Наталля Верына з Жорнаўкі запрашае ў атэлье

Наталля Верына з вёскі Жорнаўка з самага дзяцінства любіць вязаць, ствараць вязаныя вырабы, перашываць, як кажуць, “удыхаць” у старое адзенне “новае жыццё”! Пэўны час жанчына працавала швачкай у прыватніка. А затым вырашыла рызыкнуць. Атрымала субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. І цяпер Наталля — гаспадыня невялікага (пакуль невялікага!) атэлье “N.VI”. Зазірнём?!

Наталля Верына дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы адкрыла атэлье “N.VI”. Майстар не проста стварае вырабы, а робіць іх з любоўю, як кажуць, укладае душу.

Адразу ж адзначаю, што атэлье мае выдатнае месцазнаходжанне: цэнтр горада (пошта, другі паверх). Заходзім… Нас сустракае гаспадыня – Наталля.
Адразу ж цікаўлюся, адкуль такая незвычайная, як мне здаецца, назва атэлье “N.VI”.
— А ўсё даволі проста! У нас з мужам ёсць дачушка – Вікторыя. Таму “N.VI” – гэта ініцыялы: Наталля і Вікторыя. Альбо яшчэ можна, як літары імені і прозвішча Наталля Верына. Ведаеце, дачушка — мая галоўная натхняльніца. Я ёй адзенне вяжу, сумачкі, шапачкі, шалікі, рукавічкі… Ёй яшчэ толькі 6 годзікаў, але яна ў нас модніца – любіць прыгожа апранацца, — заўважае Наталля.
Па адукацыі Наталля — настаўніца працоўнага навучання. Але па спецыяльнасці працавала мала. Увесь час вабіла творчасць, хацелася штосьці рабіць сваімі рукамі.
— Напэўна, любоў да вязання, шыцця мне перайшла ад цёткі. Яна ў нас знатная майстрыха! – дадае Наталля. – Я з самага дзяцінства з кручком, пруткамі, швейнай машынкай, як кажуць, на “ты”. Пэўны час працавала швачкай – шыла спецадзенне. Вядома ж, марыла, што калі-небудзь адкрыю ўласную справу. Ды, пагадзіцеся, без стартавага капіталу нават невялікі бізнес адкрыць праблематычна. Памятаю, аднойчы даведалася, што можна атрымаць субсідыю! Як кажуць, “загарэлася”. Хуценька схадзіла ў сектар занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама. Яго загадчыца Святлана Сайкоўская растлумачыла, што, каб атрымаць субсідыю, неабходна зарэгістравацца ў сектары занятасці ў якасці беспрацоўнага. Далей – мяне чакалі бясплатныя двухтыднёвыя курсы па прадпрымальніцкай справе. З-за пандэміі яны праходзілі анлайн. І я быццам зноў стала студэнткай: нам расказвалі, як правільна зарэгістраваць справу, як плаціць падаткі… А галоўнае, вучылі, як правільна скласці бізнес-план. Адна з умоў прадастаўлення субсідыі – грунтоўны, граматна складзены бізнес-план. Шчыра прызнаюся, вельмі хвалявалася. Здавалася, што нічога не атрымаецца. Але ж не ў маім характары адступаць. Вучоба скончылася, план гатовы! Ура! Мне выдалі субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. А гэта даволі значная сума. Мне, як жыхарцы сельскай мясцовасці, далі 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму – гэта 3 тысячы 700 рублёў.
Наталлі гэтых сродкаў хапіла, каб набыць парагенератар (пасля рамонту адзенне неабходна ж адпрасаваць), пяцініткавы аверлок, манекен (як ні дзіўна, але гэта вельмі дарагая рэч!), неабходныя на першы час расходныя матэрыялы, рэкламу, візіткі. Бясспрэчна, прыйшлося ўкласці і ўласныя сродкі.
— Шчыра прызнаюся, вельмі хвалявалася, ці будуць мае паслугі папулярнымі. Адчыніла дзверы атэлье. У першы ж дзень прыйшло чалавекі 4. Уставіць “маланку” ў спадніцу, “абкідаць” спадніцу. А адна адразу ж заказала вязаны камплект для дзіцяці, — заўважае Наталля. — Як мне здаецца, галоўнае — знайсці падыход да кожнага кліента. Усім імкнуцца дагадзіць. Бо галоўная рэклама ў невялікіх гарадах, як кажуць, “сарафаннае радыё”. Прыйшла кліентка, ёй спадабалася, яна расказала сяброўцы, тая – сваёй сяброўцы…
Пакуль гутарым, захдзіць у атэлье кліентка.
— Вось даведалася пра ваша атэлье. Хачу вязаную сукенку. Ужо і ў інтэрнэце знайшла ўзор вырабу, — заўважае жанчына. Далей ідзе абмеркаванне
дэталяў заказу. Агаворваецца ўсё: якія ніткі выбраць, якасць пражы, якім узорам вязаць, і, вядома ж, тэрмін выкання работ. — За колькі я магу звязаць той альбо іншы выраб?! Усё індывідуальна. Залежыць ад складанасці ўзору, маёй загружанасці. Але заўсёды імкнуся ісці насустрач кліентам, — заўважае майстар. – Да прыкладу, дзіцячы касцюмчык вяжу дні два. Зараз вось заказалі сукенку вязаную. “Чарую” над ёй другі дзень, хутка будзе гатова!
Гутару з Наталляй, заўважаю, што яна, сапраўды, любіць сваю справу, “гарыць” ёй. Толькі пераступаеш парог атэлье, адчуваецца, мы трапілі ў госці да творчага чалавека. Кідаюцца ў вочы клубкі з ніткамі рознага колеру, скрынкі з гузікамі, тканіна, швейныя машынкі і… вязальная.
— Так у мяне ёсць нават вязальная машынка. І, ведаеце, вязаныя рэчы зараз карыстаюцца папулярнасцю. Асабліва заказваюць адзенне для дзетак. Хутка ж зіма: таму ўжо паступова паступаюць заказы на шапкі і шалікі… А яшчэ заказваюць вырабы для хатняга інтэр’еру: вязаныя вазачкі, скарбонкі. Даспадобы модніцам і эксклюзіўныя сумачкі ручной работы. У атэлье ёсць прыклады вырабаў, можна прыйсці, паглядзець, выбраць штосьці для сябе. Можна стварыць штосьці і па індывідуальным эскізе.

Н. Верына вяжа сумачкі, шапкі, касцюмы, сукенкі. Робіць вазачкі, скарбонкі.

З кожным днём у Наталлі становіцца ўсё больш і больш кліентаў. За тыдзень яна выконвае каля 40 заказаў.
— У бярэзінцаў самая папулярная паслуга — рамонт
адзення рознай складанасці. Штосьці перашыць, падкараціць, ушыць, замяніць “маланку”… Звяртаюцца як гараджане, так і людзі з сельскай мясцовасці. Добра ведаюць мяне ў роднай Жорнаўцы (я ж раней была зарэгістравана як рамеснік) — там ужо шмат пастаянных кліентаў, — дадае Наталля.
Ды і не шкадуе яна, што занялася бізнесам. А наадварот, глядзіць у будучыню з энтузіязмам. І строіць планы… — Вялікі дзякуй за такую падтрымку – субсідыю. Без яе я, магчыма, таксама, адкрыла б уласную справу. Але не так хутка, ды і столькі ўсяго неабходнага не змагла б набыць, — заўважае Н. Верына. – Калі справа пойдзе, то хацелася б расшырыць бізнес. Магчыма, наняць работнікаў. Ды гэта пакуль толькі мары. Але па сабе ведаю, што марам наканавана збывацца, калі ставіць перад сабой мэты і настойліва, нягледзячы на цяжкасці, дасягаць намечанага. Так, адкрыць уласную справу, нават з дапамогай субсідый – справа нялёгкая. Патрэбна ўсё прадумаць да самых дробязей. Але галоўнае — верыць у сябе, свае магчымасці, тады ўсё атрымаецца!

— І да кожнага кліента імкнуся знайсці падыход, кожнаму дагадзіць – іначай працаваць нельга, — заўважае Наталля.

Парады ад Наталлі, як навучыцца вязаць
— Галоўнае жаданне. Я самавучка. Ішла ў бібліятэку, брала спецыялізаваную літаратуру, часопісы. І вязала. Так, спачатку, бывала, не атрымлівася, але калі хочаш навучыцца, неабходна спрабаваць!
— Патрэбна ўседлівасць! Вязанне – карпатлівая праца, якая патрабуе творчасці і дасканаласці!
— Зараз у інтэрнэце шмат абучаючых відэа. А калі штосьці не атрымліваецца, можна зазірнуць да мяне ў атэлье, падкажу!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *