Прафілактыка правапарушэнняў, дарожны траўматызм, кіберзлачыннасць…

Гэтыя пытанні і іншыя сталі тэмай абмеркавання падчас пасяджэння райвыканкама

Прысутныя на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Бабічавым разгледзелі эфектыўнасць выканання Комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў у Бярэзінскім раёне.

Як было адзначана ў выступленнях, дзякуючы наладжанаму ўзаемадзеянню праваахоўнікаў, ідэолагаў, педагогаў, медыкаў, сацработнікаў, выратавальнікаў, камунальнікаў, прадстаўнікоў сельскай улады, камісіі па справах непаўналетніх, СМІ, маладзёжных і грамадскіх арганізацый у 2019 годзе ўдалося забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку на тэрыторыі раёна, аператыўна раскрыць злачынствы і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці. Разам з тым, удалося дамагчыся зніжэння колькасці зарэгістраваных злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, асобамі, якія маюць судзімасць, а таксама асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Зніжэнне колькасці злачынстваў па лініі ўсіх службаў назіралася ў сельскай мясцовасці. Найбольшае зніжэнне зарэгістравана на тэрыторыях Пагосцкага і Бярэзінскага сельскіх Саветаў (-13 і -18 да ўзроўню 2018 года адпаведна).
У агульнай структуры злачыннасці пераважалі крадзяжы маёмасці ўсіх формаў уласнасці, факты ўхілення бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні, хуліганствы, крадзяжы шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі.
Сёння асаблівую трывогу выклікаюць злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. Калі ў 2018 годзе ў раёне іх было зарэгістравана толькі 9, то ў 2019 — ужо 20. З іх 17 — звязаныя з крадзяжом шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і 3 — з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі. У барацьбе з імі значная роля адводзіцца захаванню мер асабістай бяспекі грамадзянамі, іх пільнасці і асцярожнасці ў паўсядзённым жыцці.
За акрэслены перыяд пры ажыццяўленні нагляду за дарожным рухам супрацоўнікамі РАУС затрымана больш за 70 вадзіцеляў, што кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, спынена каля 4000 парушэнняў правілаў дарожнага руху, зарэгістравана 14 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 2 чалавекі загінулі і 13 атрымалі цялесныя пашкоджанні. Дарэчы, 4 ДТЗ адбыліся па віне вадзіцеляў, што знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама — пешаходаў і веласіпедыстаў.
Аддзелам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з райвыканкамам на пастаяннай аснове праводзіцца маніторынг змен сацыяльных фактараў, якія ўплываюць на крымінагенную абстаноўку ў раёне, выяўленыя праблемы разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама з вынясен-нем канкрэтных рашэнняў, накіраваных на іх ліквідацыю.
Па выніках работы за 2019 год найлепшых рэзультатаў у галіне прафілактыкі правапарушэнняў дасягнулі Паплаўскі сельскі выканаўчы камітэт і РК ГА “БРСМ”, дзейнасць якіх адзначана дыпломамі Бярэзінскага райвыканкама.
Даказала сваю эфектыўнасць і раённая акцыя “Дзень без спіртнога”, накіраваная на супрацьдзеянне п’янству і алкагалізму, якая праходзіць кожны чацвёрты чацвер месяца.
Праца праваахоўных органаў, мясцовай улады і зацікаўленых службаў па папярэджанні правапарушэнняў будзе працягнута і ў 2020 годзе. Мерапрыемствы сёлетняга Комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў распрацаваны з улікам крымінагеннай абстаноўкі, якая склалася на тэрыторыі раёна ў 2019 годзе.

Алена МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *