Падводзім вынікі года разам з карэспандэнтам «БП»

Лічаныя гадзіны застаюцца да самай важнай і галоўнай падзеі года — навагодняга свята. Яго мы чакалі даўно і з вялікім нецярпеннем, бо яшчэ з самага пачатку снежня пышна ўпрыгожылі свае дамы, кватэры і адміністрацыйныя будынкі, загадзя прадумалі меню, закупіліся прадуктамі і нават падабралі сабе навагодні ўбор. Яшчэ зусім нямнога — і нас чакаюць смачныя “оливье” і селядзец пад шубай, знаёмы з самага дзяцінства водар мандарынаў і жывой прыгажуні-ёлкі, і, вядома, шчырыя і задушэўныя пажаданні пад традыцыйны бой курантаў.

Мы спяшаемся як мага хутчэй праводзіць высакосны год Металічнага Пацука і належным чынам сустрэць яго паслядоўніка — Металічнага Быка. У гэтыя апошнія гадзіны адыходзячага года толькі гэта нам падаецца самым важным і неабходным, што адкіне ад нас у адзін момант усе няшчасці і трывогі, верне нам былы страчаны спакой і пачуццё раўнавагі.
Наперадзе яшчэ доўгія навагоднія і калядныя выхадныя, якія медыкі раяць правесці ў сям’і па прычыне пандэміі. Не выключана, што ўвечары пасля шумнага вяселля кожны з нас перагледзіць свае адносіны да адыходзячага года, а нехта нават і засумуе па ім, бо ён для ўсіх нас такі неадназначны. Таму перад тым, як радасна ўскрыкнуць адыходзячаму году “Прощай, мы расстаемся навсегда под белым небом января”, успомнім, за што можам быць удзячнымі году Металічнага Пацука.

Па-першае, мы навучыліся давяраць зоркам і розным прадказанням. Дрэнна гэта ці добра — цяжка сказаць. Але ці не зоркі ў канцы 2019 года абяцалі нам няпросты і складаны перыяд. Ды і не варта забывацца пра словы экспертаў, якія ўголас гаварылі аб палітычным крызісе і няпростым эканамічным перыядзе. Таму ў святочныя дні знайдзіце вольную хвіліну, каб перагледзець свае планы. Ды і ці навучыліся мы, дзякуючы Пацуку, ставіцца да інфармацыі з пэўнай доляй скепсісу. Не забылі яшчэ, што такое фейк? Запомніце: адрозніваць хлуслівую інфармацыю ад праўдзівай трэба не толькі каб разабрацца ў палітычнай сітуацыі, але і ў звычайным жыцці, каб не трапіць на вудачку розных махляроў.

Па-другое, мы ізноў зразумелі сутнасць спрадвечнай ісціны — няма на свеце нічога даражэйшага за здароўе людзей. Яго не купіш ні за якія грошы, бо каранавірусу ўсё роўна: жывеш ты ў цесным інтэрнаце ці ўласным двухпавярховым доме, ездзіш на мерседэсе альбо запарожцы, снедаеш замежнай фуагрой альбо звычайным бутэрбродам. Ён можа забраць у цябе ўсё: спакой, свабоду, здароўе і нават самых блізкіх людзей.

Ды і рана папракаць пандэмію! Мы ж навучыліся клапаціцца пра сябе, больш сур’ёзна ставіцца да пытанняў гігіены. Гэта не стане лішнім і спатрэбіцца кожнаму з нас на доўгія гады. Трэба аддзячыць пандэміі за тое, што яна ў пэўным сэнсе змяніла наш свет да лепшага. Мы сталі больш уважлівымі і чуллівымі, пачалі клапаціцца пра іншых і па-сапраўднаму цаніць сваю сям’ю, слухаць і адчуваць адзін аднаго. Дзеля гэтага мы ўжо не шкадуем грошай на тэлефоне, паліва ў машыне і адкрылі для сябе валанцёрства. Ды і не эгаісты ж мы з вамі, калі можам паспачуваць суседу, знайсці вольны час і адвезці на ўласнай машыне лекі і прадукты незнаёмцу, вынесці смецце хвораму калегу, падзякаваць медыкам за іх працу.

Па–трэцяе, мы сталі бліжэй адзін да аднаго, бо ў 2020 годзе свет звузіўся да памераў горада альбо кватэры. Яшчэ ў 2019 нам падавалася неверагодным праводзіць чарговы водпуск у чатырох сценах, а сёння многія з нас знаходзяць у гэтым пэўны сэнс: у рэшце рэшт можна навесці парадак на дачы, завяршыць рамонт, дачытаць кнігу і шчыра нагаварыцца з бацькамі. Мы перасталі спяшацца жыць, навучыліся даражыць кожнай хвілінай і быць шчаслівымі без лішніх укладанняў.

Мяркую, што ўсе гэтыя і іншыя ўрокі не згубяцца і не страцяць сэнс у год Металічнага Быка. А мы, зрабіўшы работу над памылкамі ў доўгія выхадныя, абавязкова станем шчаслівымі. Трэба толькі моцна пастарацца і не згубіць веру ў цуд!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *