Прафесійнае свята адзначылі супрацоўнікі ваенных камісарыятаў

Днямі ў краіне адзначаўся Дзень ваенных камісарыятаў. Яго лічыць сваім прафесійным святам вядучы спецыяліст абасобленай групы ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Вольга Вансевіч.

У ваенкамаце яна шчыруе вось ужо 17 гадоў. Пачынала з пасады інспектара, а сёння адказвае за ўлік ваенна-абавязаных асоб у раёне.

– З вопыту працы магу сказаць, што вайсковая служба загартоўвае юнакоў, і яны праз паўтара года становяцца сапраўднымі мужчынамі, – заўважае Вольга Віктараўна. – Гэта ўжо сталыя людзі, якія строяць рэальныя планы і ставяць канкрэтныя мэты. Нездарма ж мужчыны з вайсковым білетам – у пашане ў наймальнікаў, а іх правы надзейна ахоўваюцца заканадаўствам.

Такое стаўленне да вайсковай службы ў Вольгі Вансевіч абумоўлена не толькі службовымі абавязкамі. Яна – шчаслівая матуля траіх дзяцей. Старэйшы сын Дзмітрый сёлета заканчвае школу.

– У яго планах штурмаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, — гаворыць жанчына, – але і пра свой абавязак адслужыць тэрміновую службу ён не забываецца. Ужо прыняў удзел у мерапрыемствах па прыпісцы, і калі атрымае позву, ухіляцца не будзе. А мы з мужам і дачушкамі будзем чакаць дома нашага абаронцу і надзею!

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *