Не існуе, а жыве

Гэта фраза, сапраўды, адпавядае дзейнасці клуба ветэранаў педагагічнай справы “Сустрэча”. Жыццё ў членаў клуба яркае і насычанае. Пацвердзіў сказанае і нядаўні юбілей аб’яднання.

Грамадская дзейнасць Маргарыты Булойчык адзначана Падзякай райвыканкама

 

10 гадоў таму па ініцыятыве былога старшыні ветэранскай раённай арганізацыі Мікалая Абазовіка сабраўся актыў энергічных педагогаў дашкольнага выхавання, што выйшлі на заслужаны адпачынак. Усе яны, людзі цікавыя і па-свойму адметныя, аб’ядналіся, каб сваім прыкладам даказаць: на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.

Упрыгожваннем клуба з’яўляецца сям’я Пашкевічаў. Ён — спартсмен, рыбак і музыкант. Яна — выдатная пяюха. Дзве душы, але адна музыка на дваіх. Кулінарным майстэрствам і фірменнымі стравамі здзіўляе Марыя Умінская — повар 6 разраду. Кандыдат у майстры спорту па шашках — Браніслаў Трусевіч. А тонкасцямі дыпламатыі валодае нязменны кіраўнік клуба Маргарыта Булойчык.

Увогуле ўсе гурткоўцы багатыя на таленты. Чаго вартыя іх харэаграфічныя і музыкальныя нумары, якія яны шчыра дарылі гасцям юбілею. Не менш зачароўвалі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што дэманстраваліся прысутным. Ды і не пакінулі раўнадушных самаробныя падарункі запрошаным з лагатыпам клуба “Сустрэча” і яго дэвізам “Ад сэрца да сэрца”.

У валанцёраў клуба — цэлы чамадан добрых спраў. Там, дзе чакаюць, яны заўсёды аказваюцца без спазненняў. Бо сапраўднае шчасце для “Сустрэчы” — быць патрэбным тым, у чыё акенца пастукаліся гора, адзінота, хвароба.

Алена МУРАЧ.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *