Першы партызанскі атрад на Бярэзіншчыне

Імкліва наступалі фашысты, захопліваючы ўсё большую тэрыторыю Беларусі. Аднак ужо ў першыя дні вайны яны не адчувалі сябе спакойна на акупіраванай тэрыторыі. Практычна з пачатку баявых дзеянняў з супрацоўнікаў НКДБ былі скамплектаваны партызанскія атрады, адзін з іх дзейнічаў у Бярэзінскім раёне пад кіраўніцтвам Сямёна Васільевіча Юрына (намесніка начальніка УНКДБ Беластоцкай вобласці).
Як сведчаць дакументы, Бярэзінскі атрад (“Васільева”), створаны 26 чэрвеня, налічваў 96 байцоў, меў на ўзбраенні 2 ПДД, 5 ручных кулямётаў, 1 станкавы кулямёт, 60 скрынь гранат. У раён дзеяння атрад прыбыў 1 ліпеня і адразу быў падзелены на 8 аператыўных груп. Ім удалося за непрацяглы час арганізаваць у 10 сельсаветах Бярэзінскага раёна групы з ліку мясцовага партыйнага і калгаснага актыву для барацьбы з варожымі дыверсантамі, а таксама партызанскія групы. Імі было ліквідавана 5 груп парашутыстаў і дыверсантаў.
Бярэзінскі атрад НКДБ БССР прыняў удзел у абароне Беразіно. 14 ліпеня была праведзена аперацыя супраць германскай воінскай часці, якую перакідвалі ў раён Магілёва. Пасля атрымання разведдадзеных аб прасоўванні непрыяцеля Бярэзінскі атрад арганізаваў засаду на лясной дарозе ў раёне вёсак Мачаск і Ягадка Бярэзінскага раёна. У выніку бою партызаны знішчылі легкавую і 2 грузавыя аўтамашыны з боепрыпасамі, а таксама рассеялі калону з больш чым 100 матацыклістаў.
“Пасля гэтай аперацыі фашысты спынілі рух па глухіх дарогах і зусім не паяўляліся дробнымі групамі, — гаворыцца ў данясенні камандавання атрада. – Працяглы час яны не ездзілі і па Бярэзінскай шашы…”. У сярэдзіне жніўня фашысты аднавілі рух па шашы ў бок Магілёва. 17 жніўня атрад чэкістаў напаў на калону германскіх войскаў у раёне вёскі Пагост. За паспяховыя дзеянні ў тыле ворага камандзір Бярэзінскага партызанскага атрада С.В. Юрын быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Берыя – Сталіну
Аб стварэнні партызанскіх атрадаў і дыверсій-ных груп для дзеяння ў тыле ворага
(Запіска наркама ўнутраных спраў СССР Л.П. Берыя І.В. Сталіну)

8 жніўня 1941 г.
Зусім сакрэтна

Дзяржаўны камітэт Абароны Саюза ССР таварышу Сталіну
Партызанскі атрад Юрына ў Бярэзінскім раёне (Магілёўская вобласць) пры сутыкненні з калонай нямецкіх войск у 200 чалавек знішчыў 150 чалавек і астатніх рассеяў.

Народны камісар унутраных спраў Саюза ССР Л. Берыя.
(“Известия ЦК КПСС”, № 9 (308),  верасень 1990 г., стар. 198).

Партызанскі атрад Васільева

Дзейнічаў асобна ў Айчынную вайну на акупі-раванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Магілёўскай вобласці (Бярэзінскі раён).
Створаны ў ліпені 1941 года ў Бярэзінскім раёне як знішчальны атрад, потым перайшоў да партызанскіх метадаў барацьбы. У кастрычніку 1941 года выйшаў у савецкі тыл. Камандзір С.В. Юрын.
Партызаны ў ліпені 1941 года каля вёскі Мачаск разграмілі варожую аўтакалону.

(Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, том 8, стар. 242).

З успамінаў С.В. Юрына

Як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ЦК Кампартыі Беларусі ўзначаліў арганізацыю партызанскага руху і кіраваў барацьбой народных мас з фашысцкай навалай. Па рашэнні Цэнтральнага Камітэта ва ўсе раёны рэспублікі былі накіраваны партыйныя актывісты, арганізатары партызанскіх атрадаў. Мяне накіравалі ў Бярэзінскі раён.
Прыбыўшы сюды, адразу накіраваўся ў райкам партыі. Гэта было 27 чэрвеня 1941 года. У райкаме правялі пашыранае пасяджэнне бюро. На парадку дня стаяла адзінае пытанне: арганізацыя барацьбы супраць ворага. Для падпольнай работы былі пакінуты верныя сыны Радзімы, стойкія камуністы. Яны, не раздумваючы, смела пакрочылі насустрач небяспецы, пайшлі ў масы, каб падняць і арганізаваць іх наносіць сакрушальныя ўдары па ворагу.
Ужо ў першых сутычках з фашыстамі было бачна, што нашы людзі не спалохаліся цяжкасцей, яны поўныя рашучасці змагацца за перамогу. Памятаю той дзень, калі каля ракі Бярэзіны разам з чырвонаармейцамі смела ўступілі ў бой з ворагам і мірныя жыхары, першыя партызаны – камуністы і камсамольцы. Але сілы былі няроўныя. Часова прыходзілася адступаць.
Фашысты разлічвалі на маланкавую перамогу, аднак сустрэлі моцны заслон на сваім шляху. Яны выкарыстоўвалі розныя метады, каб запалохаць савецкіх людзей, паставіць іх на калені. Бачачы, што нішто не дапамагае, яны па радыё, у лістоўках распускалі чуткі, што, маўляў, перадавыя нямецкія часці ўступілі на вуліцы Масквы, і хутка сталіца савецкай краіны будзе поўнасцю ў іх руках.
У нашым атрадзе быў радыёпрыёмнік. Мы што-дня ўключалі яго і слухалі навіны. Запісаўшы іх, распаўсюджвалі сярод насельніцтва, даносячы ўсю праўду да людзей, выкрываючы лухту варожай прапаганды.
І людзі нам верылі. Да нас ішлі новыя сілы. Першы бой атрад правёў на дарозе Мачаск-Ягадка. Былі знішчаны ворагі, якія на аўтамабілях дабіраліся на фронт. Партызаны паверылі ў свае сілы, больш смела ішлі на баявыя аперацыі. Грамілі ворага паўсюдна. Нідзе яму не было спакою.

З успамінаў сакратара Бярэзінскага падпольнага райкама партыі, члена Магілёўскага абкама КП(б)Б  І.П. Сакалоўскага

Падпольшчыкі Васіль Буры, Іван Слабко, Дзмітрый Ігнатовіч і іншыя пад кіраўніцтвам Сямёна Васільевіча Юрына ў першыя дні акупацыі раёна смела атакавалі калону аўтамашын з войскамі, якія рухаліся па дарозе Мачаск-Ягадка. Дружным ружэйным і аўтаматным агнём з лясной засады яны знішчылі больш за сотню фашыстаў.

З успамінаў непасрэднага ўдзельніка бою Васіля Мікітавіча Бурага

14 ліпеня 1941 года на дарозе Мачаск-Ягадка Бярэзінскага раёна невялікі партызанскі атрад, якім камандаваў падпалкоўнік Сямён Васільевіч Юрын, арганізаваў у лесе засаду. У 16 гадзін па гэтай дарозе ішлі тры фашысцкія аўтамашыны: спераду легкавая з афіцэрамі і дзве васьмітонкі, крытыя, з жывой сілай фашыстаў. Легкавая была збіта кулямётнай чаргой, а грузавыя ўпёрліся ў легкавую і былі закіданы гранатамі, абстраляны чэргамі з кулямётаў і аўтаматаў. Усе тры аўтамашыны загарэліся, каля сотні фашыстаў закончылі свой паход.

Слова пра сябра

Праз два тыдні пасля нападу гітлераўцаў на нашу краіну па вёсках Мачаскага сельсавета разнесліся чуткі аб тым, што ў бярэзінскіх лясах паявіліся партызаны, узброеныя, у ваеннай форме. 3 ліпеня 1941 года, выслухаўшы ўважліва выступленне па радыё І.В. Сталіна, старшыня Мачаскага сельсавета В.М. Буры накіраваўся ў лес, дзе і сустрэўся з двума невядомымі ў чырвонаармейскай форме. Яны павялі Бурага да свайго камандзіра. Падпалкоўнік НКУС праверыў дакументы Васіля Мікітавіча, задаў некалькі пытанняў і сказаў:
— Для пачатку залічваю ў атрад радавым.
Камандзірам гэтага невялікага атрада быў былы намеснік начальніка Беластоцкага абласнога ўпраўлення НКДБ Сямён Васільевіч Юрын па мянушцы “Васільеў”. Сюды ён быў накіраваны ЦК КП(б)Б
з невялікім дыверсійным атрадам.
— Вось у каго трэба было вучыцца біць фашыстаў, — успамінаў В.М. Буры. – Смелы, патрабавальны да сябе і да падначаленых, ён заўсёды шукаў сустрэчы з акупантамі. 14 ліпеня 1941 года ён арганізаваў засаду на дарозе Мачаск- Ягадка. Чакалі доўга і з нецярпеннем. Нарэшце паказалася легкавая машына з афіцэрамі, а за ёй два крытых грузавікі. Нечаканы ўдар і больш за сто фашыстаў на гэтай аўтадарозе закончылі свой “бліц крыг” у Расіі. Гэта схватка была для мяне першым баявым хрышчэннем і вялікай навукай у будучых баях з акупантамі.
21 кастрычніка 1941 года атрад С.В. Юрына выйшаў у савецкі тыл. Сямён Васільевіч пакінуў Бураму наган, пяць вінтовак, патроны, гранаты, кухонную маё-масць і параіў пакуль што заставацца ў роднай вёсцы, весці падпольную работу, рыхтавацца да новых баёў. Зброя была надзейна схавана і ў далейшым вельмі спатрэбілася.

В. Макарчык.
(Газета “Маяк камунізму”, 31 мая 1984 г.).

 

Смелы ўдар

Ішоў 23-ці дзень вайны. Узброеныя да зубоў гітлераўцы, як раз’юшаныя звяры, перліся на ўсход. Усе дарогі забіты баявой тэхнікай і салдатамі. Вялікая колькасць варожай сілы была і на дарозе Мачаск-Ягадка. Праследуючы нашы адыходзячыя сілы, фашысты спяшаліся “на Маскву”. Ім нават няўцям было, што савецкія людзі ні перад кім не становяцца на калені, што на нашай свяшчэннай зямлі кожны куст страляць можа. Вось і раздаліся кулямётныя ды аўтаматныя стрэлы ў лясным гушчары ва ўрочышчы “Крывец”. Група работнікаў органаў Дзяржаўнай бяспекі, якую ўзначальваў Сямён Васільевіч Юрын (падпольная мянушка «Васільеў») з мясцовымі актывістамі Васілём Мікітавічам Бурым, Іванам Канстанцінавічам Слабко, камсамольцам Міхаілам Ігнатовічам і яго бацькам Дзмітрыем Ільічом смела атакавалі калону фашыстаў.
Савецкія патрыёты ў няроўнай жорсткай перастрэлцы знішчылі тры варожыя аўтамашыны і больш за сотню фрыцаў.
Гэта быў першы ўдар, нанесены ворагу ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Мачаскага сельсавета.

М. Свірыдовіч.

Падрыхтавала аўтар праекта Ала АЛЬФЕР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *