Навошта дзённік пастуху?

Вясна паступова ўступае ў правы, хоць сёлета яна стала для селяніна занадта “валідольнай”. Тым не менш, з кожным днём травастой пакрысе набірае сілу. Прынамсі, палі гаспадарак раёна, засеяныя з восені, ярка зазелянелі. А для жывёлаводаў пачаўся летне-пашавы перыяд утрымання жывёлы. Самы важны і адказны час, калі пры найменшых затратах магчыма і патрэбна атрымліваць вялікае малако і мяса…

У гаспадарцы «Уша» буйную рагатую жывёлу пачалі выганяць на пашу ў канцы красавіка паступова, каб яна прывыкала да новых умоў.

– Мы, як і летась, выгналі кароў на пашу, адаптацыя прайшла нядрэнна, – лічыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Зоя Бусел. – Надоі трохі зменшыліся толькі ў першы дзень. А затым мы мелі ўжо і прыбаўку. Апошняя пакуль невялікая, але абавязкова будзе расці. Галоўнае – выконваць тэхналогію пасьбы. Адной карове трэба з’ядаць не менш за 60 кілаграмаў зялёнай масы ў дзень. На пашы абавязкова маюцца соль, вада. Выпасваем жывёлу на пашах з зернебабовага разнатраўя і канюшыны, ураджайнасць якіх каля 60 цэнтнераў з гектара.

Зоя Бусел – адна з самых вопытных заатэхнікаў у раёне. На днях яна адсвяткавала свой юбілей. Аднак нішто не выдае яе паважаны ўзрост. – Старэць мне не дае любімая справа, – гаворыць Зоя Эдуардаўна, – а энергію чэрпаю ў працавітых людзях і паважлівых адносінах кіраўніцтва гаспадаркі, якое ўсведамляе, якія даходы пры пэўных укладаннях нясе вытворчасць малака і мяса

На летне-пашавым утрыманні зараз у гаспадарцы ўсе 807 рагуль з малочнатаварнага комплексу “Уша” і малочнатаварных ферм “Восава” і “Котава”. Плануецца з цягам часу выгнаць на пашы яшчэ цялушак.

– Пашавы перыяд – выдатная магчымасць аздаравіць малочны статак і наладзіць работу па асемяненні жывёлы, –
лічыць Зоя Эдуардаўна. – Жывёла атрымлівае выдатны запас бялкоў, што дазваляе мець прыбаўку малака. Акрамя гэтага, у кармушках – яшчэ сілас і сянаж з запасаў мінулага года і, вядома, канцэнтраты з улікам надояў. Цялушкам таксама дадаюць сянаж і салому, цялятам – камбікорм і муку ўласнага памолу. Такое разнастайнае меню, вядома, дае аддачу не толькі ў надоях, але і ў прывагах жывёлы.

– Сёлета за першы квартал вытворчасць малака па нашай гаспадарцы складае 112 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года, – дадае Зоя Эдуардаўна. – Сёння доім па 11,9 кілаграма малака на ўмоўную галаву жывёлы. Аднак чакаем больш важкіх надояў, бо трэба павялічыць вытворчасць малака ў параўнанні з мінулым годам амаль на 79 тон. Лічба гэта рэальная, бо ўсё неабходнае – ад паш да канцэнтратаў – ёсць.

Вячаслаў Вайцяховіч не першы год працуе ў сельгаспрадпрыемстве пастухом. – Гэта справа для мяне не сезонная, – гаворыць мужчы- на, – бо шчырую жывёлаводам на ферме “Котава”. Зараз яна працуе з прыбаўкай малака і мае намер павялічваць надоі. Жывёлаводы ж чакаюць ад лета росту вытворчасці малака і мяса, а таксама – уласных даходаў

Стаўку ўшанцы робяць не толькі на паспяховую папярэднюю работу па перазалужэнні паш, але і сумленную працу пастухоў. Усе яны мясцовыя і ўжо не першы год пасвяць жывёлу. З франтальным выпасваннем статка – на “ты”. Кожнаму з іх кіраўніцтва ўручыла пашавы дзённік на гурт жывёлы для таго, каб мець магчымасць аналізаваць увесь тэхналагічны працэс. Не пакрыўджаны пастухі і заробкам, бо прадугледжаны даплаты за работу па аднаўленні статка і атрыманні прыплоду.

Па стане на 17 мая валавы надой налічвае 142725 кілаграмаў супраць 134166 летась. Пагалоўе павялічылася з 10454 рагуль да 10586. У планах — давесці прадукцыйнасць жывёлы ва ўсіх гаспадарах да 2029 кілаграмаў, а вытворчасць – да 21595,6.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *