Праз інтэрнэт у тэставым рэжыме прыняў удзел у перапісе карэспандэнт «Бярэзінскай панарамы»

На мінулым тыдні ў Галоўным статыстычным упраўленні Мінскай вобласці прайшла чарговая сустрэча з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі сталічнага рэгіёна. Сярод іншых тэм, пра якія ішла гутарка, было закранута і пытанне маючага адбыцца перапісу насельніцтва. Стартуе ён, як вядома, ужо паслязаўтра, 4 чысла, і прадоўжыцца па 30 кастрычніка.

Як адзначыла намеснік начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці А.А Паляшчук, кампанія гэта – не толькі работа органаў дзяржаўнай статыстыкі, а і ўсіх жыхароў нашай рэспублікі. Да перапісу насельніцтва сталіч-
най вобласці прыцягваецца 1956 перапісчыкаў. Кожны з іх забяспечаны пасведчаннем, спецыяльнай сумкай з лагатыпам і планшэтам для правядзення перапісу. Перапісацца кожны з нас можа адным з трох спосабаў: самастойна праз інтэрнэт (з 4 па 18 кастрычніка), у працэсе абходу перапісчыкаў непасрэдна па месцах пражывання грамадзян (з 21 па 30 кастрычніка) або пры наведанні стацыянарных участкаў для перапісу на працягу ўсёй кампаніі з 4 па 30 чысло (нагадаем, у нашым раёне створаны два такія ўчасткі: у раённым цэнтры культуры і ў памяшканні Капланецкага сельвыканкама). Адпаведную вучобу перапісчыкі ўжо прайшлі.
Якому ж віду аддаць перавагу і што непасрэдна будзе патрэбна для ўдзелу ў перапісе? Найбольш прыймальным і зручным, на мой погляд, з’яўляецца інтэрнэт-перапіс. У яго перавагах я пераканаўся на ўласным вопыце, калі падчас мерапрыемства прайшоў перапіс у тэставым рэжыме. Усё, у тым ліку і задаваемыя пытанні, аказалася простым і даступным.
Але па парадку. Для інтэрнэт-перапісу неабходны ваш ідэнтыфікацыйны нумар, які ўказаны ў пашпарце, і… ваш мабільны тэлефон любой, нават самай простай мадэлі. Падключаемся да інтэрнэту. Заходзім на адзін з сайтаў www.census.by або www.перепись.бел, рэгіструемся — уводзім свой ідэнтыфікацыйны нумар. Тут жа на мабільнік паступае смс-паведамленне, якое ўтрымлівае код доступу, набраўшы які, вы трапляеце на анкету для перапісу.
Ад вас запатрабуецца адказаць на прыведзеныя пытанні. Напрыклад, месца вашага жыхарства. Звяртаю ўвагу: жыхарства, а не месца прабывання. Прычым, звесткі падаюцца іменна на 4 кастрычніка – дзень пачатку перапісу. Калі вы на гэтае чысло знаходзіліся ў камандзіроўцы ці за мяжой, указваеце прычыну сваёй адсутнасці і час, на працягу якога знаходзіліся ў іншым горадзе або краіне.
Неабходна будзе ўнесці звесткі аб вашым домаўладанні. Яго плошча прыводзіцца ў цэлых лічбах. Указваецца, ці забяспечана ваша жыллё цэнтралізаваным водаправодам, гарачай вадой, газам і г.д. Тут жа называецца колькасць хатніх гаспадарак. Гэта можа быць не абавязкова толькі ваша сям’я. У хатнюю гаспадарку ўключаюцца асобы, разам з якімі вы ведзяце сумесную гаспадарку і не абавязкова можаце быць звязаны кроўнымі або шлюбнымі зносінамі. Пацікавяцца ў вас наяўнасцю работы і прычынай, па якой вы пазбавіліся яе, ці мяркуеце выехаць за мяжу, у жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту запытаюць аб планах наконт прыбаўлення ў сямействе і г.д. Асобным раздзелам ідуць пытанні пра наяўнасць у вас прысядзібнага ўчастка, колькасці высаджаных на ім пладовых дрэў і колькасці свойскай жывёлы…
Паступова запаўняем графы анкеты. У выпадку, калі зададзенае пытанне патрабуе дадатковага тлумачэння, вы можаце атрымаць яго тут жа, клікнуўшы на невялічкі пытальнік у канцы кожнага пытання.
Пасля завяршэння работы па запаўненні анкеты адпраўляем яе на сервер, які ў зашыфраваным відзе захавае вашы адказы. Доступу да іх староннім асобам не будзе, дадзенныя строга канфідэнцыяльныя і не падлягаюць агалосцы.
Проста? Так. Калі ў вас мала часу, каб адказаць на ўсе пытанні адразу, вы можаце ў любы момант выйсці з інтэрнэту. У далейшым, калі надарыцца вольная хвілінка, вы, атрымаўшы новы код доступу, трапляеце на сваю анкету і працягваеце яе запаўняць з таго месца, на якім спыніліся. Калі ж узніклі цяжкасці і непаразуменні з самастойным правядзеннем перапісу, вы можаце пазваніць па бясплатным адзіным нумары — 8-801-100-3131 і атрымаць рэкамендацыі спецыялістаў.
Яшчэ адным значным плюсам удзелу ў перапісе праз інтэрнэт з’яўляецца тое, што вы можаце такім жа чынам, седзячы на канапе ў сваёй кватэры, перапісаць і сваякоў – састарэлых бацькоў, якія не валодаюць камп’ютарнымі навыкамі або пражываюць у аддаленай вёсцы, дзе няма інтэрнэту або ў іх няма мабільнага тэлефона. Для гэтага, указаўшы свае звесткі і зарэгістраваўшыся на сайце, вы можаце ўнесці неабходныя звесткі пра блізкіх вам людзей і тым самым пазбавіць іх дадатковых клопатаў.
Такім чынам, прыняць удзел у перапісе насельніцтва нашай краіны і выкарыстаць для гэтай мэты, як самы аптымальны варыянт, магчымасць прайсці перапіс непасрэдна з дапамогай інтэрнэту можа кожны. Калі ж з прапанаваных выбралі іншы варыянт, вас будзе чакаць сустрэча з перапісчыкамі або прадстаўнікамі мабільных груп, занятых перапісам. Бо гэтая важная дзяржаўная кампанія датычыцца ўсіх грамадзян.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *