Нязгасны подзвіг воінаў-афганцаў. Наш субяседнік — Алег Купіч

15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія выконвалі службовыя абавязкі за межамі Айчыны.

Гісторыя памятнай даты звязана з вывадам у 1989 годзе савецкіх войскаў з Афганістана. Кровапралітная вайна доўжылася 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён. На думку гісторыкаў, баявыя дзеянні ў Афганістане сталі самымі жорсткімі бітвамі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 14 тысяч салдат і афіцэраў загінулі на чужой зямлі, звыш 300 чалавек зніклі без вестак, 6000 памерлі ад ран і хвароб.

Памяць аб афганскай вайне навекі засела асколкам болю ў сэрцах бацькоў, маці, жонак і дзяцей тых маладых хлопцаў, якія вярталіся дамоў у цынкавых трунах “грузам-200”.

З 1979 па 1989 гады ў Афганістане праходзілі службу каля 30 тысяч беларусаў. Амаль 800 адважных салдат загінулі на палях бітвы. Сёння ў адной толькі сталіцы пражывае амаль 5000 ветэранаў-афганцаў. З іх 97 сем’яў загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў і 213 інвалідаў вайны. Усе яны ў Дзень памяці са смуткам узгадваюць таварышаў па службе, родных і блізкіх, ушаноўваюць подзвігі адважных салдат. Дарэчы, 15 лютага беларусы ўшаноўваюць памяць і воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія праходзілі службу ў Карэі, Іспаніі, Анголе, на Блізкім Усходзе і ў В’етнаме.

Па традыцыі, віншаванні, кветкі і ўзнагароды ў гэты гістарычны дзень прымаюць ветэраны-інтэрнацыяналісты, а для журналістаў горкая дата на календары – нагода яшчэ раз пагаварыць з удзельнікамі тых няпростых, баявых падзей, з пазіцый сучаснасці ацаніць іх воінскі подзвіг і схіліць галаву перад мужнасцю воінаў-афганцаў. Таму наш сённяшні субяседнік Алег Купіч. Чаму выбар паў менавіта на яго, здагадацца няцяжка. Мужчына ўзначальвае раённую арганізацыю ветэранаў вайны ў Афганістане і карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод бярэзінцаў і баявых таварышаў. Служыць у Афганістан Алег Леанідавіч пайшоў добраахвотна і сумленна ваяваў у батальёне асобага прызначэння. Праўда, пра сябе мужчына гаворыць вельмі неахвотна, бо найбольш хвалюе яго пытанне наладжвання ваенна-патрыятычнага выхавання.

— Афганскія падзеі і сёння не даюць спакою, дагэтуль не загойваюцца баявыя раны і рубцы на сэрцы, — зазначае субяседнік. — Асабліва пякуча ўсведамляць, што рады нашых воінаў-афганцаў радзеюць з кожным годам. Зараз у раёне пражывае каля пяцідзесяці ўдзельнікаў баявых падзей з 75 чалавек, якія прызываліся на службу на чужыну. Большасць з іх гараджане, а астатнія выбралі месцам пражывання вёскі. Бярэзінцы ведаюць, што шмат нашых таварышаў атрымалі ключы ад кватэр у доме па вуліцы Маладзёжнай. Ды і жывуць мае баявыя таварышы ў аграгарадках Любушаны, Багушэвічы, Паплавы, вёсках Міхалёва, Жорнаўка, Вяшэўка, Якшыцы. Большая часта з іх яшчэ не пенсіённага ўзросту і сумленна працуе ў арганізацыях. Яны шчыруюць на карысць раёна дастойна, як і выконвалі свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак, бо 25 ваеннаслужачых адзначаны баявымі ўзнагародамі: ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”. Кожны з воінаў заслугоўвае асаблівай увагі, нізкага паклону і шчырай павагі.

— Аднак гісторыкі дагэтуль не прыйшлі да адзінага меркавання наконт асэнсавання афганскіх падзей і тагачаснай неабходнасці ўвядзення ў чужую краіну абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў.

— Гэта справа гісторыкаў, якія спрабуюць растлумачыць падзеі. Для нас дзень 15 лютага — свята і адначасова дзень смутку па загінуўшых таварышах, гэта дата для нас сімвалічная, бо мы, насуперак усяму, захавалі вернасць прысязе, воінскаму духу, спазналі ў поўнай меры салдацкае братэрства, неслі адказнасць за сваю краіну.

— Наколькі цяжка было служыць на чужой зямлі бязвусым юнакам і пачынаючым афіцэрам?

— Вядома ж, цяжка. Але ж варта памятаць, што пакаленне воінаў-афганцаў нарадзілася ўсяго праз 20-25 гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі не прынята было скардзіцца на цяжкасці і ўсе жылі адной дружнай сям’ёй. Мы на свае вочы бачылі ўдзельнікаў баёў, бо яны жылі побач з намі, выступалі ў школах, дапамагалі наладжваць краязнаўчую работу і ствараць школьныя музеі баявой славы. Ды і ў кожным доме і кватэры захоўваліся фотаздымкі ваенных часоў, бацькоўскія дэмбельскія альбомы і ўзнагароды. Мы лічылі абавязковым ведаць і заўсёды памятаць подзвіг герояў ваенных часоў. Мы марылі стаць героямі па іх прыкладзе і ўславіць сваю сям’ю, сваю радзіму. Ніколі не ўзнікала жадання ў маіх равеснікаў ухіліцца ад службы, бо ў армію шумна праводзілі і сямейнай традыцыяй было для бацькоў рабіць наказ сынам.

— Сёння, на жаль, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны засталося ў жывых няшмат. Затое з’явілася цэлая грамада ахвотнікаў на свой лад перапісаць гісторыю той жудаснай вайны.

— Гэтага дапусціць нельга, таму воіны-афганцы павінны ўзяць на сябе пэўную частку работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Памятаць гераічнае мінулае — наш свяшчэнны доўг, бо вайна — гэта не баявік. Падзеі нельга выразаць з памяці, бо за імі хаваюцца лёсы рэальных людзей. Іх баявы і жыццёвы вопыт — яркі прыклад адданасці Айчыне, вернасці абавязку, павагі да традыцый Узброеных Сіл. Таму трэба асэнсавана падаваць подзвіг воінаў-афганцаў, каб ніхто не змог і радка перапісаць з іх баявой мінуўшчыны.

— Што Вы прапануеце ў гэтым плане і ўжо ўвасабляеце ў жыццё?

— Па-першае, мы адкрыты для любых цікавых ідэй і праектаў па наладжванні ваенна-патрыятычнага выхавання і выхавання ў духу патрыятызму. Цесна супрацоўнічаем з работнікамі культуры і адукацыі, аказваем фінансавую дапамогу валейбольнай зборнай Бярэзінскай гімназіі. Нашымі намаганнямі ў горадзе з’явіўся помнік подзвігу воінаў-афганцаў па вуліцы Хонінава. Ён сімвалічны для нас, бо тут асноўнае месца займаюць фігуры землякоў, што загінулі на чужой зямлі. 15 лютага мы абавязкова збяромся каля помніка, каб ускласці кветкі і схіліць галовы перад подзвігам савецкіх салдат-герояў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *