Пацікаўцеся ў раённай бібліятэцы

Расказвем далей пра цікавыя кнігі і новыя выданні, якія можна знайсці на паліцах раённай бібліятэкі.

 

Барыс МІКУЛІЧ. “МАЕ ЗАЛАТЫЯ МАРЫ”.

Гэтага аўтара ведаюць літаратуразнаўцы ды аматары, якім цікава беларуская літаратура, створаная ў 30-я і пасляваенныя гады ХХ стагоддзя. Пісьменнік нарадзіўся ў 1912 годзе і памёр у 1954-м. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, адказным сакратаром у газеце “Літаратура і мастацтва”. Вучыўся ў педагагічным інстытуце ў Мінску і на літаратурных курсах у Маскве. Чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса на факультэце журналістыкі ў Мінску. Пры жыцці выйшла 7 мастацкіх кніг.

У кнігу “Мае залатыя мары” ўвайшлі творы, чытаючы якія, яшчэ раз пераконваешся, што наша Беларусь заўсёды была багатай на самабытныя таленты.

Творы ў дадзеным зборніку напоўнены жывой гаворкай персанажаў і рэаліямі жыццёвых варункаў аўтара. Уключана вядомая ў асяроддзі адмыслоўцаў “Палеская аповесць” і разнапланавыя апавяданні, якіх яднае бадай адно – драматызм існавання галоўных герояў, ініцыянаваны няпростымі знешнімі абставінамі.

Яўгеній АНТАШКЕВІЧ. “ХАРБИН”.

Напісаны ў традыцыях класічнага раману, гэты шматпланавы твор расказвае пра жыццё Дальняга Ўсходу ў перыяд паміж Грамадзянскай і Другой сусветнай. Падзеі ж там адбываліся стракатыя і насычаныя, з удзелам ледзь не ўсіх разведак галоўных краін свету.

Галоўны герой – афіцэр барон фон Адэльберг намагаецца вярнуцца ў кітайскі горад, які стаў на некалькі дзесяцігоддзяў рускім, і апынаецца ў абцугах паміж залатым запасам Расійскай імперыі і замысламі савецкай і японскай разведак.

Нязмушанае лёгкае чытво для аматараў прыгод і заўзятараў жанру. Варта аддаць належнае: насычаная і багатая мова,  адсутнасць брыдкаслоўнай лексікі і блатных жарганізмаў вылучаюць гэтую кнігу з агульнай масы ўсяго таго, што выдаецца зараз і мянуецца камерцыйным літаратурай. Да таго ж кніга тоўстая, шмат старонак забяспечаць некалькі прыемных вечароў у цёплым фатэлі за кубачкам гарбаты з поўным пагружэннем у свет мінулага, напоўненага гераізмам часу. Скажу шчыра, у юнацтве мне не хапала падобных кніг.

Джо АБЕРКРОМБІ. “ПЕРШ ЧЫМ ІХ ПАВЕСЯЦЬ”.

Дадзены аўтар даўно вядомы ў свеце прыхільнікаў літаратуры фэнтэзі, у тым ліку і ў нас. Сведчанне таму: важкія тамы на віртуальных гандлёвых пляцоўках разлятаюцца быццам гарачыя піражкі, дарэчы, нягледзячы на кошт. Даўно ўжо склалася ўражанне, што сапраўдны аўтар фэнтэзі піша цягам жыцця толькі адну кнігу, але расцягнутую на дзясяткі частак, ствараючы грандыёзную эпічную сагу ў жанравым спектры ад цёмнай фэнтэзі да героікі і альтэрнатывы. Так і ў выпадку з Д.Аберкромбі. Кніга плаўна пераходзіць у кнігу, утвараючы цыкл.

Кніга “Перш чым іх павесяць” з’яўляецца другой часткай трылогіі “Першы закон”, якая ў сваю чаргу з’яўляецца часткай цыкла “Зямны круг”. Згаданы цыкл утрымлівае дзесяць кніг, з якіх яшчэ не ўсе паспелі перакласці на рускую мову і выдаць на нашай літаратурна-чытацкай прасторы. Да таго ж, названы цыкл у пісьменніка-фэнтэзіста не адзіны, здаецца, маюцца яшчэ. У раённай бібліятэцы ў наяўнасці менавіта толькі гэтая, другая кніга з трылогіі пра зямны круг. Яна можа ўспрымацца як самастойная адзінка і, каб пазнаёміцца з творчасцю папулярнага аўтара, яе будзе дастаткова. Аднак, можна сабрацца з сіламі і набыць у кнігарнях усю трылогію, або цалкам выдадзеныя кнігі цыклу. Пытанне толькі ў адным: яно вам трэба? Між іншым заўважу, сярод моладзі творчасць Д.Аберкромбі карыстаецца поспехам і гэта слушна.

Агляд зрабіў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *