Праходзіць чэлендж “Прыбяром снег разам”

Прыйшла сапраўдная зіма. І “падкінула” шмат снегу. Таму РК ГА “БРСМ” прапануе чэлендж “Прыбяром снег разам”.

— Мы дапамагаем “змагацца” са снегам адзінокім, пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ды і проста ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу, — расказвае першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык. — Таксама валанцёры ачышчаюць помнікі ад снегу. З першых дзён чэленджа да яго далучыліся многія актывісты БРСМ з устаноў адукацыі. Самыя актыўныя — валанцёрскі атрад «Луч добра» з Любушанскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада-сярэдняй школы. Валанцёры ачысцілі снег каля помніка ў аграгарадку Любушаны. Шчырыя словы падзякі за дапамогу чулі ад Зінаіды Каранько. Яна сталая жанчына, 1930 года нараджэння, пражывае адна. І ёй ужо, вядома ж, складана самой прыбіраць снежныя навалы каля дома. А школьнікі – хутка ўправіліся.

Добра папрацавалі валанцёры Брадзецкай школы. Яны аператыўна расчышчалі снег каля дамоў, дзе пражываюць пажылыя людзі, інваліды. Вялікі дзякуй усім, хто далучыўся!

Нагадаем, што чэлендж “Прыбяром снег разам” працягваецца. Далучыцца можа кожны жадаючы. Галоўнае — жаданне дапамагчы. Можна нават зрабіць фотаздымак, адправіць на адрас brsm-berezino@mail.ru. За самыя крэатыўныя, эксклюзіўныя фотаздымкі пераможцаў чакаюць прыемныя сюрпрызы. Вынікі будуць падведзены
1 лютага!

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *