Пра што ішла гаворка на сустрэчы парламентарыя з бярэзінскімі педагогамі?

У мінулы панядзелак дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Лаўрыненка правёў у Паплаўскім сельвыканкаме асабісты прыём грамадзян, а затым сустрэўся з педагогамі мясцовай школы і падзяліўся з імі ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога ён быў у якасці парламентарыя.

— Інфармацыі пра форум, — адзначыў Ігар Уладзіміравіч, — змешчана нямала ў СМІ, на сайтах, у тэлеграм-каналах і г.д. з разнастайнай ацэнкай дадзенага мерапрыемства. Я ж хачу выказаць свае ўражанні, што засталіся пасля сходу.

Пачну з таго, што гэта ўжо шостае падобнае мерапрыемства. І ніякай навацыі тут або надзвычайнасці ў правядзенні яго, як паказвалі некаторыя СМІ, не было. Прадстаўнікі старэйшага пакалення памятаюць былыя партыйныя з’езды, якія праводзіліся з перыядычнасцю раз у пяць гадоў і вырашалі найбольш актуальныя пытанні жыцця Савецкага Саюза. Добра гэта было ці дрэнна? Мне падаецца, што добра. Ды і шэраг іншых рэчаў, што былі ў той час, заслугоўваюць увагі і пераймання.

Між тым, форум праходзіў у асаблівых умовах. Што гэта за ўмовы? Адна з праблем — пандэмія. І яна з катэгорыі медыцынскай выйшла ў сацыяльную і палітычную галіны, наклала адбітак на эканоміку краіны. Яшчэ адно пытанне — гэта тое, што свет падышоў да этапу чарговага перадзелу, як бы рэзка гэта ні гучала. І Беларусь не можа не падпадаць пад гэты ўплыў.

Тое, што ідзе барацьба за розумы, барацьба за нашу моладзь, у мяне ніякіх сумненняў няма. І апрацоўка пачалася задоўга да 9 жніўня, абстаноўка ў краіне наўмысна падагравалася і раскручвалася. А адразу пасля правядзення выбараў Прэзідэнта была арганізавана спроба сілавога захопу ўлады. Патрабаванні гучалі чыста палітычныя – змена кіраўніцтва і дзяржаўнага ладу. Гэта аб той абстаноўцы, у якой праходзіў сход.

Аб характары мерапрыемства. У мяне засталося шмат станоўчых уражанняў. Я бываў на многіх мерапрыемствах падобнага роду, але атмасфера, што панавала на нашым нацыянальным форуме, вылучалася дабрадушнасцю, форум стаў сапраўднай платформай для зносін паміж дэлегатамі.

Калі гаварыць пра даклад Прэзідэнта, то падчас яго выступлення я яшчэ раз пераканаўся ў здольнасцях кіраўніка дзяржавы ведаць сітуацыю і валодаць ёю. Выступленні дэлегатаў таксама выклікалі цікавасць, асабліва прадстаўнікоў маладога пакалення. Па выніках форуму была прынята рэзалюцыя і вызначаны прыярытэты для руху ў бліжэйшыя пяць гадоў.

Вайна сёння разгарэлася ў інфармацыйным полі. Моладзь аддае перавагу тэлеграм-каналам, інтэрнэту, дзе інфармацыя падаецца аднабока і не адлюстроўвае паўнаты жыцця нашай рэспублікі. І што асабліва непрымальна — гэта адкрытае знешняе ўмяшанне ў нашы справы.

Галоўная палітыка нашай дзяржавы — сацыяльная. І яна не на словах. Мне ёсць з чым параўнаць, бо я па родзе дзейнасці шмат ездзіў па іншых краінах. І калі некаторыя тэлеграм-каналы пішуць, што ў нас краіна не для жыцця, я з гэтым нязгодны. У нас належныя медабслугоўванне і адукацыя. А колькі робіцца для старэйшага пакалення ў плане сацыяльнай абароны. Падобныя падыходы ёсць далёка не ў кожнай краіне.

І тое, што мы перажылі пераходны перыяд без вайны, гэта вялікая заслуга, бо ў многіх былых краінах СССР без гэтага не абышлося. А ўзгадайце шокавую тэрапію, калі ў многіх краінах па паўгода людзі не атрымлівалі зарплату. У нас такога не было. Ніводная рэвалюцыя не абыходзіцца без негатыўных наступстваў. Дык можа патрэбны эвалюцыйныя перамены? Пра гэта гаворка ішла і на сходзе. Так, нас чакаюць канстытуцыйныя рэформы. І да канца гэтага года, як сказаў Прэзідэнт, будзе распрацаваны і прыняты новы праект Канстытуцыі.

Жыццё працягваецца. Нам трэба выхоўваць дзяцей, працаваць, ствараць і паляпшаць свой дабрабыт. І я ўдзячны вам, педагогам, за тую справу, якую вы робіце. Ад вас многае залежыць.

На сходзе была пастаўлена задача скласці праграму патрыятычнага выхавання моладзі. Гэта задача не толькі сям’і, а і школы. Поспехаў вам у вашай нялёгкай справе і вялікі дзякуй за тое, што вы ставіцеся да яе творча і з усёй адказнасцю.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *