Ноч музеяў у Беразіно!

У мінулую суботу да позняга вечара было шумна на тэрыторыі раённага цэнтра рамёстваў. Не заціхала гамана, гучала жывая музыка і амаль на кожным кавалачку тэрыторыі панавала творчасць. Так ужо трэці год запар работнікі культуры наладжваюць Ноч музеяў у Беразіно.

– У нашым раёне няма музея, але гэта акалічнасць не стала перашкодай для нас наладзіць людзям сапраўдную сустрэчу з творчасцю, – гаварыла кіраўнік цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская. – З гэтай нагоды мы насцеж адкрылі ўсе свае выставачныя залы. Да паслуг наведвальнікаў былі экспанаты з пакоя-музея драўлянай лыжкі, выставы творчасці маладых керамістаў і самадзейных майстроў.

Большасць экспанатаў з гэтых кампазіцый даўно вядомы бярэзінцам, але работнікі культуры падрыхтавалі да Ночы музеяў новую экспазіцыю. Яна складаецца з радыёпрыбораў савецкіх часоў і першых мабільных тэлефонаў, якіх налічваецца звыш трох дзясяткаў.

Радыёпрыборы савецкіх часоў

– Сёння ў кожнага з нас ёсць мабільны тэлефон, які замяняе нам радыё, тэлевізар і нават камп’ютар, – гаварыла наведвальнікам супрацоўнік рабочай групы па стварэнні музея Алена Казлова, – а раней у кожным доме былі радыё альбо радыёпрыёмнік з прайгравальнікам і цэлы набор пласцінак. Яны былі найвялікшым багаццем у савецкі час і беражліва захоўваліся. Таму і некаторыя з нашых экспанатаў і зараз у рабочым стане і служаць для іх уладальнікаў шыкоўным элементам для рэтрадызайну.

Тым жа, каму была не па душы цішыня і асаблівы настрой выставачных залаў, прапанавалася навучыцца народным танцам. У якасці настаўнікаў выступілі юныя танцоры ўзорнага ансамбля танца “Валошкі”, якія прапанавалі ўсім пусціцца ў скокі. Жадаючых навучыцца танцаваць знайшлося нямала як сярод дарослых, так і дзяцей.

Удзельнікі свята разам з танцорамі ўзорнага ансамбля танца “Валошкі” Новінскага СДК танцуюць танец “Печанае парася”

Ды і для аматараў жывой музыкі было сапраўднае раздолле. Музыканты раённай школы мастацтваў наладзілі для іх невялічкі канцэрт пад адкрытым небам і запрашалі кожнага зрабіць першы крок у навучанні іграць на музычных інструментах. Знайшлося нямала ахвотнікаў сярод дзятвы асвоіць ударныя інструменты.

Цёплы лагодны вечар спрыяў адпачынку ў лаўнж – зоне, дзе можна было з камфортам паласавацца смачнай гарбатай, салодкімі свежымі блінцамі і сочнікамі, патанцаваць альбо паслухаць музыку.

У праграме яшчэ былі арт-тэрапія для мастакоў, шоу каляровых фарбаў і прагляд фільма “Думай как собака” пад адкрытым небам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *