Ніна Путрык сёння святкуе дзень нараджэння разам з раёнкай

У Ніны Путрык з Беразіно – заўтра, 7 лютага, дзень нараджэння. І якраз перад святам яе чакаў сюрпрыз. Ніна Пятроўна стала адной з пераможцаў розыгрышу, які праводзіў калектыў рэдакцыі газеты “Бярэзінская панарама” сярод падпісчыкаў. І ў падарунак жанчына атрымала менавіта сертыфікат ад магазіна “Букет”.

— Люблю кветкі! Таму букет ад любімай “раёнкі” – гэта прыемны сюрпрыз да свята, — заўважае жанчына. — І нечакана! Мне патэлефанавала дачушка Дзіна: “Матуля, ты сярод пераможцаў розыгрышу!”

Аказваецца, Ніна Пятроўна — даўні сябар газеты. Нічога дзіўнага ў гэтым няма: можна сказаць, усё яе працоўнае жыццё было звязана з “Бярэзінскай панарамай”.

— Сама я мясцовая, з Беразіно. А муж – з Падваложкі. Пэўны час мы жылі ў Новінах. Там я і пачынала працаваць паштальёнам у мясцовым вузле сувязі. Затым пераехалі ў Беразіно: тут шчыравала — паштальёнам, была і сартавальнікам, працавала ў аддзеле падпіскі. І так амаль 30 (!) гадоў. Ведаеце, раней чыталі значна больш: нават цэлымі мяхамі прывозілі газеты! А колькі пісем было: пакуль усё разбяром, — зазначае Ніна Пятроўна. – Работа была напружанай, але мне падабалася. Пастаянна ў руху! Сумаваць не даводзілася. Кожны дзень — гутаркі з людзьмі, новыя знаёмствы. І тады я цесна супрацоўнічала з калектывам раёнкі. Асабліва з былым бухгалтарам, прафесіяналам сваёй справы, Валянцінай Піскун. Памятаю я і тагачасных журналістаў Ніну Федаровіч, Уладзіміра Несцяровіча… Заўсёды з нецярпеннем чакала іх артыкулы. Асабліва вабілі жыццёвыя гісторыі. Заўважаю зараз, як газета змяняецца, становіцца больш сучаснай. Што падабаецца чытаць? Пачынаю знаёмства з апошняй старонкі, з віншаванняў. Затым праглядаю фотаздымкі. Падабаюцца творчыя знаходкі Алены Громавай. З задавальненнем чытаю і яе артыкулы экалагічнай тэматыкі. Бо адна з дачушак, Дзіна, працуе ў гэтай сферы. Чытаю і пра медыцыну, лепшых працаўнікоў розных сфер (вядома ж, чытаю і перачытваю, калі пішуць пра калегпаштальёнаў), сем’і нашага раёна. Не так даўно пісалі і пра нашу сям’ю. У мяне ёсць нават своеасаблівы “архіў” раёнкі, дзе захоўваюцца самыя каштоўныя матэрыялы. І архіў ужо значны: сябрую ж з раёнкай больш за 50 гадоў! Яе выпісваю не толькі я, але і дачка, свацця. Таму “Бярэзінская панарама” – наша сямейная газета. Я не часта гляджу тэлевізар (не хапае часу!), з інтэрнэтам не вельмі сябрую, таму газета для мяне — надзейная крыніца інфармацыі. Менавіта з яе чэрпаю неабходную інфармацыю пра раён, вобласць і краіну.

Ведаеце, я крыху здзівілася, калі Ніна Пятроўна сказала, што ў яе не хапае часу… Здавалася б, жанчына на пенсіі: увесь час –
вольны!

— Так, вольнага часу шмат. Але я імкнуся яго выкарыстоўваць з карысцю. Дапамагаю ў выхаванні малодшай унучкі Алёны. Ёй 5 годзікаў. Яна ў нас гарэза, сумаваць нікому не дае. Дзякуючы ўнучцы, мне не патрэбны і заняткі спортам! Мы пастаянна рухаемся: ходзім на прагулкі, ладзім гульні, глядзім мультфільмы… Нам падабаюцца “Фіксікі”, “Маша і мядзведзь”, “Белка и стрелка”.

Ёсць у Ніны Пятроўны і захапленне, занятак для душы. Стварае з паперы розныя вырабы: лебедзі, коцікі, вазачкі, кошыкі…

— Ці складана? Не! Мне гэта падабаецца. Але для такога занятку патрэбны ўседлівасць і фантазія. А яшчэ — вельмі шмат лістоў паперы фарматам А4. Да, прыкладу, каб зрабіць невялікага лебедзя, неабходна каля 100 такіх лістоў. Бяром іх, разразаем на 9 частак і пачынаем складваць. Глядзім, да прыкладу, з унучкай мульцікі, і я кручу свае вырабы. Ды і яна дапамагае.

— Увогуле, я шчаслівая, што маю вялікую, дружную сям’ю. Я шматдзетная матуля, – працягвае Ніна Пятроўна. — У мяне тры дачушкі: Дзіна, Наталля і Людміла. А яшчэ я — “багатая” бабуля: двое ўнукаў і чатыры ўнучкі. Самай старэйшай унучцы — 26 гадоў, а самай малодшай – 5. Час, калі ўсе разам збіраемся, самы каштоўны. І нам не патрэбна асаблівая нагода. Проста любім праводзіць час разам: абмяркоўваем планы, дзелімся радасцю, падтрымліваем адзін аднаго. Гэта бясцэнная каштоўнасць – вялікая і дружная сям’я. Жадаю, каб у кожнага было такое шчасце!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алена ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *