Прафесійнае свята адзначаюць работнікі статыстыкі

Напярэдадні прафесійнага свята гутарым з начальнікам Бярэзінскага раённага аддзела статыстыкі Аленай Мельнік.


— Алена Рыгораўна, канец мінулага года для вашай службы аказаўся складаным і насычаным у сувязі з правядзеннем у Беларусі чарговага перапісу насельніцтва. Што ён паказаў? Ці падведзены вынікі перапісу?

— Так, сапраўды, гэта была важная і адказная кампанія, прычым не толькі для работнікаў дзяржаўнай статыстыкі, да яе былі прыцягнуты і іншыя службы.
У прыватнасці, для правядзення перапісу ў нашым раёне дадаткова было задзейнічана 27 перапісчыкаў, што значна менш у параўнанні з аналагічнымі папярэднімі кампаніямі. Вялікая работа праводзілася па ўпарадкаванні нумарацыі дамоў і назваў вуліц для таго, каб рэспандэнтаў як мага лягчэй можна было адшукаць. Дарэчы, перапіс праводзіўся не толькі шляхам наведання грамадзян дома, але і за кошт арганізацыі дзейнасці стацыянарных участкаў (такіх на Бярэзіншчыне было два – у раённым цэнтры культуры і памяшканні Капланецкага сельвыканкама), а таксама з дапамогай сістэмы інтэрнэт.
Менавіта апошняя акалічнасць пасадзейнічала таму, што перапіс 2019 года аказаўся, як ніколі раней, найбольш поўным. Па яго выніках колькасць насельніцтва Бярэзіншчыны павялічылася больш як на тысячу чалавек і зараз (паўтаруся, па папярэдніх звестках) яно складае 23 тысячы чалавек. Падобны факт яскрава сведчыць аб тым, што жыхары раёна вельмі адказна падышлі да перапісной кампаніі і актыўна ў яе ўключыліся. Дзякуючы добра наладжанай арганізацыйнай рабоце, менавіта Бярэзінскі раён разам з Копыльскім аказаўся ў ліку першых рэгіёнаў, якія паспяхова завяршылі перапіс.

— Цікава было б прасачыць за дэмаграфічнай сітуацыяй нашага рэгіёна за час, які прайшоў з моманту правядзення папярэдняга перапісу.

— Ён праводзіўся дзесяць гадоў таму назад, традыцыйна – раз у дзесяцігоддзе. Тады па выніках перапісу, па больш удакладненых звестках, колькасць насельніцтва склала 24,9 тысячы чалавек. Як бачым, за мінулы час яна скарацілася. Фактары, што садзейнічалі таму, — смяротнасць, больш нізкая нараджальнасць, а таксама міграцыя насельніцтва. Апошнім часам дэмаграфічная сітуацыя нармалізуецца.

— Леташняя напружаная пара засталася ў мінулым годзе. Чым сёння займаецца аддзел, якія задачы вырашае?

— Статыстычную справаздачнасць ніхто не адмяняў, і патрэбна яна не толькі для адлюстравання жыцця і эканамічнай дзейнасці краіны і кожнага яе рэгіёна, але і для перспектыўнага планавання далейшага іх развіцця. Кожны калектыў у адпаведнасці з класіфікатарам дзейнасці ў абавязковым парадку рыхтуе справаздачы.
Прыёмам такіх дакументаў звычайна займаюцца начальнік аддзела, яго намеснік і эканаміст. Яшчэ два супрацоўнікі заняты кантролем цэн у гандлёвых прадпрыемствах раёна і на рынках. Дарэчы, такія спецыялісты працуюць у штаце толькі пяці раённых аддзелаў статыстыкі вобласці. Ёсць у нас і чалавек, які займаецца вывучэннем уласных падворкаў вяскоўцаў: якую жывёлу яны ўтрымліваюць, што вырошчваюць, які прыбытак маюць ад гэтага занятку, як ён адбіваецца на дабрабыце і г.д.
Такі наш калектыў. Нешматлікі. У сувязі з уводам электроннай справаздачнасці і скарачэннем нагрузкі на работніка ў свой час прайшла аптымізацыя. І хоць сёння, сапраўды, поўным ходам працуе сістэма электроннай справаздачнасці, чалавечы фактар гэта не выключае.
Але не будзем больш аб праблемах. Напярэдадні прафесійнага свята хачу сказаць вялікі дзякуй калегам за іх працу, а таксама асобныя шчырыя словы ўсім тым, хто доўгі час працаваў у органах дзяржаўнай статыстыкі і пакінуў добры след. Са святам!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *