Падарылі радасць бабулям і дзядулям

У Мінскай вобласці прайшла ўнікальная дабрачынная акцыя “Падары радасць бліжняму”. Далучыліся да яе мясцовая ўлада і духавества Бярэзіншчыны.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцва  Алена Жолудзева, дабрачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі, протаіерэй Ілья Ганчарук, сёстры міласэрнасці  завіталі з віншаваннямі і падарункамі да бабуль і дзядуляў, якія пражываюць у аддзяленні кругласутачнага прабывання ў Дулебах.

— Хрыстос Уваскрэс! Хрыстос Уваскрэс! Хрыстос Уваскрэс! — вітаў прысутных айцец Ілья.

Радасць. Усмешкі. Нават слёзы. Было бачна, што бабуль і дзядуляў перапаўняюць эмоцыі.

Усе далучыліся да малебна, затым кожны атрымаўпасвенчаныя кулічы, велікодныя яйкі, падарункі.

— Віншуем вас з такім цудоўным, светлым днём – Вялікаднем, — зазначыў Уладзімір Міхайлавіч. — Моцнага вам здароўя, цярпення і даўгалецця.

… Працуе гэтае аддзяленне з пачатку 2009 года і разлічана на 40 месцаў. Але колькасць жыхароў мяняецца амаль кожны тыдзень. Калі мы завіталі, іх было 22 чалавекі. Многія на вясенне-летні перыяд паехалі дамоў. … У кожнага з іх,  адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, і свая нялёгкая дарога да новага дома ў Дулебах.

— Я ўсё жыццё адпрацавала ў аптэцы правізарам. За працу мела шмат узнагарод. Так сталася, што ўжо шосты год я пражываю ў Дулебах, — расказвае Валянціна Вашчанок. – Так, сумую па доме. Але і тут для нас, дзякаваць Богу, створаны добрыя ўмовы для пражывання. Цёпла, утульна, смачна накормленыя. Для нас работнікі за гэты час сталі роднымі. Яны да нас адносяцца з міласэрнасцю, як да сваіх. Радуюся, што на Вялікдзень нам арганізавалі такое свята. Разам памаліліся. Столькі падарункаў, віншаванняў, а галоўнае — увагі. Дзякуй, што дзяржава клапоціцца пра нас. Так, мы адзінокія, але не забытыя!

І кожны імкнуўся падзяліцца сваёй гісторыяй, выказаць словы падзякі за ўвагу.

Старажыл аддзялення Ніна Прохарава. Яна любіць спяваць, ведае шмат песен, прыпевак…

— Часта згадваю юнацтва, маладосць, працоўную дзейнасць, — расказвае Ніна Канстанцінаўна. – Усё жыццё адпрацавала  матарысткай на Бярэзінскім торфапрадпрыемстве. Прыемна, што кіраўніцтва завода і сёння не забывае пра мяне, віншуе са святамі, дасылае падарункі, аказвае матэрыяльную дапамогу. Значыць, не дарэмна я там адпрацавала больш за 30 гадоў! Часта ўзгадваю сваю хату… Вядома, тут не тое, але чаго наракаць, накормлена, сплю ў чыстай, цёплай пасцелі, ёсць з кім пагутарыць, а мне больш нічога і не патрэбна!

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *