Ну які ж ён, ветэран?

Наўрад ці ёсць патрэба прадстаўляць жыхарам нашага раёна гэтага чалавека, бо за час працы па меры выканання функцыянальных абавязкаў ён паспеў сустрэцца з многімі і праявіў сябе як вопытны спецыяліст на сваім месцы.

Для астатніх скажу: гэта Уладзімір Кісель – былы намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне. Так, сёння ўжо былы. Сёлета ў чэрвені Уладзімір Васільевіч выйшаў у адстаўку, прысвяціўшы падатковым органам 27 з паловай гадоў.

Уладзімір Кісель: «Віншую ўсіх работнікаў падатковых органаў з надыходзячым прафесійным святам. Няхай збываюцца вашы мары і здзяйсненні. Добрага вам здароўя і даўгалецця, сямейнага і асабістага шчасця!»

А пачыналася ўсё ў 1991. Менавіта тады бярэзінскі юнак, навучэнец Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума, упершыню пазнаёміўся з работай падатковых органаў, далейшае развіццё і станаўленне якіх праходзіла на яго вачах.

– Сапраўды, – прызнаецца Уладзімір Васільевіч, – рабоце ў падатковых органах я аддаў больш паловы свайго жыцця. Спачатку праходзіў практыку ў Беразіно. Пасля размеркавання прыкладна паўгода працаваў у Клічаўскай інспекцыі. Затым па хадайніцтве тагачаснага начальніка бярэзінскай інспекцыі Рыгора Зяневіча быў пераведзены на малую радзі-му. Тут і шчыраваў да нядаўняга часу.

– Раскажыце аб тых пераменах, што адбыліся ў сістэме падатковых органаў за гэты час.

– Пачнём з таго, што да 1990 года яе, як асобнай структуры, не існавала, а адпаведныя функцыі ўскладаліся на фінансавыя аддзелы. Да адасаблення падштурхнула знакамітая перабудова і на яе хвалі з’яўленне вялікай колькасці суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку прадпрымальнікаў. Неабходны быў належны кантроль за іх фінансава-гаспадарчай дзейнасцю, захаваннем правілаў гандлю, рэгістрацыяй, выплатай у поўнай меры падаткаў. Стваралася і адпаведная нарматыўна-прававая база.

– Чым запомніліся першыя гады работы?

– Карпатлівай “папяровай” працай. Больш за ўсё часу займалі дакументы. Звяралі іх, удакладнялі на праўдзівасць запаўнення, пастаянна трымалі сувязь з банкамі, кантралявалі асабовыя рахункі, рыхтавалі адпаведныя справаздачы.

І ўсё гэта рабілася ўручную, бо камп’ютары ў інспекцыі з’явіліся значна пазней. Часта ў нашых калідорах ствараліся чэргі, падаткаплацельшчыкі дэкларацыі і справаздачы прадстаўлялі на паперы. Электронных носьбітаў або магчымасці перадаваць патрэбныя дакументы па электронцы або праз інтэрнэт таксама спачатку не было.

Паралельна з гэтым наладжваліся кантрольныя або рэйдавыя мерапрыемствы.

– Як часта выяўляліся парушэнні з боку прадпрымальнікаў?

– Хапала. Узгадайце, хто толькі чым не гандляваў у 90-ыя – у ларках, кіёсках, на рынках, з-пад крыса. Адсочвалі тых, хто гандляваў без рэгістрацыі, правяралі правільнасць прыёму грашовых сродкаў і ўплаты падаткаў, выяўлялі факты нелегальнага гандлю без акцызных марак, у тым ліку цыгарэтамі і спіртным. Часта выязджалі на раён, у адпаведнасці з графікам працавалі і ў выхадныя дні. Існавала і такая дзейсная форма работы як кантрольная закупка. Цікавых здарэнняў, прыкладаў, гісторый за гэты час назбіралася столькі, што хопіць на цэлую кнігу.

– Калі сустракаліся парушэнні, то чакала і пакаранне за незаконную дзейнасць?

– Безумоўна. Жадаючых абысці закон было нямала. У выніку праверкі складаўся адпаведны пратакол, які затым разглядаўся або начальнікам інспекцыі, або накіроўваўся ў суд. Падкрэслю адзін немалаважны факт: за час дзейнасці не сустракаўся з фактамі скаргаў з боку бярэзінскіх суб’ектаў гаспадарання на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў інспекцыі або іх некампетэнтнасць. Гэта лепш за ўсё сведчыць пра высокі прафесіяналізм кожнага з іх.

– Дарэчы, пра калектыў. Сёння ён у параўнанні з мінулымі гадамі стаў меншым…

– Сапраўды, так. І выклікана гэта перш за ўсё тым, што частка функцый была перададзена ў Барысаў. Сёння мы з’яўляемся ўпраўленнем па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне. Найбольшая колькасць супрацоўнікаў нашай тагачаснай інспекцыі дасягала 30 чалавек. Дарэчы, 90 % калег, з якімі мне выпала працаваць, памятаю да гэтага часу па прозвішчах. На жаль, некаторых з іх ужо няма сярод нас. Асабліва ўдзячны першаму начальніку інспекцыі Рыгору Зяневічу, а таксама старэйшым калегам – сваім першым настаўнікам Уладзіміру Аўтуховічу і Ірыне Ладуцька.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *