Бярэзінцы вызначылі пераможцу фотаконкурсу “Ураджай-2019”

Вось і закончыўся фотаконкурс “Ураджай-2019”, які правёў калектыў рэдакцыі газеты “Бярэзінская панарама”. Прагаласаваць за работы, што спадабаліся, можна было анлайн на сайце газеты. Больш за ўсё галасоў атрымалі фотаздымкі “Багаты ўраджай” і “Аранжавы цуд”, якія даслала Алена Сяліцкая. Віншуем!

— Мы жывём ва ўласным доме ў Беразіно, — расказвае Алена. – Вядома ж, кожны год садзім агарод. Сёлета асабліва ўрадзілі гарбузы і кабачкі. Велізарныя, цяжкія, сакавітыя! Было іх вельмі-вельмі шмат, нават суседзям раздавалі. Пра фотаконкурс даведалася з газеты, ды і калегі — працую кіраўніком студыі выяўленчага мастацтва ў дашкольным цэнтры развіцця “Родничок” — параілі даслаць здымкі. Так і зрабіла. Шчыра кажучы, перамога для мяне нечаканая і вельмі прыемная. Я даўні “сябар” “Бярэзінскай панарамы”. Больш за ўсё падабаецца чытаць пра людзей, знаёмых, калег. Любімая тэматыка – адукацыя. Але чытаю ўсё з задавальненнем. Бачна, што газета мяняецца ў лепшы бок.


Паважаныя чытачы, дзякуй усім, хто далучыўся да нашага фотаконкурсу, прыняў удзел у галасаванні. Усе работы былі крэатыўныя і творчыя. Глянеш, адразу бачна, што на Бярэзіншчыне жывуць сапраўдныя гаспадары, у якіх ўрадзілі і бульба, і перцы, і гарбузы, і кабачкі, і морква, і агуркі…
Днямі мы павіншавалі Алену з перамогай і ўручылі ёй падарунак — сертыфікат на манікюр ад індывідуальнага прадпрымальніка Юліі Акікі.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *