Перспектыўныя напрамкі развіцця Бярэзінскага раёна абмеркавалі на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва

 

Перспектыўныя напрамкі развіцця Бярэзінскага раёна абмеркавалі на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Паўлам Сугака

Напачатку сустрэчы Павел Міхайлавіч спыніўся на асноўных мерапрыемствах V Тыдня беларускага прадпрымальніцтва, што пройдзе ў Беларусі з 24 лютага па 1 сакавіка. У праграме мерапрыемстваў — семінары, канферэнцыі, выступленні топ-менеджараў і бізнес-лідараў краіны, а таксама круглыя сталы, дыскусіі па актуальных пытаннях і напрамках развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі. Важнай падзеяй тыдня стане Рэспубліканскі дзелавы Форум “Развіццё прадпрымальніцтва Беларусі: стратэгія і тактыка”.


Затым прысутныя разгледзелі праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці на 2021-2025 гады і ўнеслі свае прапановы па развіцці Бярэзінскага раёна на бліжэйшую пяцігодку.

Згодна з абласным праектам развіцця Міншчыны на пяцігодку, вытворчыя акцэнты зроблены на Стаўбцоўскім, Пухавіцкім, Барысаўскім, Маладзечанскім і Салігорскім раёнах. Турыстычны патэнцыял адзначаны ў Валожынскім, Вілейскім і Мядзельскім рэгіёнах.
Што датычыць сфер гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, то ў кожным рэгіёне яны павінны набыць пашырэнне ў сельскай мясцовасці. Асаблівая ўвага нададзена наладжванню бесперабойнай работы аўтамагазінаў на вёсках, развіццю прыдарожнага сэрвісу, а таксама ўцягванню ў гаспадарчы абарот даўгабудаў і неэксплуатуемых аб’ектаў, у першую чаргу камунальнай формы ўласнасці, распрацоўцы прапаноў як для суб’ектаў малога бізнесу, так і буйных інвестараў.
У галіне аховы здароўя Міншчыны чакаюцца далейшая аптымізацыя, адкрыццё новых аб’ектаў, умацаванне кадравага саставу і матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў. Галоўны аспект — даступнасць медабслугоўвання для жыхароў рэгіёнаў.
У галіне спорту і турызму да 2025 года запланавана завяршыць будаўніцтва плавальных басейнаў ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Значную ролю ў развіцці Міншчыны адыгрывае і турыстычны складнік.
У цэлым Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці на пяцігодку скіравана на забеспячэнне камфортнай жыццядзейнасці жыхароў кожнага рэгіёна.

Свае прапановы па паляпшэнні жыцця бярэзінцаў унеслі мясцовыя бізнесмены. На іх думку, у нашым раёне ёсць усё неабходнае для паспяховага развіцця турызму і прыдарожнага сэрвісу, вядзення гандлю і наладжвання прамысловасці. Менавіта гэтыя прыярытэтныя накірункі пяцігадовага руху наперад дазволяць павысіць дабрабыт жыхароў Бярэзіншчыны.
Таксама прадпрымальнікі падзяліліся праблемамі, што ўзнікалі падчас іх дзейнасці, а таксама ўзнялі складаныя пытанні, што патрабуюць падтрымкі ў вырашэнні.


У рабоце пасяджэння прыняла ўдзел начальнік аддзела прадпрымальніцтва Мінаблвыканкама Ганна Кухлеўская.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *