы

– Зараз для медыцкаў вельмі складаныя дзяжурствы. Да прыкладу, пацыент, які знаходзіцца пад кіслародам. Яго неабходна абследаваць чатыры разы на дзень. А такіх пацыентаў сёння шмат, многія – маладыя. І хочацца адзначыць, што на кіслародзе ў рэанімацыйным аддзяленнні няма пацыентаў, якія прайшлі вакцынацыю! Ёсць такія, каму паступае літр кіслароду праз маску, іншым – па 16 (гэта максімум). Калі сатурацыя не павялічваецца – пераводзім у рэанімацыйнае аддзяленне, падключаецца апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Страшна, што ў рэанімацыйным аддзяленні – людзі ва ўзросце 40-50 гадоў.

Вакцынацыя!

– Я адной з першых прайшла вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі расійскай вакцынай, – расказвае доктар. – Ніякіх пабочных эфектаў не праявілася! Таму раю ўсім бярэзінцам зрабіць прышчэпку. Гэта не простыя словы. Калі я бачу людзей, якія хварэюць кавідам, бачу, як яны мучацца, няўмольна паўстае пытанне, чаму не прайшлі вакцынацыю. Адказ – “каб зналі, што так будзе, зрабілі б прышчэпку!”

Калі скончыцца пандэмія?

– Складана сказаць! Усё залежыць ад дысцыплінаванасці насельніцтва. Наколькі мы актыўна будзем прывіваццца. А яшчэ ад бездакорнага выканання прафілактычных мер: неабходна насіць маскі і захоўваць сацыяльнае дыстанцыянаванне.

Дзіцячы доктар

Аказваецца, Таццяна Мікалаеўна – па адукацыі педыятр. Скончыла трэцюю школу, а там быў профільны, як мы казалі, “медыцынскі” клас – з ухілам на хімію і біялогію.

– Паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на педыятрычны факультэт. Па размеркаванні прыехала ў Бярэзінскую райбальніцу ў 2010 годзе. Працавала ўрачом-педыятрам, загадчыцай педыятрычнага аддзялення, загадчыцай паліклінікі, намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы…

Нефанатычная матуля

– Ведаеце, я нават дэкрэтныя адпачынкі не выкарыстоўвала ў поўнай меры! Сыночку было крыху больш за год – выйшлана працу. Малодшаму няма і трох, я ўжо на працы. Ды і на бальнічныя я не хаджу. Дапамагаюць бабулі. Увогуле, не бачу нічога страшнага, калі ў дзяцей тэмпература, хварэюць. Назначыла лякарствы – і зноў на працу. І ведаеце, заўважыла, што калі маці не “трасецца” над дзіцём, тым хутчэй праходзяць дзіцячыя хваробы. Проста неабходна бездакорна выконваць назначэнні!

Здароўя!

– Напярэдадні свята, Дня маці, жадаю кожнай матулі, каб іх дзеткі былі здаровымі. Каб радавалі, давалі моц і надзею жыць далей, працаваць дзеля іх карысці! І, увогуле, усім бярэзінцам жадаю здароўя! А для гэтага сёння неабходна прайсці вакцынацыю, насіць маскі і захоўваць сацяльнае дыстанцыянаванне!

– І мы жадаем здароўя ўсім! – дадаюць Ваня і Міша. – Бо калі будуць усе менш хварэць, матуля з намі будзе праводзіць больш часу!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *