Наталля Сіняк – лепшы начальнік аддзялення паштовай сувязі!

Наталля Сіняк – лепшы начальнік аддзялення паштовай сувязі ў вобласці! Па добрай традыцыі РУП “Белпошта” напярэдадні Сусветнага дня пошты правяла рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства. На ім каманда Мінскай вобласці заняла 2 месца. У складзе яе былі і начальнік гарадскога аддзялення паштовай сувязі Беразіно-1 Наталля Сіняк і аператар гарадскога аддзялення паштовай сувязі Алена Байрашэўская.

Наталля Сіняк адзначана Граматай РУП «Белпошта»

“Белпошта” – гэта мы! І ў адзінстве наша моц!

– Я ўпершыню ўдзельнічала ў конкурсе такога ўзроўню. Ён праходзіў тры дні і складаўся з некалькіх этапаў! – расказвае Наталля. – Да прыкладу, хатняе заданне было прымеркавана да Года народнага яднання. Нам неабходна было паказаць відэаролік-прэзентацыю нашай каманды. Наш дэвіз быў: “Белпошта – гэта мы! І ў адзінстве наша сіла”. І, сапраўды, гэта так. Наша каманда дружная, зладжаная, мы дапаўнялі адзін аднаго, падтрымлівалі, таму і занялі ганаровае другое месца! У наступным годзе буду імкнуцца зноў стаць лепшай. Шчыра прызнаюся, перамога для мяне была нечаканай, але і вельмі прыемнай. Павіншавалі муж, дзеці, наш калектыў! Атрымліваць узнагароду заўсёды прыемна. Але і адначасова адказна: значыць, патрэбна шчыраваць удвая больш, каб апраўдаць давер.

Абласное спаборніцтва

А да гэтага праходзіў абласны конкурс прафесійнага майстэрства. І менавіта там Наталля Сіняк стала лепшым начальнікам аддзялення ў вобласці, таксама атрымала дыплом за лепшае выкананне практычнага задання.

А Алена Байрашэўская – першае месца сярод аператараў сувязі! І таксама атрымала дыплом за лепшае выкананне практычнага задання!

Універсальны работнік!

Шчыра прызнаюся, я ніколькі не здзівілася, калі даведалася, што Наталля Рыгораўна атрымала такую пачэсную ўзнагароду.
Яна камунікабельная, уважлівая, ветлівая, з добрым настроем, усмешкай…

– Працоўны дзень пачынаецца ў палове восьмай, а заканчваецца…, калі ўсё з запланаванага будзе зроблена, – расказвае Наталля. – А гэта ў першую чаргу арганізацыя работы паштовага аддзялення, а таксама падпіска на перыядычныя выданні і іншае. А калі неабходна, то я і сама магу падмяніць аператара. Наш калектыў, менавіта гарадскога АПС, невялікі – 28 чалавек. У гэтым годзе разбавіў наш жаночы калектыў паштальёнаў мужчына Андрэй Бялёў. Усе адказныя, працавітыя, як кажуць, на сваім месцы. У нас працуе дзве мотадастаўкі. Дарэчы, амаль усе работнікі працуюць на пошце не адзін год. Як прыйшлі сюды, так і засталіся. Бо, як мне здаецца, на пошце працаваць не могуць выпадковыя людзі. Толькі прафесіяналы, якія верныя сваёй справе, сваёй прафесіі!

Работнікі паштовага аддзялення Беразіно-1

Паштовая сям’я

— У школьныя гады я нават ніколі і не думала, што маё жыццё так непарыўна будзе звязана з поштай. Адразу пасля школы закончыла кааператыўны тэхнікум. Вярнулася ў родныя мясціны. Пэўны час працавала ў Арэшкавічах. Затым з мужам пераехалі ў Беразіно!

20 гадоў!

У наступным годзе будзе 20 гадоў, як Наталля працуе на пошце. За гэты час Наталля Рыгораўна была і аператарам, інструктарам па эксплуатацыйна-тэхналагічных пытаннях, а гадоў 10 ужо – начальнік аддзялення паштовай сувязі Беразіно-1.

– У прафесіі я не расчаравалася. Бо мы, работнікі пошты, як вялікая дружная сям’я. Наадварот, пераканалася, што гэта маё! Мне падабаецца наша нялёгкая, адказная, але цікавая, насычаная падзеямі работа. Чым? У першую чаргу – зносінамі з людзьмі, – расказвае жанчына. – Усе людзі розныя, а нам да кожнага неабходна знайсці “ключык”. Пагутарыць, распытаць пра жыццё, выслухаць праблемы, дапамагчы вызначыцца з перыядычным выданнем… Вядома ж, сёння газет выпісваюць значна менш, чым калі я толькі прый-шла на работу. З усімі навінамі знаёмяцца ў інтэрнэце. Але старэйшае пакаленне не здраджвае друкаванаму слову. Бясспрэчна, наша раёнка карыстаецца папулярнасцю, бо ўсе хочуць ведаць менавіта мясцовыя навіны.

Што змянілася?

– Ці змянілася мая работа за 20 гадоў, што працую на пош-це? Кардынальна не! Але стала адначасова і лягчэй, і цяжэй працаваць. Чаму? Развіваюцца тэхналогіі, дабаўляюцца новыя паслугі – патрэбна ва ўсім дасканала разбірацца. Шмат інфармацыі патрэбна вывучаць. Але мне падабаецца: не люблю сядзець без справы!

Вучоба

Дарэчы, Наталля не так даўно скончыла Акадэмію сувязі.

– У нашай прафесіі пастаянна неабходна павышаць прафесійныя навыкі. Бо час не стаіць на месцы: развіваюцца тэхналогіі. Таму, каб задаволіць кожнага кліента, мы павінны ісці ў нагу з часам. Да прыкладу, зараз у нас у кожнага паштальёна ёсць устройства “мабільны паштальён”: таму можна карыстацца паштовымі паслугамі, быццам на стацыянарнай пошце.

Прырода

– Як адпачываю? Летам заўсёды імкнуся пры наяўнасці вольнага часу схадзіць у грыбы, ягады, ды і проста падыхаць свежым паветрам, – дадае Наталля. – На прыродзе я і адпачываю!

“Матуля, мы ганарымся табой!”

– Мне пашчаслівіла: муж і двое сыноў падтрымліваюць мяне! Як толькі даведалася пра вынікі конкурсу, патэлефанавала сынам, што наша каманда – пераможца! Яны адказалі: “Матуля! Мы табой ганарымся!” Любімая сям’я – мая падтрымка, крыніца энергіі, шчасця, добрага настрою.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *