Праваслаўныя вернікі адзначылі Вадохрышча

Традыцыя на сямі крыніцах

Сёлета адчуваюцца па-сапраўднаму студзеньскія вадохрышчанскія маразы. Але яны ніяк не змянілі добрую традыцыю на сямі крыніцах.

У панядзелак, 18 студзеня, тут, у вёсцы Крупа, як звычайна з года ў год, адбылося святкаванне Хрышчэння Гасподня, ці Богаяўлення.

Вядома, назва Вадохрышча ці Богаяўлення звязана з тым, што пры хрышчэнні Сына Божага былі паказаны ўсе тры асобы Святой Тройцы: Бог Сын хрысціўся ў Іардане, Бог Айцец сведчыў пра яго голасам з нябёсаў і Бог Дух Святы сышоў з нябёсаў на Хрыста ў выглядзе голуба. Два дні запар — у Хрышчэнскую куццю (18 студзеня) і ў сам дзень Хрышчэння Гасподняга (19 студзеня) — у храмах пасля Боскай літургіі здзяйсняецца чын вялікага асвячэння вады.

Благачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі, протаіерэй Ілья Ганчарук і настаяцель храма Прэабражэння Гасподня, іерэй Васілій Васількоў здзейснілі ля святых крыніц вадасвятны малебен, а пасля благачынны Ілья акрапіў усіх прысутных святой вадой. Паўсюдна зіхацелі рознакаляровыя навагоднія агеньчыкі, імі былі ўпрыгожаны тэрыторыя святых крыніц, і купель, і званы. Усе жадаючыя маглі на месцы, у царкоўнай краме, набыць свечкі, каб запаліць іх падчас малітвы; паслухаць мелодыю званоў ад бярэзінскага званара Ліліі Пянкрат; паспытаць гарачай гарбаты, якай шчодра частаваў Мікалай Дзялендзік. Самыя смелыя адправіліся акунацца ў купелі, а іншыя ланцужком накіраваліся да крыніц за вадзічкай.

— Мы прыязджаем сюды пастаянна з Барысава, — гавораць Ірына і Рыгор Сабадаш. – Да такіх падарожжаў адлегласцю ў 45 кіламетраў ужо прызвычаіліся. Надта падабаецца тутэйшая “жывая” вада. Іншы раз бяром з сабой сына і дачушку, асабліва калі надвор’е добрае. І канечне, з асаблівым настроем далучаемся да святочных малебнаў, каб умацаваць і веру, і дух.

— Наша сям’я таксама часта наведваецца да святых крыніц, — гаворыць жыхарка Беразіно Таццяна Ермакова. – Аб карысных асаблівасцях крынічнай вады шмат вядома, і для мяне як для медыцынскага работніка гэта немалаважна. Варта кожнаму чалавеку ўдзяляць увагу і свайму духоўнаму свету, і фізічнаму стану.

Бярэзінскія “маржы” на гарадскім пляжы

У аўторак, 19 студзеня, на гарадскім пляжы па вуліцы Ульянава горада вадохрышчанскія дзействы мелі працяг. Тут протаіерэй Ілья Ганчарук і іерэй Васілій Васількоў здзейснілі вадасвятны малебен, пасля чаго дабрачынны Ілья акрапіў прысутных святой вадой, і паколькі ў Беларусі 19 студзеня адзначаўся Дзень выратавальніка, павіншаваў работнікаў МНС з прафесійным святам.

Дарэчы, выратавальнікі стаялі ў гэты дзень на варце і на беразе ракі, назіралі за парадкам разам са службай выратавання на водах, праваахоўнікі і медыкамі, частавалі бярэзінскіх “маржоў” гарачай гарбатай. Нягледзячы на маразы, у акунаннях удзельнічалі не толькі дарослыя, а і дзеці.

Так, пяцікласнік Данііл Шукан разам з бацькам акунаўся ў вадохрышчанскую купель адным з першых.

— Я “маржую” ўжо на працягу многіх гадоў, — гаворыць яго бацька Алег Сяргеевіч. – І сына далучаў з маленства. Таму яму зараз не страшны аніякі холад ці мароз.

Для жыхаркі Беразіно Надзеі Рагуцкай і Мікалая Літвінава з вёскі Лешніца Вадохрышча – дзень асаблівы. Калі моладзь іншы раз забывае перахрысціцца перад акунаннем, Мікалай Арцёмавіч усё робіць належным чынам і іншым раіць памятаць, што вадохрышчанскія акунанні – гэта не забава, не народны звычай і не, а ўдзел у таінстве судакранання са святыняй.

Перахрысціцеся трохразова, апусціцеся ў іарданскія воды, памаліцеся ў гэты момант аб сабе і сваіх блізкіх, каб Гасподзь схіліў міласць да вас, ачысціў грахі вашы і ўмацаваў вас на годным шляху жыцця, што вядзе ў Царства Нябеснае.

Вадохрышча — заключнае свята навагодне-каляднага цыкла. Ім завяршаецца цэлы ланцужок святочных традыцый і абрадаў, якія прыйшлі да нас з глыбіні стагоддзяў скрозь трансфармацыю часоў і культур, набыўшы велічную рэлігійную канву.

Алена ГРОМАВА, фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *