Пад пільнай увагай і садовыя таварыствы

Чарговае пасяджэнне раённай камісіі па садзейнічанні рабоце аглядавых камісій пад старшынствам У.М. Навіцкага пачалося з размовы са старшынямі садаводчых таварыстваў. Усяго ў раёне арэгістравана 10 таварыстваў, прадстаўнікі большасці з іх прысутнічалі на пасяджэнні. З папярэджаннем і рэкамендацыямі да іх звярнуўся начальнік Бярэзінскага РАНС М.В. Андрыевіч, які асаблівую ўвагу звярнуў на надыход вясны, а значыць, і пажаранебяспечнага перыяду. Гэта найбольш актыўны час, калі дачнікі пачынаюць наводзіць парадак на сваіх участках, спальваць смецце.
Як вядома, рабіць гэта неабходна пры абавязковай умове выканання ўсіх мер пажарнай бяспекі, а лепш, ад бяды далей, – не паліць увогуле. Акрамя таго, старшыні садаводчых таварыстваў, нягледзячы на тое, што зіма – найбольш спакойны час для дачнікаў, павінны ведаць, хто прыязджае ў гэты час у свае летнія дамы і правесці з імі гутарку.
Са справаздачамі аб рабоце ў напрамку пажарнай бяспекі на пасяджэнні выступілі намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме А.С. Петруковіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.М. Лучанок. Аб рабоце, якая праведзена аглядавымі камісіямі, расказалі старшыні сельвыканкамаў і старшыня гарадской аглядавай камісіі А.У. Кніга.
Вынікі пасяджэння падвёў і паставіў новыя задачы У.М. Навіцкі.

Ала АЛЬФЕР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *